Сто год з нараджэньня Янкі Запрудніка

9 жніўня — 100 гадоў з дня нараджэньня Янкі Запрудніка (1926–2022)

Сёньня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Янкі Запрудніка (сапр. Сяргей Вільчыцкі) — гісторыка, публіцыста, аднаго з найбольш выбітных дзеячоў беларускай пасьляваеннай эміграцыі, чалавека, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў беларускай справе.

Прайшоўшы шлях ад лягераў для перамешчаных асобаў у Нямеччыне празь Вялікую Брытанію, Бэльгію і Злучаныя Штаты Амэрыкі, ён стаў адным з галоўных інтэлектуалаў беларускай дыяспары і аўтарам працаў, што адкрылі гісторыю Беларусі англамоўнаму сьвету.

У калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі захоўваецца шэраг унікальных матэрыялаў, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю Янкі Запрудніка. Сярод іх — падшыўка часопіса «Наперад», які ён выдаваў разам з адзінадумцамі. Асаблівую каштоўнасьць мае першы нумар, надрукаваны яшчэ ў дарозе зь лягераў для перамешчаных асобаў у Нямеччыне ў Вялікабрытанію. У ім зьмешчаны верш маладога Запрудніка, падпісаны ягоным літаратурным псэўданімам Сяргей Ясень.

Таксама ў нашым архіве захоўваюцца партрэт Янкі Запрудніка студэнцкіх часоў працы Міхася Саўкі-Міхальскага, друкапіс ягонай доктарскай дысэртацыі з аўтарскім аўтографам, а таксама адно з галоўных дасьледаваньняў гісторыка — Belarus: At a Crossroads in History (1993) разам зь беларускім выданьнем «Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях» (1996). Гэта кніга ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў застаецца адной з найважнейшых англамоўных працаў па гісторыі Беларусі.

0 replies on “Сто год з нараджэньня Янкі Запрудніка”