Папаўненьне фондаў бібліятэкі рарытэтам: “Poezye” (“Паэзія”) барочнага паэта Мацея Казімера Сарбеўскага (Вільня, 1851)

"Poezye" ("Паэзія") барочнага паэта Мацея Казімера Сарбеўскага, 1581. Новыя набыткі Скарынаўкі
“Poezye” (“Паэзія”) барочнага паэта Мацея Казімера Сарбеўскага (Вільня, 1581) з новых набыткаў Скарынаўкі ў 2025 годзе.

У 2025 годзе ў нашай бібліятэцы зьявілася яшчэ адно прыкметнае папаўненьне: выданьне “Poezye” (“Паэзія”) барочнага паэта Мацея Казімера Сарбеўскага, вядомага ў Эўропе як “сармацкі Гарацый”, у перакладзе Уладзіслава Сыракомлі.  Зборнік выйшаў у Вільні ў 1851 г.

Мацей Казімір Сарбеўскі. Фота: Wikipedia
Мацей Казімір Сарбеўскі. Фота: Wikipedia

Сарбеўскі — польскі новалацінскі паэт, тэарэтык літаратуры, які жыў у XVII ст. і выкладаў у Полацкім езуіцкім калегіюме, Нясьвіскім езуіцкім калегіюме і Віленскай езуіцкай акадэміі.  Ягоная творчасьць – жывы мост паміж антычнай паэтычнай традыцыяй і літаратурай Рэчы Паспалітай, ягоныя творы спалучаюць строгасьць формы, філязофскую глыбіню і ўнутраную элегантнасьць. Паэтычны зборнік у калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі ўтрымлівае тэксты, прысьвечаныя легендарнаму гетману ВКЛ Яну Каралю Хадкевічу і ягонай Хоцінскай перамозе над туркамі ў 1621 г., а таксама іншым постацям Вялікага Княства.

Уладзіслаў Сыракомля. Фота: Wikipedia
Уладзіслаў Сыракомля. Фота: Wikipedia

Пераклад твораў Сарбеўскага на польскую мову, зроблены знакамітым беларуска-польскім літаратарам Уладзіславам Сыракомлем, уважаецца адным з найбольш удалых і сьведчыць пра адраджэньне цікавасьці да спадчыны Сарбеўскага на нашых землях у XIX стагодзьдзі. Перакладчык ня проста перадае зьмест, але і надае творам рамантычную адцененасьць, набліжаючы іх да паэтычнага стылю свайго часу. У прадмове Сыракомля заклікае перакладчыкаў “шанаваць думку, колькасць радкоў, а па магчымасці і выразы [арыгіналу], але перадусім шанаваць душу твора, і не страціць яе ні на драбок, пераносячы ў іншую мову.”

Гэтае выданьне аб’ядноўвае двух цесна зьвязаных зь Беларусьсю выбітных дзеячоў культуры зь дзьвюх розных гістарычных эпохаў. Для аматараў клясычнай паэзіі і гісторыі літаратуры гэта сапраўдны скарб.

0 replies on “Папаўненьне фондаў бібліятэкі рарытэтам: “Poezye” (“Паэзія”) барочнага паэта Мацея Казімера Сарбеўскага (Вільня, 1851)”