Першая кніга беларускага выдавецтва ў Лёндане

У 2022 годзе ў Беларусі прыпынілі дзейнасьці або зачыніліся некалькі выдавецтваў, якія выдавалі значную частку беларускамоўнай літаратуры. Найчасьцей гэта адбывалася з-за палітычнага ціску на ўласьнікаў і супрацоўнікаў, многія зь іх былі вымушаныя пакінуць краіну.

Гэта стала каталізатарам для выдавецкай дзейнасьці ў дыяспары, у тым ліку – стварэньня выдавецтва Skaryna Press у Лёндане.

Першай кнігай выдавецтва сталі жыцьцярадасныя “Бэйруцкія апавяданьні” клясыка ўкраінскае літаратуры Агатангела Крымскага. Напісаныя больш за сто гадоў таму, яны застаюцца актуальнымі дагэтуль: у жывой, захапляльнай форме яны распавядаюць пра жыцьцё ў Бэйруце – буйным шматэтнічным горадзе ў тагачаснай Сырыі (цяпер – сталіца Лібану) – пры калянізатарах: французах, расейцах, брытанцах.

Для беларускай аўдыторыі Агатангел Крымскі заставаўся дагэтуль практычна невядомым аўтарам, хоць і нарадзіўся ён у крымскататарскай сям’і беларускага паходжаньня. Для ўкраінскай культуры ён, аднак – таленавіты тытан слова і прынцыповы дасьледнік.

Цудоўны пераклад на беларускую мову зрабіў Уладзіслаў Гарбацкі, супрацоўнік Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні.

Кнігу можна набыць у выдавецтве і праз інтэрнэт-кнігарні.

0 replies on “Першая кніга беларускага выдавецтва ў Лёндане”