90 гадоў з дня нараджэння Веры Рыч, ангельскай паэткі, перакладніцы з беларускай і ўкраінскай моваў

Вера Рыч (Vera Rich/Faith Elizabeth Joan Rich 1936-2009). Фота: Скарынаўка

24 красавіка споўнілася 90 гадоў з дня нараджэньня Веры Рыч – ангельскае паэткі, журналісткі і перакладніцы беларускай і ўкраінскай паэзіі на ангельскую мову. 

Як ніхто іншы Вера Рыч спрычынілася да папулярызацыі беларускай літаратуры на Захадзе, і найбольш значным ейным дасягненьнем стала першая англамоўная анталёгія беларускай пэзіі “Like Water, Like Fire” (1971). Выдадзеная у часы жалезнай заслоны пад эгідай ЮНЭСКА, анталёгія ўключае творы 41 аўтара ХІХ і ХХ-га стагодзьдзя і дагэтуль застаецца непераўзыдзенай па сваім маштабе і мастацкай вартасьці перакладаў. 

Пасьля публікацыі, анталёгія знаходзілася пад  пагрозай зьнішчэньня з боку камісіі Савецкай Беларусі па справах ЮНЭСКА. Пратэст савецкіх чыноўнікаў выклікала выява Пагоні на вокладцы, да якой было дададзенае тлумачэньне: “The Pahonia (knight on horseback) was the ancient seal and coat of arms of the Grand Duchy of Lithuania-Ruś to which the poets of the Byelorussian renaissance of the early twentieth century considered themselves the spiritual heirs”. Пад пагрозай канфіскацыі ўсяго накладу крамольную вокладку давялося замяніць на нэўтральную блакітную – ацалелі адзінкавыя асобнікі, якія сталі бібліяграфічнай рэдкасьцю. Апроч таго, шэраг аўтараў былі выкрасьленыя зь сьпісу, а іншыя меншыя, але лаяльныя да савецкае ўлады паэты былі дададзеныя. Але нават у такім цэнзураваным выглядзе анталёгія сталася знакавай падзеяй, адкрываючы багацьце беларускай літаратуры заходняму чытачу, а прадмова Веры Рыч і дагэтуль гучыць як сапраўдны маніфэст беларускасьці.

Драматычнай гісторыі выданьня анталёгіі прысьвечаны артыкул “Савецкая канфіскацыя анталёгіі ЮНЭСКА” ў эміграцыйнай газэце “Беларус”, сакавік 1972 г.

Вера Рыч была шматгадовай парафіянкай беларускай каталіцкай царквы ўсходняга абраду ў Лёндане. Тут, у новай царкве, яна была пахаваная. Урачыстая паніхіда ў памяць Веры Рыч адбудзецца 25 красавіка 2026 г. а 17:30 у царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага, Marian House, Holden Avenue N12 8HY.

0 replies on “90 гадоў з дня нараджэння Веры Рыч, ангельскай паэткі, перакладніцы з беларускай і ўкраінскай моваў”