
Сёлета фонды Бібліятэкі імя Скарыны папоўніліся рэдкім выданьнем — працай ксяндза Станіслава Баніфацыя Юндзіла “Zoologia krótko zebrana. Część druga. Ptastwo” (“Кароткі зборнік заалёгіі. Частка другая: Птушкі”), надрукаванай у 1825 годзе – роўна дзьвесьце гадоў таму.

Гэта адна зь першых сыстэматызаваных кнігаў па арніталёгіі Беларусі і Літвы, створаная на аснове назіраньняў за жывой прыродай тэрыторыяў былога Вялікага Княства Літоўскага. Юндзіл, нараджэнец Лідчыны і манах ордэну піяраў, выкладаў у Віленскім унівэрсытэце, загадваў віленскім батанічным садам і быў адным з найбольш аўтарытэтных натуралістаў свайго часу. У кнізе ён старанна апісвае мясцовых птушак — іхныя выгляд, паводзіны, месцы гнездаваньня, карысьць і шкоду для чалавека.

Для нас гэта выданьне ўяўляе асаблівую каштоўнасьць, бо адлюстроўвае стан ведаў пра фаўну нашага рэгіёну ў пачатку XIX стагодзьдзя і зьяўляецца важным помнікам віленскай навуковай традыцыі.
