Вынікі нашае працы ў 2021 годзе

50-годзьдзе бібліятэкі

Скарынаўская бібліятэка ў Лондане віншуе ўсіх сяброў з Новым Годам! Новых пачаткаў усім вам, новых сілаў, і сьвятла і радасьці ў хату!

Для Скарынаўкі мінулы год быў юбілейным. Дзякуем усім, хто правёў яго з намі! Давайце разам азірнемся на здабыткі бібліятэкі ў 2021 :

  • Цудоўны юбілейны відыяролік Сашы Белавокай перадае дух, таямніцу і хараство Скарынаўкі.
  • 5 студзеня – “У Скарынаўцы за кавай” мы прымалі цудоўную Тацяну Касьцюковіч і Кацярыну Хэйгэйт-Браўн з гутаркай пра калядныя традыцыі беларусаў. відэа
  • 22 студзеня – “Беларускі нацыянальны супраціў – ад Касьцюшкі да Ціханоўскай” – сустрэча з гісторыкам Нінай Стужынскай у серыі “У Скарынаўцы за кавай” відэа
  • 12 лютага – “Чаму Тадэвуш Касьцюшка – беларускі герой?” – “У Скарынаўцы за кавай” пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў відэа
  • 18 лютага – у партнёрстве з Лонданскім універсітэцкім каледжам і Цэнтрам Астрагорскага бібліятэка ўзяла ўдзел у правядзеньні штогадовай канферэнцыі “Беларускія дасьледаваньні ў ХХІ стагодзьдзі” (запіс адной з панэляў канферэнцыі)
  • Сакавік – адбыліся два сэмінары па рэдагаваньні Вікіпэдыі напярэдадні Выклік ВікіПрагалу 2021” – конкурсу на стварэньне артыкулаў пра жанчынаў, які цягнуўся месяц. Стварылася невялікая група, якая і пасьля завяршэньня конкурсу працягвала працаваць. Да канца 2021 г. яна стварыла блізу ста новых артыкулаў, зрабіла тысячы правак у існыя артыкулы і запампавала дзясяткі рэпрадукцыяў аб’ектаў з калекцыі Скарынаўкі. Практычна ўсе знакавыя асобы й арганізацыі беларускай дыяспары ў Брытаніі цяпер маюць падрабязныя артыкулы па-беларуску, а многія – і па-ангельску. Артыкул пра анталёгію паэзіі “Як вада, як агонь” быў абраны ў прэстыжную катэгорыю добрых артыкулаў.
  • 5 сакавіка – “Жанчыны беларускага адраджэньня” – другая сустрэча з гісторыкам Нінай Стужынскай у серыі “У Скарынаўцы за кавай” відэа
  • 15 траўня – сьвяткаваньне 50-годзьдзя Скарынаўкі анлайн: круглы стол “50 гадоў беларускай бібліятэкі на Захадзе: Скарынаўка на скрыжаваньні стагодзьдзяў” з удзелам навукоўцаў, культурных дзеячоў, сяброў і заснавальнікаў бібліятэкі відэа
  • 5 чэрвеня – паэтычная вечарына анлайн з удзелам Вольгі Гапеевай і Эні Рудэрфард відэа
  • 19 чэрвеня – сям’я Сагаціс перадала на захаваньне ў архіў бібліятэкі “Лісты Юзэфы” (кароткі фільм “Jósefa’s Letters” зьняты Майклам Сагацісам)
  • 3 і 10 ліпеня – сябры бібліятэкі з дапамогай беларускай дыяспары зладзілі два сьвяткаваньні Купальля ў абмежаваным (пандэмійным) фармаце (запіс зь першага Купальля; запіс з другога)
  • У ліпені і жніўні бібліятэка прымала дасьледчыкаў – прафесара Андрэя Масквіна і вядомага гісторыка беларускай дыяспары Натальлю Гардзіенка. Спадарыня Гардзіенка разьбірала дакументы айца Льва Гарошкі – сьвятара, літаратара і грамадзкага дзеяча дыспары – і пакінула нам ягоны – першы ў бібліятэцы – прафесійна ўпарадкаваны і апісаны архіў.
  • 8 жніўня – бібліятэка далучылася да ўшанаваньня 95-годзьдзя зь дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана ў царкве сьв. Кірылы Тураўскага. Ва ўрачыстасьцях бралі ўдзел Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроці і Эпархіяльны Біскуп Кенэт Навакоўскі. Гісторык Натальля Гардзіенка зрабіла прэзентацыю пра жыцьцё й працу айца Аляксандра на аснове здымкаў і дакументаў, што захоўваюцца ў бібліятэчным архіве. Фотарэпартаж Сашы Белавокай.
  • 29 кастрычніка – сябры бібліятэкі і беларуская дыяспара зладзілі Ноч расстраляных паэтаў у царкве Сьв. Кірылы Тураўскага відэа
  • 3 сьнежня – Караліна Мацкевіч прадставіла бібліятэку Скарыны на круглым стале “Дасьледаваньні Беларусі і дасьледаваньні ў Беларусі” (Studying Belarus and Study in Belarus), які адбыўся анлайн у межах штогадовай канферэнцыі міжнароднай Асацыяцыі славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх дасьледаваньняў (ASEEES).
  • Сьнежань – у бібліятэцы пачаўся рамонт. У дадатак да абноўленага выгляду чытальнай залі, у будынку ўсталяваныя кандыцыянеры, якія створаць аптымальны тэмпературны рэжым для захаваньня калекцыі.
  • Цягам усяго году сябры чытацкага клубу пры бібліятэцы працягвалі апантана чытаць і абмяркоўваць творы яркіх беларускіх аўтараў – Сяргея Дубаўца, Наталкі Бабінай, Андрэя Мрыя, Юркі Віцьбіча, Евы Вежнавец, Вячаслава Адамчыка, Алеся Разанава, а зь некаторымі зь іх, як зь Евай Вежнавец і Альгердам Бахарэвічам, патрапілі яшчэ і сустрэцца анлайн. Спадзяемся, налета зможам аднавіць нашыя сустрэчы ва ўтульнай атмасферы Скарынаўкі.
  • Цягам усяго году працягвалася каталагізацыя і перанос кніжнай калекцыі ў падрыхтоўцы да рамонту, а з другой паловы году – праца над новым вэбсайтам, які запусьціцца ў 2022г.
  • Таксама цягам году разгарнулася праца над зборнікам артыкулаў у гонар 50-годзьдзя бібліятэкі пад рэдакцыяй Натальлі Гардзіенка, Джыма Дынглі і Караліны Мацкевіч. Зборнік мае выйсьці ў першай палове 2022г.

Нам не ўдалася б зрабіць і траціны ўсяго гэтага, калі б не неацэнная праца валаньцёраў – Ганны Шышла, якая за гэты год сталася неад’емнай часткай сям’і Скарынаўкі, ёйным маторам і добрай феяй; Ігара Іванова, нашага нязьменнага эксьперта-бібліятэказнаўцу, хто сваім натхненьнем, геніяльнымі ідэямі і велізарным уласным унёскам заўсёды падымае нам планку і рухае наперад; Сашы Белавокай, чыё мастацкае вока і прафесіяналізм дапамагае нам ствараць прыгажосьць і пакідае цудоўны візуальны летапіс бібліятэкі; Эка Прасэтыё, які ў выніку адной кароткай гаворкі і коштам нялічаных гадзінаў працы стварыў для бібліятэкі дасканала структураваны новы вэбсайт; Натальлі Райсанен, якая прыходзіць на дапамогу тады і там, дзе яна патрэбная, і прыносіць з сабою сьмех і радасьць. Дзякуй вялікі вам а таксама шматлікім беларусам дыяспары, многія зь якіх упершыню сёлета наведалі Скарынаўку і адразу ж пазналі яе за сваю, і з таго часу прыходзяць на талокі, дзе робяць усё магчымае і нават тое, што падаецца немагчымым.

І чакаем вас у Новым годзе!

0 replies on “Вынікі нашае працы ў 2021 годзе”