Змрочная калекцыя “турэмных” артэфактаў Скарынаўкі нядаўна папоўнілася дасланымі зь вязьніцы малюнкам і кранальнымі лістамі да жонкі палітвязьня Паўла Севярынца. Яны сталі часткай выставы “Няскораныя”, якая праходзіць у нашым музэі.
П. Севярынец неаднаразова затрымліваўся і быў асуджаны да штрафаў, пасяленьня і турэмнага зьняволеньня за публічнае адстойваньне права беларускага народу на дэмакратычны лад грамадзкага ўладкаваньня. Палітыцы ён прысьвяціў 25 гадоў – большасьць свайго жыцьця. Зь іх восем адсядзеў у зьняволеньні. Быў заснавальнікам партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, напісаў 12 кніг.
У чэрвені 2020 г. Павал быў затрыманы пасьля выбарчага пікету на менскай Камароўцы. Пасьля 75 содняў ён ня быў вызвалены, яму было прад’яўлена абвінавачаньне па крымінальным артыкуле (заклікі да сацыяльных закалотаў) і ў 2021 г. таемным судом ён быў асуджаны да сямі гадоў турэмнага зьняволеньня. Прызнаны палітвязьнем.


