
Беларуская бібліятэка і музэй імя Ф. Скарыны і Інстытут беларускае мовы запрашаюць да ўдзелу ў моўным сымпозіюме ў гонар стагодзьдзя айца Аляксандра Надсана, які пройдзе 18-19 верасьня 2026 г. ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане і онлайн.
Адносіны да якой-колечы мовы – найлепшы паказьнік нашых адносінаў да народу, які зьяўляецца яе носьбітам. A. Аляксандар Надсан
Айцец Аляксандaр Надсан – сьвятар, навукоўца, дзеяч беларускай эміграцыі, зрабіў унёсак у многія дысцыпліны.
Велізарным быў ягоны даробак як лінгвіста і перакладніка літургічных і біблійных тэкстаў. Архівы Скарынаўскае бібліятэкі захоўваюць каштоўную перапіску айца з заходнімі беларусістамі і мовазнаўцамі ў Беларусі, рукапісы і цэлы корпус літургічных тэкстаў у ягоным перакладзе.
Сымпозіюм мае на мэце прыцягнуць увагу навуковае супольнасьці да ўнёску айца Аляксандра Надсана ў мовазнаўства і агулам у беларускі гуманітарны дыскурс і стымуляваць дасьледаваньні філёлягаў, зьвязаныя зь ягонай спадчынай.
Тэматычныя напрамкі сымпозіюму:
– моўная спадчына айца А. Надсана ў кантэксьце беларускай мовазнаўчай традыцыі;
– падыходы айца А. Надсана да біблійнага перакладу;
– стан і папаўненьне мовазнаўчае калекцыі Скарынаўскае бібліятэкі;
– стварэньне корпусу тэкстаў А. Надсана;
– выданьне неапублікаванае спадчыны А. Надсана;
– рэдкія выданьні ў фондах бібліятэкі;
– дасьледаваньні мовы беларускае дыяспары;
– прэзэнтацыя кнігі Уладзіслава Гарбацкага, якая прадстаўляе інтэлектуальны партрэт А. Надсана.
Тэзісы выступаў будуць апублікаваныя на вэбсайце Скарынаўскай бібліятэкі. Па выніках мерапрыемства плянуецца выданьне зборніка матэрыялаў.
Мовы мерапрыемства: беларуская, ангельская.
Заяўкі на ўдзел дасылайце да 1 чэрвеня 2026 г. праз форму.
Па ўсіх пытаньнях зьвяртайцеся на адрас: instytutbelmovy@gmail.com.