
14 студзеня 1926 г., сто гадоў таму, у Вілейскім раёне нарадзіўся Янка Філістовіч — беларускі партызан, удзельнік збройнага антысавецкага супраціву, дзеяч беларускай эміграцыі.
У архівах Бібліятэкі імя Скарыны захоўваецца некалькі асабістых дакумэнтаў Янкі Філістовіча: асабістыя пасьведчаньні і даведкі, выдадзеныя ў польскім войску ў 1945 годзе і пазьней у часы парыскае эміграцыі.


Пасьля вайны Філістовіч, як і тысячы палітычна актыўных, нацыянальна сьвядомых беларусаў, апынуўся ў Францыі. Там ён вывучаў гісторыю ў Сарбонскім унівэрсытэце, а таксама ў Лёванскім унівэрсытэце ў Бэльгіі. У эміграцыі Філістовіч актыўна ўдзельнічаў у беларускім руху: быў выдаўцом часопісу і адным з лідараў беларускай моладзевай арганізацыі ў Францыі.


У Парыжы Янка Філістовіч наладзіў кантакт з Старшынём Рады БНР Міколам Абрамчыкам. У 1951 годзе ён быў прыняты ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і прызначаны ўпаўнаважаным прадстаўніком ураду БНР на акупаванай тэрыторыі Беларусі.

Адданы ідэі беларускай незалежнасьці, Філістовіч узяўся за надзвычай небясьпечную місію — усталяваньне сувязі паміж беларускімі эміграцыйнымі структурамі і падпольлем у БССР. Пасьля трохмесячнай падрыхтоўкі на базе Каўфбойрэн у Баварыі 9 верасьня 1951 году ён быў закінуты ў Беларусь.
Праз сваякоў яму ўдалося выйсьці на невялікую партызанскую групу, якая дзейнічала на тэрыторыі тагачаснага Ільлянскага раёну. Філістовіч узяў на сябе камандаваньне групай, спрабуючы надаць ёй рысы вайскова-палітычнай арганізацыі: уводзіў дысцыпліну, праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку.
5 верасьня 1952 году МГБ БССР правяло апэрацыю па ліквідацыі групы. Філістовічу ўдалося ўцячы, аднак празь некалькі дзён, у выніку здрады, ён быў арыштаваны савецкімі карнымі ворганамі.
Так званы “судовы працэс” пачаўся 17 кастрычніка 1953 году ў Менску. Ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі прысудзіў Янку Філістовіча да сьмяротнага пакараньня, якое, паводле наяўных зьвестак, было выканана пасьля 11 лістапада 1953 году. Ягоныя сваякі і паплечнікі таксама сталі ахвярамі рэпрэсіяў.
Грунтоўныя дасьледаваньні Аляксандра Лукашука, прысьвечаныя Янку Філістовічу, — “Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста” і перавыданьне “Вяртаньне нацыяналіста” — даступныя на Камунікаце.