Айцец БНР і мовазнавец: гісторыя Язэпа Лёсіка

Працягваем аповед пра айцоў-заснавальнікаў беларускае дзяржаўнасьці, навукоўцаў і літаратараў, рэпрэсаваных у часы сталінскага тэрору, чые кнігі ўвайшлі ў выставу “Няскораныя”. Тут мы згадаем другога старшыню БНР – беларускага пісьменьніка, мовазнаўцу і акадэміка Беларускай акадэміі навук Язэпа Лёсіка (1883 – 1940).

Яшчэ маладым настаўнікам у царскай Расеі Лёсік зазнаў арышты, уцёкі з турмы і высылку ў Сібір за палітычную агітацыю сярод сялянаў. Пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. ён вяртаецца ў Беларусь і далучаецца да нацыянальнага руху як адзін зь лідэраў Беларускае Сацыялістычнае Грамады. А ўжо праз год становіцца адным зь ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі і абіраецца на пасаду старшыні Рады БНР. Застаючыся на гэтай пасадзе да 1919 г., Лёсік актыўна змагаецца за міжнароднае прызнаньне рэспублікі і захаваньне беларускіх тэрыторыяў у ейных межах.

У 1920 г. Я. Лёсік адыходзіць ад палітычнай дзейнасьці і займаецца навуковай, культурніцкай і літаратурнай працай. Ён выкладае ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, абіраецца чальцом Інбелкульту, кіруе Інстытутам беларускае мовы, а ў 1928 г. становіцца акадэмікам Беларускае акадэміі навук.

Як навуковец, Лёсік зрабіў велізарны ўнёсак у разьвіцьцё беларускае мовы: выклаў канцэпцыю фармаваньня літаратурнае мовы, займаўся ўнармаваньнем граматыкі і артаграфіі, браў удзел у навуковай палеміцы. Вядомы выпадак зь ягонай выкладчыцкай біяграфіі, калі на закід, што ён недастаткова паказвае падабенства беларускай і расейскай моваў, Лёсік адказаў, што мову творыць розьніца, а не падабенства, і таму выкладаць ён будзе беларускую мову зь ейнымі асаблівасьцямі. Пэўны час разыходзіўся ў поглядах зь іншымі вядучымі мовазнаўцамі на чале з Б. Тарашкевічам і С. Некрашэвічам адносна ўжываньня асыміляцыйнага мяккага знаку – прапаноўваў скасаваць яго дзеля эканоміі месца.

Ён быў аўтарам некалькіх падручнікаў, актыўна публікаваўся ў пэрыядычным друку. У 1922 г. выходзіць ягоная “Практычная граматыка беларускае мовы», якую абвяшчаюць “контррэвалюцыйнай”. У канцы таго ж году яго арыштоўваюць і вызваляюць толькі дзякуючы ўмяшаньню наркама асьветы Ў. Ігнатоўскага. Але ўжо ў 1930 г. Лёсіка адным зь першых арыштоўваюць па сфабрыкаванай справе “Саюзу вызваленьня Беларусі” і пазьней высылаюць у Саратаўскую вобласьць на 5 гадоў, дзе ён час ад часу працуе выкладчыкам. У Беларусь ён больш не вярнуўся – у 1935 г. быў амніставаны бяз права вяртаньня, а ў 1938 г. ізноў арыштаваны па справе “Контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве”. У 1940 г. зноў асуджаны, гэтым разам – да 5 гадоў лягераў. Ён памёр на другі дзень пасьля абвяшчэньня прысуду ў Саратаўскай турме

Скарынаўская бібліятэка мае ў калекцыі наступныя творы Язэпа Лёсіка:

  • Наша крыніца. Чытаньне для беларускіх школ. Выданьне другое выпраўленае. Берлін, 1922.
  • Пачатковая граматыка. Выданьне трэцяе. Менск, 1926.
Граматыка Лёсіка

0 replies on “Айцец БНР і мовазнавец: гісторыя Язэпа Лёсіка”