Дамова аб супрацы з Катэдрай беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту

ПРЭС-РЭЛІЗ

27 ліпеня 2026г., Лёндан

Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны мае гонар паведаміць аб падпісаньні дамовы аб супрацы з Катэдрай беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Камэнтуючы гэтую падзею, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Радаслаў Калета зазначыў, што “для Катэдры беларусістыкі гэтае супрацоўніцтва мае вялікае й сымбалічнае значэньне са шматлікіх прычынаў, асабліва ў кантэксьце сьвяткаваньня 70-годзьдзя беларусістыкі ў Варшаўскім унівэрсытэце. Перш за ўсё, дамова адкрывае студэнтам, асьпірантам і супрацоўнікам магчымасьць браць удзел у навуковых паездках і стажыроўках, знаёміцца з багатымі зборамі Бібліятэкі, якія маюць неацэннае значэньне для дасьледаваньня беларускае эміграцыі. Акрамя таго, разам з Бібліятэкаю мы ймкнёмся пашыраць цікавасьць да беларусістыкі ў сьвеце, найперш сярод маладых дасьледнікаў. Гэтаму будуць спрыяць супольныя навуковыя канфэрэнцыі, выдавецкія праекты, а таксама супрацоўніцтва ў адукацыйнай і асьветніцкай сфэрах.”

Караліна Мацкевіч, апякунка і куратарка Бібліятэкі, падкрэсьліла даўнія сувязі, якія лучаць дзьве ўстановы: “Колішнія кіраўнікі катэдры — прафэсары Аляксандар Баршчэўскі, Эльжбета Смулкова і Ніна Баршчэўская — былі добрымі сябрамі бібліятэкі і яе дырэктара айца Аляксандра Надсана. На падставе матэрыялаў бібліятэкі многія выкладчыкі і студэнты катэдры пісалі свае дасьледчыя працы. Тое, што падпісаньне дамовы адбываецца ў год стагодзьдзя айца Аляксандра, мае дадатковую сымбалічную вартасьць, бо працягвае ягоную працу па пашырэньні й разьвіцьці поля беларусазнаўчых дасьледаваньняў”.

Апякун бібліятэкі Павал Шаўцоў адзначыў што “Скарынаўка вельмі радая мець дамову аб супрацоўніцтве з адным с найбольш паважных і старажытных беларусазнаўчых цэнтраў у сьвеце. Хоць катэдра, якая сёлета сьвяткуе 70-годзьдзе, і бібліятэка, якой у траўні споўнілася 55 гадоў, супрацоўнічалі на працягу доўгіх дзесяцігодзьдзяў, мы спадзяемся, што гэтая дамова дапаможа вывесьці нашую сумесную працу на новы ўзровень і закласьці подмурак на гады наперад.”

0 replies on “Дамова аб супрацы з Катэдрай беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту”