Канфэрэнцыя «Новым імкненьням даць новыя формы»

Канфэрэнцыя «”Новым імкненьням даць новыя формы”. Вацлаў Ластоўскі і беларускія мовазнаўцы ў культурным дыскурсе 20-30-х гадоў» адбудзецца ў Скарынаўскай бібліятэцы 10–11 лістапада 2023 году ў гібрыдным фармаце — у ёй можна будзе ўзяць удзел зь любой кропкі.

Прапановы выступленьняў на тэмы, зьвязаныя з постацьцю і спадчынай Вацлава Ластоўскага, іншых вядучых мовазнаўцаў, і з гісторыяй беларускага мовазнаўства і беларусістыкі, просім дасылаць на адрас [email protected] да 10 верасьня 2023 году.

Працоўныя мовы: беларуская і ангельская.

Запрашаем усіх, хто займаецца як у гістарычнай, так і сучаснай пэрспэктыве спадчынай слынных мовазнаўцаў і літаратараў: Вацлава Ластоўскага, Максіма Гарэцкага, Язэпа Лёсіка і Сьцяпана Некрашэвіча ды іншых. Таксама да ўдзелу ў канфэрэнцыі запрашаюцца ўсе, хто міждысцыплінарна дасьледуе ідэі, тэорыі, тэксты прыгаданых мысьляроў і дасьледнікаў.

Партнэры Скарынаўскай бібліятэкі ў арганізацыі і правядзеньні  канфэрэнцыі:

  • Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча (Вільня),
  • Цэнтар Чэслава Мілаша пры Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялкіга (Коўна).

Карыстайцеся, калі ласка, хэштэгамі #Ластоўскі140 і #Lastouski140 у сацыяльных сетках для запісаў, датычных канфэрэнцыі і юбілею. Спампаваць постар.

У 20-я гады XX стагодзьдзя, калі адбываліся працэсы станаўленьня новай беларускай рэчаіснасьці, беларускае мовазнаўства адыгрывала вялізарную ролю ў інтэлектуальным і культурным дыскурсе, уплывала на гэты дыскурс і жывілася зь яго.

На тле гэтых працэсаў выразна вылучаецца постаць Вацлава Ластоўскага (1883–1938) — пісьменьніка, гісторыка, мовазнаўцы, этнографа, грамадзкага і палітычнага дзеяча. Сёлета — у год беларускай мовы і нацыянальнага адраджэньня — мы сьвяткуем ягонае 140-годзьдзе.

Таксама сёлета мы адзначаем юбілеі іншых нашых выбітных адраджэнцаў: пісьменьнікаў і мовазнаўцаў Максіма Гарэцкага (1893–1938), Язэпа Лёсіка (1883–1940), Сьцяпана Некрашэвіча (1883–1937). Разам з Ластоўскім яны былі сярод тых, хто закладаў асновы сучаснага беларускага мовазнаўства і гістарыяграфіі, ствараў слоўнікі, граматыкі, пісаў літаратуразнаўчыя агляды, стаяў ля вытокаў Інбелкульту і Беларускай акадэміі навук. Яны ж сталі аднымі зь першых ахвяраў сталінскага тэрору супраць нацыянальнай інтэлігенцыі.

Апрача самой канфэрэнцыі плянуецца шэраг імпрэзаў у Лёндане, у Летуве (Вільня, Коўна) і Польшчы (Варшава):

  • Вільня, лістапад 2023, Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча: Прэзэнтацыя выданьня фотаальбому з этнаграфічнай экспэдыцыі пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага 1928 году.
  • Лёндан, 10-11 лістапада 2023, Скарынаўская бібліятэка: Канфэрэнцыя «”Новым імкненьням даць новыя формы”. Вацлаў Ластоўскі і беларускія мовазнаўцы ў культурным дыскурсе 20-30-х гадоў».
  • Лёндан,  11 лістапада 2023, Скарынаўская бібліятэка: Прэзэнтацыя перавыданьня фотаальбому з этнаграфічнай экспэдыцыі пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага 1928 году.
  • Лёндан,  лістапад 2023, Скарынаўская бібліятэка: Выстава першых выданьняў і аўтографаў В. Ластоўскага,  С. Некрвшэвіча,  Я . Лёсіка,  М.  Гарэцкага.
  • Лёндан, лістапад 2023, Скарынаўская бібліятэка: Прэзэнтацыя кнігі “Мовазнаўчыя працы Вацлава Ластоўскага”, пад рэд. У. Гарбацкага, выдавецтва Скарына. 
  • Коўна, лістапад 2023, Цэнтар Чэслава Мілаша пры Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага: Прэзэнтацыя перавыданьня фотаальбому з этнаграфічнай экспэдыцыі пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага 1928 году.
  • Лістапад-сьнежань, 2023: Анлайн-прэзэнтацыя выставы рэдкіх выданьняў і аўтографаў В.Ластоўскага ў калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі і куратарская экскурсія па выставе “Няскораныя”.
  • Вільня, лістапад 2023, Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча: Сустрэча з унукам Вацлава Ластоўскага і Марыі Ластаўскене, Рымантасам Матулісам.
  • Вільня, лістапад 2023: Прэзэнтацыя кнігі “Мовазнаўчыя працы Вацлава Ластоўскага”, пад рэд. У. Гарбацкага, выдавецтва Скарына. 
  • Вільня, лістапад/сьнежань 2023, Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча / Цэнтар Чэслава Мілаша пры Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага: Круглы стол, прысьвечаны В. Ластоўскаму.
  • Варшава, сьнежань 2023, Катэдра беларусістыкі, Варшаўскі ўнівэрсытэт, Прэзэнтацыя кнігі “Мовазнаўчыя працы Вацлава Ластоўскага”, пад рэд. У. Гарбацкага, выдавецтва Скарына. 
  • Коўна, сьнежань 2023, Цэнтар Чэслава Мілаша пры Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага: Прэзэнтацыя кнігі “Мовазнаўчыя працы Вацлава Ластоўскага”, пад рэд. У. Гарбацкага, выдавецтва Скарына.
0 replies on “Канфэрэнцыя «Новым імкненьням даць новыя формы»”