
18-19 верасьня ў Скарынаўскай бібліятэцы і онлайн прайшоў сымпозіюм у гонар стагодзьдзя айца Аляксандра Надсана. Прысьвечаны найперш мовазнаўчай спадчыне айца Надсана, форум ахапіў таксама шырэйшыя тэмы скарыназнаўства, гісторыі беларускай думкі і традыцыйнай культуры, гісторыі царквы і замежнай беларусістыкі. У сымпозіюме ўзялі ўдзел дасьледнікі і сучасьнікі айца Надсана зь Беларусі, Брытаніі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі і Злучаных Штатаў. Імпрэзу зладзілі Інстытут беларускае мовы і Скарынаўская бібліятэка пры падтрымцы Akademisches Netzwerk Osteuropa – akno e.V., Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі і Эўрапейскага Зьвязу.
Моўны сымпозіюм да 100-годзьдзя з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана 18-19 верасьня 2026
Уладзіслаў Гарбацкі на магіле айца Аляксандра Надсана ў Лондане 19 верасьня 2026
Найбольш жывая дыскусія разгарнулася ў сэкцыі беларусістычных дасьледаваньняў вакол пытаньняў суб’ектнасьці і спадкаемнасьці традыцыі, культурных кодаў і іх трансьляцыі і падыходаў да працы з мовай і традыцыяй. Ішла гаворка пра месца айца Аляксандра Надсана як аднаго з творцаў і носьбітаў традыцыі і роля беларускае эміграцыі як сілы, якая “сшывае”, трымае разам беларускі сусьвет.
Шмат увагі было прысьвечана постаці айца як “беларускага полімата”, эўрапейца і мысьляра рэнэсансавага тыпу. Багацьце і разнастайнасьць айцовае спадчыны даюць падставы для фармаваньня новага міждысцыплінарнага накірунку, і на сымпозіюме ўпершыню зайшла гаворка пра надсаназнаўства як дысцыпліну. Па словах Уладзіслава Гарбацкага – аўтара першае манаграфіі, прысьвечанай айцу Аляксандру Надсану, якая рыхтуецца да друку, гэтая дысцыпліна будзе ўключаць у сябе ня толькі вывучэньне спадчыны айца, але і “дасьледаваньне беларускага мовазнаўства, культуры, рэлігіі ды ідэнтычнасьці празь ягоны інтэлектуальны досьвед”.
У тэматыку сымпозіюму добра ўпісалася прэзэнтацыя новага выданьня паэтычнага зборніка Ларысы Геніюш “Spiritus flat ubi vult”, якое сёлета выйшла ў лёнданскім выдавецтве “Скарына”. Гаворка вялася пра рукапісны зборнік, што захоўваецца ў нашай бібліятэцы, як артэфакт культурнага супраціву i дэцэнтралізаванага шляху беларускага самвыдаву, гэтаксама як і пра адметнасьць мовы Геніюш, захаванай ў факсымільным выданьні рукапісу.
Падчас сымпозіюму ў бібліятэцы адкрылася выстава, прысьвечаная айцу Надсану – на ёй можна было пабачыць ягоныя раньнія здымкі, залікоўкі з Грэгарыянскага ўнівэрсытэту ў Рыме, пагартаць нумары “Свабоды” і “Нашай Нівы” зь 1990-х і 2000-х зь ягонымі інтэрвію і рэпартажамі аб ягоных прыездах у Беларусь і пазнаёміцца зь ягонымі навуковымі і літургічнымі публікацыямі. А сучасьнікі айца Аляксандра падзяліліся сваімі ўспамінамі пра гэтага надзвычайнага чалавека, якога, па выразе адной з удзельніц, “хапала на нас усіх”.
У памяць айца Аляксандра ягоны лёнданскі наступнік айцец Сяргей Стасевіч адслужыў Малебен за беларускі народ у новай беларускай царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага.
Сымпозіюм завяршыўся фальклёрнай канцэртнай праграмай “Дрэва”, дзе сьпевы беларускага каляндарнага цыклю зьнітаваліся з гукамі іншых музычных традыцый сьвету. А пасьля ўдзельнікі доўга не маглі разыйсьціся, і сьпевы ад часоў легендарнае менскае “Майстроўні” і да сёньняшняга “Віру” гучалі ў Лёндане да апоўначы.
ПРАГРАМА СЫМПОЗІЮМУ
ПЯТНІЦА 18 ВЕРАСЬНЯ
10.00 Вітальнае слова ад арганізатараў
СЭКЦЫЯ 1. МОЎНАЯ СПАДЧЫНА І СКАРЫНАЗНАЎСТВА
10.20 Вінцук Вячорка. Айцец Аляксандар Надсан як захавальнік клясычнага моўнага канону.
10.35 Уладзіслаў Гарбацкі. Мова ў варунках акупацыі: сацыялінгвістычныя развагі айца Аляксандра Надсана.
10.50 Ала Пігальская. Спадчына айца Аляксандра Надсана і канструяванне беларускай тоеснасці праз постаць Скарыны.
СЭКЦЫЯ 2. МОВАЗНАЎСТВА I РЭЛІГІЙНАЯ ГІСТОРЫЯ
11.45 Іна Каліта. Рэлігійны стыль і яго асаблівасці ў беларускай традыцыі
12.00 Аляксандр Адамковіч. Арцыбіскуп Юры Матулевіч і ордэн айцоў марыянаў у працах А.Надсана.
12.15 Наста Ільіна. Дзейнасць грэка-каталіцкага святара айца Вацлава Аношкі ў міжваеннай Польшчы.
СЭКЦЫЯ 3. СКАРЫНАЎСКАЯ БІБЛІЯТЭКА І ДЫЯСПАРА
14.00 Святлана Лясовіч. Moвазнаўчая калекцыя Бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане.
14.15 Радаслаў Калета. Некаторыя мовазнаўчыя й (глота)дыдактычныя выданьні Скарынаўскае бібліятэкі.
14.30 Павал Шаўцоў. Guy Picarda (1931-2007) — London lawyer who strived to give Belarus an elevated image.
14.45 Марына Антанюк-Пруто. The Languages of the Belarusian Diaspora in Germany: New Trends and Perspectives.
СУБОТА 19 ВЕРАСЬНЯ
11.00 Малебен за беларускі народ (аўтарства а. Аляксандра Надсана) у царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага адправіць а. Сяргей Стасевіч.
СЭКЦЫЯ 4. СУЧАСНЫЯ БЕЛАРУСІСТЫЧНЫЯ ДАСЬЛЕДАВАНЬНІ Ў РЭЧЫШЧЫ ПРАЦ АЛЯКСАНДРА НАДСАНА
Мадэратар Сяргей Шупа
12.00 Думаць (з) традыцыяй: гісторыя беларускай думкі як праект і як дыскурс.
12.20 Традыцыйная культура як інтэлектуальны выклік.
14.00 Тацьцяна Астроўская, Ігар Іваноў. Прэзэнтацыя паэтычнага зборніка “Spiritus flat ubi vult”.
14.40-16.40 Сучасьнікі аб а. А. Надсане. Успаміны. Вольны мікрафон.
16.40 Падсумаваньне і закрыцьцё сымпозіюму.
18.00 Фальклёрная канцэртная праграма Алесі Манькоўскай і Эвэліны Шчадрыной “Дрэва” з удзелам гурта “Вір”.
Мовы мерапрыемства: беларуская, ангельская.












