Пасьля Надсана

Фрагмент з матэрыяла, падрыхтаванага Радыё Свабода пасля смерці апошняга з сузаснавальнікаў Скарынаўскай бібліятэкі а. Аляксандра Надсана.

Айцец Аляксандар Надсан быў унікальнай постацьцю ў беларускім сьвеце. А ў комплексе беларускіх установаў у паўночным Лёндане — у «беларускай вёсцы» — ён быў практычна ўсім. Што застаецца па ім пасьля таго, як ён пайшоў з жыцьця сёлета 15 красавіка?

Што сёньня чакае бібліятэку? Якія праблемы перад ёй стаяць? Якія варыянты далейшага разьвіцьця сытуацыі? Расказвае Ігар Іваноў, сакратар Апякунскай рады Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны:

Ігар Іваноў: Айцец пакінуў бібліятэку як грандыёзны праект зь вельмі выразнай візіяй — несьці асьвету пра Беларусь у Заходні сьвет. Гэтая візія і да сёньня застаецца рэлевантная. Яна палягае ў тым, каб зьбіраць беларусістыку і стварыць цэнтар, дзе людзі, якія цікавяцца Беларусьсю, маглі б пашыраць свае веды і інтарэсы. За 40 гадоў існаваньня бібліятэкі ў ёй пабывала тысяча дасьледнікаў, былі напісаныя дзясяткі кніг і артыкулаў пра Беларусь на самых розных мовах.

Цяпер сытуацыя крышачку мяняецца, бо мяняецца сьвет. Бібліятэка робіцца менш даступнай для дасьледчыкаў зь Беларусі, а Беларусь робіцца больш даступнай для дасьледчыкаў з замежжа. Таму бібліятэка будзе пераасэнсоўваць сваё месца. Думаю, што яна будзе больш разварочвацца ў бок беларускай грамады ў самой Брытаніі, бо тут зьяўляецца ўсё больш беларусаў, тут ёсьць маладое пакаленьне, якое прыехала сюды зь іншых прычынаў, чым паваенная хваля беларускіх эмігрантаў. Таму цяпер у бібліятэкі зьяўляецца новая задача — падтрымліваць культурныя патрэбы маладой беларускай эміграцыі.

Разам з тым роля бібліятэкі ў справе пашырэньня інфармацыі пра Беларусь у Брытаніі робіцца ўсё больш актуальнай, бо беларускі голас у Брытаніі не такі гучны. Бібліятэка можа быць грамадзкім цэнтрам, дзе людзі могуць зьбірацца, гэта месца, дзе гутарка можа весьціся і па-беларуску, і па-ангельску. Гэтае месца непрыватызаванае і непадцэнзурнае і павінна такім заставацца. Бо бібліятэка настолькі каштоўная, наколькі яна непадцэнзурная. Тым яна і ўнікальная сярод іншых арганізацыяў, яна павінна заставацца па-за ідэалёгіямі.

СШ: Значыць, выключаюцца ўсе варыянты залежнасьці бібліятэкі ад нейкай дзяржавы, напрыклад, Рэспублікі Беларусь?

ІІ: Залежнасьць выключаецца. Было б, вядома, добра супрацоўнічаць — бібліятэка заўсёды добра супрацоўнічала з рознымі арганізацыямі ў Беларусі, у тым ліку савецкай Беларусі. Добра вядомы факт, што значная частка фондаў бібліятэкі была атрыманая празь Бібліятэку Акадэміі навук Беларусі, зь якой у свой час існавала праграма абмену фондамі. Гэты абмен спыніўся, бо цяпер няма матэрыяльнага сэнсу гэта рабіць. Але заўсёды існавалі кантакты — са Скарынаўскім цэнтрам часоў Адама Мальдзіса, зь іншымі арганізацыямі і ўстановамі, гэта заўсёды было, хоць часам і мянялася, і гэтак яно будзе і ў будучыні. Але залежнасьці ня будзе, бібліятэка павінна заставацца голасам, які гаворыць да Беларусі — якой бы яна там ні была, да беларусаў у Брытаніі, да брытанскага грамадзтва.

СШ: Ці не магла б бібліятэка выконваць функцыю, падобную да той, якую маюць культурныя прадстаўніцтвы розных краінаў за мяжою — Інстытут Гётэ, Інстытут Сэрвантэса, British Council?

ІІ: Сама па сабе бібліятэка такую функцыю выконваць ня можа. Скарынаўская бібліятэка заўсёды была тут часткай большага беларускага праекту, і такой часткай яна застанецца. Было б, вядома, пажадана, каб у выніку ўсё гэта разьвілася ў нейкі грамадзка-культурны цэнтар.

СШ: Тут маглі б праводзіцца канфэрэнцыі, выставы, курсы беларускай мовы…

ІІ: Ёсьць самая новая ініцыятыва і, з майго гледзішча, вельмі цікавая — бібліятэчны абанэмэнт, якога тут ніколі не было. Сюды прыходзіць маладое пакаленьне — па нядзелях сюды прыходзяць на службу, разам з бацькамі прыходзяць дзеці — яны хочуць пазычаць кніжкі!

СШ: Хто б мог быць наступнікам айца Аляксандра як бібліятэкара?

ІІ: Айцец быў унікальны як асоба, і ягоная роля таксама была ўнікальная. Ягоная пасада ў бібліятэцы называлася «бібліятэкар». Але насамрэч ён — і заснавальнік, і філёзаф гэтай бібліятэкі, і яе натхняльнік. І я думаю, што замяніць яго «адзін да аднаго» немагчыма, дый ня трэба. У красавіку сёлета бібліятэка зноў была зарэгістраваная як дабрачынная арганізацыя (charity) паводле брытанскіх законаў. Гэта для нас вельмі значная падзея, бо гэта азначае, што ў вачах брытанскай дзяржавы бібліятэка выконвае вельмі важную культурную і грамадзкую ролю, робіць вельмі важны ўнёсак у жыцьцё гэтай краіны, яе сацыяльных і этнічных грамадаў. Гэта прызнаньне таго, што бібліятэка мае неабходны патэнцыял і энэргію. Гэта азначае таксама, што праца, якую Айцец пачынаў, будзе працягвацца — толькі іншымі людзьмі і ў іншых формах.

СШ: За кошт чаго існуе і будзе існаваць бібліятэка?

ІІ: Айцец у свой час здолеў сабраць даволі значныя фонды, каб забясьпечыць будучыню бібліятэкі. Дзякуючы гэтаму бібліятэка мае стабільнае становішча ў блізкай і сярэдняй пэрспэктыве. Фінансавая сытуацыя бібліятэкі будзе вельмі моцна залежаць ад таго, наколькі актыўна мы будзем шукаць і знаходзіць сродкі. Ёсьць прыклады таго, як гэта робяць іншыя бібліятэкі — напрыклад, польская бібліятэка ў Лёндане цалкам фінансуецца за кошт тэстамэнтаў сваіх суайчыньнікаў, а гэта велізарная бібліятэка. Магчыма, яны атрымліваюць пэўную тэхнічную дапамогу ад Польскай дзяржавы, але фінансава яны ад яе незалежныя. Як беларуская грамада ў Вялікабрытаніі мы павінны працаваць над тым, каб пераканаць нас саміх у важнасьць бібліятэкі ў нашым жыцьці, у жыцьці Беларусі. Таму ахвяроўваць грошы бібліятэцы, пакідаць ёй грошы тэстамэнтам, працаваць як валанцёр — высакародная справа. І мы ўжо маем прыклады таго, што беларусы з па-за Брытаніі падтрымліваюць бібліятэку — ужо цяпер рэалізуюцца праекты, дапамога на якія прыйшла з па-за Брытаніі, і не ад Беларускай дзяржавы.

0 replies on “Пасьля Надсана”