«Наш боль — наш абавязак»: Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі і роля айца Аляксандра Надсана

Айцец Аляксандар Надса. Фота: Скарынаўка

Сёньня спаўняецца сорак гадоў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, найбольшай тэхнагеннай экалягічнай катастрофы ў гісторыі Беларусі і Эўропы.

Беларусь больш за іншыя краіны пацярпела ў выніку Чарнобыльскай катастрофы. Значная частка яе тэрыторыі была забруджаная радыяцыяй, а наступствы для здароўя людзей з кожным годам станавіліся ўсё больш відавочнымі. Адначасова з гэтым савецкая эканоміка і сыстэма аховы здароўя знаходзіліся ў стане заняпаду, у беларускіх шпіталях часта не хапала нават базавага абсталяваньня і матэрыялаў. У гэтых умовах асаблівую ролю адыграла ініцыятыва беларускай эміграцыі па дапамозе пацярпелым.

У Лёндане напрыканцы 1980-х гадоў быў створаны Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі (Byelorussian Radiation Relief Appeal). Яго ініцыятарам і галоўным рухавіком стаў апостальскі візытатар для беларусаў а. Аляксандар Надсан, адна з ключавых постацяў беларускага замежжа.

Менавіта ён здолеў ператварыць боль за радзіму ў канкрэтнае дзеяньне. У сваіх зваротах а. Аляксандар падкрэсьліваў, што трагедыя Чарнобылю не павінна прывесьці да роспачы, але мусіць стаць выклікам і натхненьнем дзейнічаць. Гэтая думка была сфармуляваная ў кароткім, але ёмістым дэвізе Камітэту: “Our pain — our duty”, “Наш боль – наш абавязак”.

Пад кіраўніцтвам а. Аляксандра Камітэт аб’яднаў беларусаў замежжа і сяброў Беларусі ў розных краінах. Была створаная сетка прадстаўнікоў у Вялікай Брытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Францыі ды іншых дзяржавах. Гэта дазволіла наладзіць сыстэматычны збор ахвяраваньняў і ператварыць яго ў рэальную дапамогу.

Сродкі, сабраныя Камітэтам, ішлі перадусім на закуп мэдыкамэнтаў і мэдычнага абсталяваньня для найбольш пацярпелых рэгіёнаў Беларусі. Ужо ў 1990 годзе сталі магчымымі першыя буйныя пастаўкі лекаў і шпітальнага абсталяваньня. Усяго за гэты год Камітэт сабраў больш за 32 тысячы фунтаў — значную суму для грамадзкай ініцыятывы таго часу.

Ня менш важным кірункам дзейнасьці стала інфармацыйная праца. Камітэт выдаваў матэрыялы на беларускай, ангельскай і францускай мовах, даносячы да міжнароднай супольнасьці праўду пра маштаб катастрофы. Паводле гэтых ацэнак, больш за чвэрць тэрыторыі Беларусі, дзе жылі мільёны людзей, у тым ліку сотні тысяч дзяцей, была закранутая радыяцыйным забруджаньнем, што прыводзіла да росту цяжкіх захворваньняў.

Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі стаў прыкладам таго, як дзякуючы асабістай ініцыятыве і аўтарытэту аднаго чалавека можна мабілізаваць шырокую салідарнасьць і ператварыць яе ў канкрэтную дапамогу. У гэтым сэнсе дзейнасьць а. Аляксандра Надсана — гэта ня толькі старонка гісторыі Чарнобылю, але і важны досьвед беларускай грамадзкай адказнасьці.

0 replies on “«Наш боль — наш абавязак»: Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі і роля айца Аляксандра Надсана”