Дыплямат БНР: гісторыя Аляксандра Цьвікевіча

Аляксандар Цьвікевіч (1888-1937) – вядомы палітык, юрыст, філёзаф і публіцыст, які стаяў ля вытокаў дыпляматыі Беларускае Народнае Рэспублікі і быў прэм’ер-міністрам эміграцыйнага ўраду БНР. Як і многія іншыя дзеячы беларускага незалежніцкага руху, Цьвікевіч стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсіяў. Ягоную жыцьцёвую гісторыю мы распавядаем на нашай выставе “Няскораныя”.

Цьвікевіч нарадзіўся ў Берасьці ў сям’і фэльчара. Атрымаўшы бліскучую адукацыю на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўнівэрсытэта, ён вярнуўся на радзіму і працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Берасьці. З пачаткам Першае сусьветнае вайны быў вымушаны выехаць у  Расею. У 1917 г. у Маскве разам зь іншымі бежанцамі-беларусамі заснаваў Беларускую народную грамаду, у аснове палітычнай плятформы якой ляжала патрабаваньне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі. У канцы таго ж году А. Цьвікевіч быў абраны ў склад рады Першага Ўсебеларускага зьезьду ў Менску, пасьля разам з С. Рак-Міхайлоўскім прадстаўляў выканкам зьезду на мірных перамовах ў Берасьці. Расейскія ўлады былі супраць удзелу беларусаў у якасьці самастойнай дэлегацыі, таму нашыя суродзічы ўвайшлі ў дэлегацыю Украінскай Народнай Рэспублікі ў якасьці дарадцаў.

У 1918 г. Цьвікевіч працаваў у складзе беларускай дыпляматычнай місіі БНР у Кіеве, дзе актыўна дамагаўся прызнаньня незалежнасьці Беларусі іншымі краінамі, займаўся пытаньнямі дзяржаўнай мяжы і фінансавай падтрымкі ўраду БНР. У Кіеве ён арганізаваў Беларускую гандлёвую палату, выдаваў газэту “Белорусское эхо”. Пазьней прадстаўляў Раду БНР у складзе дыпляматычных місіяў у Бэрліне і Вене. У 1921 г. ён становіцца міністрам замежных справаў БНР, а пасьля адстаўкі В. Ластоўскага ў 1923 г. узначальвае новасфармаваны ўрад на пасадзе прэм’ер-міністра. Ягоны досьвед дыпляматычнай і палітычнай дзейнасьці выліўся ў шматлікія публікацыі, прысьвечаныя праблемам незалежнасьці Беларусі і дзяржаўнасьці беларускага народу.

Перакананы змагар за нацыянальнае самавызначэньне, Цьвікевіч паверыў палітыцы беларусізацыі, якая праводзілася ў савецкай Беларусі ў сярэдзіне 20-х гг.  У 1925 г. Цьвікевіч склікае ў Бэрліне ІІ Усебеларускую канфэрэнцыю, дзе прапаноўвае спыніць дзейнасьць эміграцыйнага ўраду БНР і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэньня Беларусі. І хаця Рада БНР адхіліла гэтую прапанову, пазыцыя Цьвікевіча атрымала падтрымку сярод большасьці эміграцыйных дзеячоў. Многія зь іх, як і сам былы прэм’ер, пераехалі ў савецкую Беларусь, каб далучыцца да беларускага нацыябудаўніцтва, і ўжо праз некалькі гадоў сталі ахвярамі сталінскага тэрору.

Аляксандар Цьвікевіч турэмнае фота, Радыё Свабода
Здымак з сайту Радыё Свабода

У савецкай Беларусі Цьвікевіч працаваў у Наркамфіне, пазьней – вучоным сакратаром Інбелкульту. Тут выйшла ягоная фундамэнтальная праца “Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в.” – грунтоўнае дасьледаваньне ідэалёгіі і практыкі русіфікацыі ў Беларусі ў часы Расейскай імпэрыі, якая ня страціла свайго значэньня і сёньня. Праца друкавалася па частках у часопісе “Полымя”, але адразу пасьля выхаду адной кнігай у 1929 г. была забароненая, і амаль увесь трохтысячны наклад – зьнішчаны.

У 1930 г. савецкія ўлады арыштоўваюць Цьвікевіча па прыдуманай справе “Саюзу вызваленьня Беларусі” і прысуджаюць яму пяць гадоў высылкі. Адбываў прысуд Цьвікевіч разам зь сям’ёй у далёкіх рэгіёнах Расеі. Цьвікевіч быў паўторна арыштаваны 17 сьнежня 1937 г., а 30 сьнежня 1937 г. – расстраляны ў Менску.

Кнігі Аляксандра Цьвікевіча

Скарынаўская бібліятэка захоўвае ў сваёй калекцыі першыя выданьні наступных твораў Аляксандра Цьвікевіча:

Беларусь. Политический очерк. Берлин 1919. Гэты палітычны нарыс меўся пазнаёміць заходніх палітыкаў зь беларускім пытаньнем.

Адраджэньне Беларусі і Польшча. Менск – Вільня – Берлін 1921. У гэтай кнізе Цьвікевіч паказвае эканамічныя падставы тагачаснай каляніяльнай палітыкі Польшчы ў дачыненьні да Заходняй Беларусі і падкрэсьлівае, што “адраджэньне Беларусі можна разумець як эволюцыйны, культурны процэс, які ў дацяперашні час быў гвалтоўнымі захадамі паліцэйскай дзяржавы прыдушан, і які цяпер, у варунках вольнай дэмократычнай дзяржаўнасьці, павінен разьвівацца нормальна і канечным рэзультаце прывесьці да самастойнай беларускай культуры. Процэс гэты, па істоце сваей спакойны і знайходзіцца ў залежнасьці ў першую чаргу ад ўзроста інтэлектуальных сіл краю, якіе нельгя стварыць адпаведным распараджэньнем дзяржаўнай ўлады.”

0 replies on “Дыплямат БНР: гісторыя Аляксандра Цьвікевіча”