1. Уводзіны
1.1. Мэта архіву Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны — забясьпечыць захаваньне на будучыню архіўнай спадчыны, даверанай установе, і зрабіць яе шырока даступнай у сучаснасьці.
1.2. Архівы — гэта сукупнасьці дакумэнтаў, якія натуральным чынам назапашваюцца ў працэсе жыцьця і дзейнасьці арганізацыі або асобы. Звычайна яны клясыфікуюцца або вызначаюцца паводле іх паходжаньня (г. зн. паводле арганізацыі, якая іх стварыла або захоўвала), а не паводле тэматыкі дакумэнтаў, якія яны ўтрымліваюць. Гэтыя архіўныя калекцыі, у якіх значнасьць кожнага асобнага дакумэнта ўзрастае дзякуючы яго сувязі з усёй сукупнасьцю, зьяўляюцца нашымі найбольш значнымі зборамі, хоць мы таксама камплектуем асобнымі рукапісамі, а таксама друкаванымі і выяўленчымі матэрыяламі.
1.3. Гэтая палітыка камплектаваньня ўтрымлівае зьвесткі пра гісторыю і кіраваньне архівам Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны. У ёй акрэсьліваецца аб’ём нашых калекцыяў — як з пункту гледжаньня геаграфічнага ахопу, так і тыпу збораў — і тлумачыцца, якім чынам мы разьвіваем гэтыя калекцыі. У ёй таксама апісваецца, як архівы набываюцца і апрацоўваюцца. Асобна — Палітыка захаваньня, якая будзе рэгуляваць пытаньні фізычнага догляду за калекцыямі, будзе распрацаваная дадаткова.
2. Гісторыя і кіраваньне
2.1. Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны была заснаваная ў Лёндане ў 1971 годзе з мэтай пашырэньня ведаў пра Беларусь і падтрымкі навуковых дасьледаваньняў, зьвязаных зь Беларусьсю, за межамі Беларусі, якая ў той час уваходзіла ў склад Савецкага Саюзу. Архіўныя матэрыялы заўсёды былі неад’емнай часткай збору, пачынаючы з матэрыялаў, якія заснавальнікі Бібліятэкі — біскуп Чэслаў Сіповіч, а. Леў Гарошка і а. Аляксандар Надсан — перадалі Бібліятэцы. Многія беларусы, якія жылі ў дыяспары, перадавалі свае асабістыя зборы ў Беларускую бібліятэку і музэй імя Францішка Скарыны. Некаторыя ўстановы беларускай дыяспары таксама перадавалі свае архівы на захаваньне ў Бібліятэку.
2.2. У 2015 годзе Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны перагледзела і пашырыла сваю місію, узяўшы на сябе абавязкі камплектаваць і захоўваць артэфакты беларускага народу, падтрымліваць жыцьцё беларускай супольнасьці ў Вялікабрытаніі, спрыяць навуковым дасьледаваньням, зьвязаным зь Беларусьсю, і пашыраць веды пра Беларусь сярод брытанскай грамадзкасьці. Архіў адыгрывае важную ролю ў рэалізацыі гэтых абавязкаў.
2.3. Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны зьяўляецца зарэгістраванай дабрачыннай арганізацыяй у Ангельшчыне і Ўэйлзе; ёю кіруе Рада папячыцеляў. Фінансаваньне ажыцьцяўляецца за кошт добраахвотных ахвяраваньняў і інвэстыцыяў установы, што забясьпечвае незалежнасьць Бібліятэкі ад якіх-небудзь канкрэтных дзяржаўных органаў.
3. Аб’ём калекцыі
3.1. Геаграфічны ахоп
Наша палітыка камплектаваньня ахоплівае ўсе архівы, зьвязаныя зь беларускай дыяспарай, асабліва ў Брытаніі і Заходняй Эўропе. Улічваючы гісторыю Беларусі і ролю агрэсіўных ідэалёгіяў у зьнішчэньні беларускай матэрыяльнай культуры, падаўленьні асобных аспэктаў калектыўнай памяці і абмежаваньні грамадзянскіх свабодаў, Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны вітае матэрыялы, якія ўстановам, што знаходзяцца ў Беларусі, магло б быць немагчыма або цяжка камплектаваць, захоўваць і рабіць даступнымі.
3.2. Носьбіты
Мы камплектуем архівы на ўсіх носьбітах. Трохмерныя артэфакты, аднак, звычайна змяшчаюцца ў нашай музэйнай калекцыі.
3.3. Храналягічны пэрыяд
Мы камплектуем усе архівы, якія адпавядаюць нашай палітыцы камплектаваньня, незалежна ад даты іх стварэньня.
3.4. Друкаваная эфэмэрная прадукцыя
Такія матэрыялы, як улёткі, праграмы, плякаты і выразкі з газэтаў, могуць набывацца для калекцыі.
3.5. Прэсавыя выразкі
Выразкі з газэтаў і часопісаў, а таксама здымкі вэб-старонак, якія адпавядаюць кірункам камплектаваньня, могуць набывацца. Яны будуць дадавацца ў калекцыю прэсавых выразак.
3.6. Выяўленчыя матэрыялы
Установа будзе імкнуцца набываць выяўленчыя матэрыялы, у тым ліку фатаграфіі, паштоўкі і эстампы, пераважна ў тых выпадках, калі яны адлюстроўваюць пэўныя аспэкты жыцьця беларускай дыяспары.
4. Разьвіцьцё нашых архіўных калекцыяў
4.1. Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны заўсёды імкнецца садзейнічаць пошуку найбольш адпаведнага месца для захаваньня матэрыялаў. З гэтай прычыны мы будзем супрацоўнічаць зь любой установай, якая дзейнічае ў межах нашага кірунку камплектаваньня. Калі мы палічым гэта неабходным, будзе прапанавана захоўваць гэтыя матэрыялы ў Вялікабрытаніі.
4.2. У дачыненьні да любых матэрыялаў пры іх набыцьці будуць зробленыя ўсе магчымыя захады для высьвятленьня статусу аўтарскіх правоў.
5. Як нашы архівы набываюцца і апрацоўваюцца
5.1. Мы набываем архіўныя калекцыі ў выглядзе дару або завяшчальнага дарэньня, а таксама шляхам куплі або перадачы.
5.2. Калі архіўныя калекцыі або асобныя дакумэнты могуць быць набытыя толькі праз куплю і лічацца важнымі ў агульным кантэксьце нашых збораў, мы будзем імкнуцца набыць іх такім чынам, выкарыстоўваючы, дзе магчыма, зьнешняе фінансаваньне.
5.3. Як правіла, пасьля адбору і пастаноўкі на ўлік архівы будуць захоўвацца пастаянна. Аднак мы пакідаем за сабой права перыядычна пераглядаць архівы, якія захоўваюцца, і ў выпадку неабходнасьці, з улікам дасьледчага выкарыстаньня гэтых архіваў, рэкамэндаваць выбыцьцё архіваў, якія не лічацца вартымі пастаяннага захаваньня. Перад выбыцьцём архіваў заўсёды будзе запытвацца дазвол іх дэпазытараў.
Верасень 2015 г.