Запрашаем на каляды ў беларускім Лёндане 20 сьнежня 2025 ад 4 p.m.

Лялькі, якія захоўваюцца ў Скарынаўцы і ўжываюцца ў калядны час.

У канцы сьнежня беларуская грамада традыцыйна зьбіраецца ў беларускай “вёсцы” паўночнага Лёндану, каб паглядзець беларускую батлейку і пасьпяваць калядныя песьні. Сьвята арганізуецца Англа-беларускім таварыствам і іншымі беларускімі арганізацыямі і суполкамі Брытаніі. А бібліятэка дэлегуе для ўдзелу ў імпрэзах адзін з самых маляўнічых экспанатаў нашага музэю, які заўсёды прыцягвае ўвагу маленькіх і дарослых наведвальнікаў Скарынаўкі, – батлейны набор.

У калекцыі некалькі дзясяткаў лялек, якія ўвасабляюць пэрсанажаў традыцыйнай беларускай батлейкі. Гэта і кананічныя фігуры першай, “біблейнай”, часткі батлейкі, – маленькі Ісус з Багародзіцай і Язэпам,  тры Каралі з дарамі для Новароджанага, Анёл з прыгожымі крыламі, які абвяшчае радасную вестку пра нараджэньне Збаўцы, злы і крыважэрны цар Ірад са зьлятаючай з плеч галавой, жахлівая белая Сьмерць, якая тую галаву сьцінае сваёй бязьлітаснай касой, Ваяка – верны служака Ірада і забойца Бэтлеемскіх немаўлятаў, і іншыя. 

Другая “народная” частка калекцыі прадстаўленая “тутэйшымі” сялянамі і панамі, габрэямі і цыганамі , якія адлюстроўваюць жыцьцё беларускіх вёсак і мястэчак 17-19 стагодзьдзяў. 

Лялькі былі створаныя адной таленавітай беларускай мастачкай. Большасьць зь іх “эмігравала” зь Беларусі ў Брытанію ў 2004 годзе, а ў 2024 у Лёндан прыехала яшчэ 5 пэрсанажаў разам з новай казой.

Больш пра нашыя лялькі можна паглядзець  і паслухаць тут.

Расклад сьвяткаваньняў

14.30: Батлейка з удзелам нязьменнага батлейшчыка Паўла Шаўцова, Алесі Манькоўскай і фальклёрнага гурта “Вір” пад кіраўніцтвам Эвеліны Шчадрыной у Беларускай царкве Сьв. Кірылы Тураўскага (прыносьце падарункі для сваіх дзяцей, якія “уручыць” Сьв. Мікола; ахвяраваньне – 5 фунтаў для сяброў Англа-беларускага таварыства і 10 фунтаў для іншых гасьцей).

Пасьля Батлейкі – пачастунак у Мар’ян Гаўзе (прыносьце калядны пачастунак і пітво з сабой). 

16.00: Калядны кірмаш у Скарынаўскай бібліятэцы, дзе можна набыць кнігі ад выдавецтва “Скарына” і іншых беларускіх выдаўцоў.

18.00: Вячэрня у Беларускай царкве Сьв. Кірылы Тураўскага

Tags from the story
0 replies on “Запрашаем на каляды ў беларускім Лёндане 20 сьнежня 2025 ад 4 p.m.”