
У дзень 95-годзьдзя Уладзімера Караткевіча, дзелімся дарагім нам аўтографам на кнізе “Нельга забыць”, якую пісьменьнік перадаў у бібліятэку ў 1983 годзе. Першы, “амаль што сентыментальны” раман Караткевіча распавядае гісторыю каханьня нашчадкаў ўдзельніка паўстаньня Каліноўскага і капітана расейскае арміі. Прыгожая арыгінальная назва гэтага рамана “Леаніды не вернуцца да зямлі” — спасылка на мэтэарытны дождж Леаніды — была замененая савецкай цэнзурай з-за ўяўнага намёку на Леаніда Брэжнева, які памёр у год выхаду рамана. А між тым, зорапад Леанідаў вяртаецца штогод у лістападзе і цягнецца амаль да дня народзінаў Караткевіча.
