20 ліпеня споўнілася 95 гадоў з дня нараджэньня Гая Пікарды — лёнданскага юрыста і музыколяга, які на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў адкрываў сьвету беларускую культуру. Як напісаў у сваім некралёгу прафэсар Арнольд Макмілін, “мала хто з заходнікаў зрабіў больш для папулярызацыі беларускай культуры за мяжой, чым англа-францускі юрыст Гай Пікарда”.

Гай Пікарда нарадзіўся ў Тотэнгэме на поўначы Лёндану ў сям’і француска-брэтонскага і англа-ірляндзкага паходжаньня. Ягоны бацька быў вядомым францускім юрыстам. Ён скончыў самыя прэстыжныя ўнівэрсытэты Вялікай Брытаніі і Францыі, і яго чакала бліскучая юрыдычная кар’ера. У той жа час яму было наканавана стаць адным з найбольш вядомых дасьледнікаў і папулярызатараў беларускае музыкі, гісторыі і культуры.
Гай любіў распавядаць сямейную гісторыю пра тое, як адзін зь ягоных францускіх продкаў, салдат Напалеонавай арміі, адмарозіў вуха падчас пераправы празь Бярэзіну ў 1812 годзе. Ягоная ж уласная цікавасьць да Беларусі пачалася дзякуючы ўсходняй царкоўнай музыцы, калі ён сьпяваў у хоры праваслаўнага сабору ў Парыжы. У 1950-я гады ён пазнаёміўся зь беларускай грамадой у Лёндане і хутка стаў яе неад’емнай часткай. З часам ён зрабіўся адной з ключавых асоб у разьвіцьці англамоўнага беларусазнаўства ў Вялікай Брытаніі — адзінай краіне ў сьвеце, дзе беларускія дасьледаваньні вяліся на сталай інстытуцыйнай аснове.
Гай быў ініцыятарам або актыўным удзельнікам амаль кожнай беларускай англамоўнай ініцыятывы: быў адным з заснавальнікаў і шматгадовым старшынём Англа-беларускага таварыства, сузаснавальнікам і сталым аўтарам The Journal of Belarusian Studies, перакладчыкам і ўкладальнікам значнага збору беларускіх царкоўных і народных сьпеваў. Дасканала валодаючы ангельскай мовай, ён імкнуўся сфармаваць на Захадзе іншае ўяўленьне пра Беларусь — не як занядбаную памежную тэрыторыю паміж Расеяй і Польшчай, а як краіну з самабытнай, старажытнай і багатай культурай і цывілізацыяй.
Гай быў шырока вядомы ў беларускіх асяродках і па-за межамі Вялікай Брытаніі. Ён ліставаўся зь некалькімі старшынямі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні, а ў 1969 годзе атрымаў ганаровае грамадзянства БНР. Ён падтрымліваў сувязі зь беларускімі кампазытарамі Віктарам Скорабагатавым і Анатолем Багатыровым і шмат гадоў уваходзіў у склад журы фэстывалю царкоўнай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве.
Гай быў адным зь першых апекуноў Скарынаўскай бібліятэкі і на працягу многіх гадоў адказваў за яе музычную калекцыю. Акрамя свайго значнага інтэлектуальнага ўнёску, ён шчодра папаўняў бібліятэчныя зборы, ахвяруючы кнігі, старадаўнія мапы, манэты і паштовыя маркі з сваёй прыватнай калекцыі.
Сёньня ў Скарынаўскай бібліятэцы захоўваецца каштоўны архіў Гая Пікарды: ягоныя дакумэнты, навуковыя артыкулы, ліставаньне і матэрыялы, якія яшчэ чакаюць сваіх дасьледнікаў. Сярод іх — і пашпарт грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзены міжнароднаму адвакату Гаю Рэджынальду П’еру Пікарду ў Парыжы старшынём Рады БНР Міколам Абрамчыкам


