Беларуская царква ў сьпісе 100 найважнейшых будынкаў Брытаніі першай чвэрці XXI ст.

Беларуская царква ў Лёндане ўвайшла ў афіцыйны сьпіс 100 найважнейшых брытанскіх будынкаў першай чвэрці XXI стагодзьдзя.

Рэйтынг склала аўтарытэтная грамадзкая арганізацыя Таварыства Дваццатага Стагодзьдзя (Twentieth Century Society), якая ўваходзіць у лік шасьці структур, упаўнаважаных кансультаваць брытанскую дзяржаву ў пытаньнях архітэктурнай спадчыны і займаецца будынкамі, узьведзенымі пасьля 1914 году.

Сьпіс 100 выбітных будынкаў XXI стагодзьдзя апублікаваны асобнаю кнігай.

Беларуская царква апынулася ў адным шэрагу з такімі архітэктурнымі шэдэўрамі, як галерэя Тэйт Модэрн, хмарачос “Гурок” у лёнданскім Сіці, стадыён Уэмблі і будынкі валійскага й шкоцкага парлямэнтаў.

Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і Ўсіх Сьвятых Заступнікаў Беларускага Народу была пабудаваная ў 2016г. на замову Ватыкану для беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі з нагоды 30-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы.

Беларуская царква разьмешчаная ў паўночным Лёндане побач зь іншымі знакавымі для Беларусі будынкамі – хрысьціянскім грамадзкім цэнтрам Марыян-Гаўз і Бібліятэкай імя Францішка Скарыны. Яна стала першай драўлянай царквой, пабудаванай у Лёндане пасьля Вялікага пажару 1666 г., і першай беларускай царквой у замежжы, пабудаванай адмыслова для беларускіх вернікаў.

Унікальны праект царквы стаў вынікам маштабных палявых дасьледаваньняў, праведзеных у Беларусі. У працы над мадэльлю брытанскі архітэктар Цзывай Со таксама карыстаўся фотаздымкамі драўляных цэркваў з альбому экспэдыцыі В. Ластоўскага, арыгінал якога захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы. Аўтар праекту імкнуўся перадаць дух беларускага драўлянага дойлідзтва, моцна пацярпелага ў XX стагодзьдзі.

Сьвятыня арганічна злучае розныя эпохі. Яна захоўвае традыцыйныя рысы — двухсхільны дах, драўляную ашалёўку фасадаў і адметны барочны купал з сонцападобным крыжам, — адначасова прапаноўваючы сучасныя архітэктурныя рашэньні. Адной з найбольш адметных рысаў зьяўляюцца хвалістыя вертыкальныя драўляныя сьцены. Схаваныя пад столлю вокны сьвецяцца ўначы — далікатнае зьзяньне ў памяць тых, хто загінуў у драўляных цэрквах, спаленых нацыстамі падчас Другой сусьветнай вайны.

Уключэньне царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага царквы, непасрэдна натхнёнай беларускай архітэктурнай традыцыяй, яшчэ больш замацоўвае яе статус як сымбалю беларускай культуры, прызнанага на міжнародным узроўні, і падкрэсьлівае яе ўнёсак у архітэктурную спадчыну Вялікай Брытаніі.

0 replies on “Беларуская царква ў сьпісе 100 найважнейшых будынкаў Брытаніі першай чвэрці XXI ст.”