
У студзені да нашай музэйнай калекцыі дадаўся рэдкі артэфакт – дасьледніца Сьвятлана Лясовіч перадала нам берасьцянік, выраблены беларускім майстрам-рэканструктарам Валерыем Зінкевічам.
Тэхналёгія аплятаньня ганчарных вырабаў берастой узьнікла як мэтaд рэнавацыі пашкоджанай керамікі (параўнайце з кінцугі – японскай тэхнікай склейваньня парцаляны). На тэрыторыі сучаснае Беларусі, Літвы і Латвіі археолягі знаходзяць артэфакты зь сьлядамі аплёткі з часоў нэаліту (Асавец 2, Беларусь). Этнаграфічна тэхніка праіснавала да 1950-х гадоў, а ў нашыя часы амаль загінула, як і шматлікія старыя тэхналёгіі, якія выцесьніў масава-прадукаваны посуд. Цяпер берасьцянікі можна сустрэць толькі ў музэях і прыватных калекцыях.
Валеры Зінкевіч займаецца аднаўленьнем гэтай тэхнікі з 1997 году. У 2023 годзе тэхніка аплятаньня керамікі берастой у Віцебскай вобласьці была ўнесеная ў Дзяржаўны сьпіс нематэрыяльнае культурнае спадчыны Беларусі: https://living-heritage.by/nks/8233/.
Валеры Зінкевіч (нар. 23.03.1964; Салдус, Латвія) — Народны майстар Рэспублікі Беларусь. Ганчар. Спэцыялізуецца ў этнаграфіі, археалёгіі, рэканструкцыі. Працаваў у браслаўскім Музэі традыцыйнай культуры. У Польшчы займаецца будовай музэяў на вольным паветры: Волін, Біскупін, Асада Славутова.
Шчыра дзякуем майстру за каштоўны падарунак!