

Дарагія сябры!
Апякунская рада Бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны віншуе вас з Калядамі і жадае шчасьлівага Новага году!
2025 год стаў для нашай бібліятэкі пасьпяховым, плённым і насычаным. Рэканструкцыя і пашырэньне музэйнае прасторы цяпер у завяршальнай стадыі. У новым памяшканьні ўсталяваныя прыгожыя музэйныя стэнды, у якіх разьмесьціцца сталая экспазыцыя, прысьвечаная гісторыі і культуры Беларусі. Мы будзем радыя вітаць вас налета ў абноўленым музэі.
Сёлета нашыя калекцыі папоўніліся рэдкімі кнігамі, архіўнымі дакумэнтамі і этнаграфічнымі артэфактамі. Адначасова працягвалася неабходная праца па каталягізацыі, алічбаваньні і захаваньні фондаў. Надзвычай прыемная навіна прыйшла на Каляды ад Галіны Казіміроўскай, якая завяршыла двухгадовую працу па каталягізацыі архіву беларускага кампазытара Міколы Куліковіча, што зробіць ягоную спадчыну даступнай для беларусаў і ўсяго сьвету.
У 2025 годзе бібліятэка пашырыла міжнароднае супрацоўніцтва, падпісаўшы пагадненьні з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам (Вільня) і працягваючы супрацу з установамі ў Вялікабрытаніі, Польшчы і іншых краінах. Мы былі суарганізатарамі буйной штогадовай канфэрэнцыі ”Беларускія дасьледаваньні ў ХХІ стагодзьдзі”, прэзэнтавалі нашыя калекцыі на міжнародных канфэрэнцыях і на літаратурным фэстывалі ”Прадмова”, а таксама прымалі дасьледнікаў зь вядучых эўрапейскіх унівэрсытэтаў. Цягам году бібліятэку наведвалі журналісты, дыпляматы і культурныя дзеячы.
Па матэрыялах канфэрэнцыі, якую бібліятэка зладзіла ў 2023 годзе, у супрацы з выдавецтвам “Скарына” быў выдадзены зборнік артыкулаў “Новым імкненьням даць новыя формы: Вацлаў Ластоўскі і культурны дыскурс 1920-х гг”.
Нашая культурная праграма ўключала лекцыі, фальклёрныя сьвяты і шматлікія імпрэзы, якія робяць Скарынаўку жывым цэнтрам беларускае культуры. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае фальклорны гурт „Вір“ пад кіраўніцтвам Эвеліны Шчадрынай — праект мясцовае супольнасьці, які дапамагае нам захоўваць і развіваць беларускую культурную традыцыю.
На працягу 2025 году мы атрымлівалі неацэнную дапамогу ад валянтэраў, а таксама фінансавую, практычную і маральную падтрымку ад шматлікіх сяброў і добразычліўцаў, за што мы шчыра ўдзячныя. З моманту свайго заснаваньня бібліятэка заўсёды была супольнай ініцыятывай, якую падтрымлівалі беларусы і сябры Беларусі з усяго сьвету.
Напярэдадні 55-годзьдзя бібліятэкі і ў падрыхтоўцы да сьвяткаваньня стагодзьдзя з дня нараджэньня аднаго з ейных заснавальнікаў і шматгадовага дырэктара — айца Аляксандра Надсана — мы дзякуем усім нашым сябрам і прыхільнікам і жадаем усім добрага году, цікавых адкрыццяў, натхненьня і плёну!