Пісьменьнік і гісторык адраджэньня: гісторыя Вацлава Ластоўскага

Асаблівае месца на выставе належыць Вацлаву Ластоўскаму (1883 – 1938) – пісьменьніку, гісторыку, этнографу, публіцысту і палітычнаму дзеячу, аднаму з “айцоў” беларускага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя.

Паходжаньнем са зьбяднелай шляхты Віцебшчыны, Ластоўскі далучыўся да нацыянальнага, грамадзкага і культурнага руху пасьля рэвалюцыі 1905 г. У 1909 г. ён, інтэлектуал-самавук, стаў сакратаром рэдакцыі “Нашае Нівы” і адным з найбольш рэгулярных ейных аўтараў. Ад 1 студзеня 1910 г. тут пачала друкавацца ягоная “Кароткая гісторыя Беларусі” – першы агляд гісторыі нашай зямлі, напісаны па-беларуску.

Скарынаўская бібліятэка захоўвае арыгінальны асобнік “Кароткай гісторыі Беларусі” Вацлава Ластоўскага

На бачынках “Нашае Нівы” Ластоўскі вёў рэдактарскую калёнку “З нашай мінуўшчыны”, друкаваў свае апавяданьні, разгарнуў дыскусію пра шляхі разьвіцьця беларускай літаратуры. Перакананы незалежнік, Ластоўскі актывізаваў сваю палітычную дзейнасьць у другой палове 1910-х гг., кульмінацыяй якой сталася яго прызначэньне ў сьнежні 1919 г. кіраўніком Рады міністраў БНР.

У першай палове 1920-х гг. Ластоўскі жыў у азылі ў Летуве, дзе працягваў займацца беларускім культурным жыцьцём – выдаваў часопіс «Крывіч», школьныя падручнікі, слоўнікі, у тым ліку “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” (1924) на 17 000 назоваў, сярод якіх шмат аўтарскіх наватвораў.

Скарынаўская бібліятэка захоўвае арыгінальны асобнік “Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка” Вацлава Ластоўскага

У Коўне выйшла і галоўная праца Ластоўскага – манумэнтальная “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя” (1926) – агляд “звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэньня беларускага пісьма…” з цытатамі на старабеларускай мове. У гэтай працы Ластоўскі імкнуўся вярнуць беларусам іхнюю культурную спадчыну – тэксты, якія дагэтуль прыўлашчалі сабе нашыя суседзі.

Ластоўскі Гісторыя беларускай крыўскай кнігі
Скарынаўская бібліятэка захоўвае арыгінальны асобнік “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага

У 1927 г. Ластоўскі вяруўся ў БССР, каб падтрымаць палітыку беларусізацыі, якую ў той час праводзіла савецкая ўлада. Ён працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю, быў сакратаром Інбелкульту і пазьней – сакратаром і акадэмікам Беларускай Акадэміі навук. Як загадчык катэдры этнаграфіі Інбелкульту Ластоўскі арганізоўваў этнаграфічныя экспэдыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У адной з такіх экспэдыцыяў быў знойдзены Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

Са згортваньнем беларусізацыі і пачаткам рэпрэсіяў у БССР Ластоўскі быў адным зь першых арыштаваны па справе прыдуманага Саюзу вызваленьня Беларусі. Пазбаўлены годнасьці акадэміка, ён быў высланы на пяць гадоў у Саратаў. У 1937 г. падчас піку сталінскага тэрору Ластоўскі быў паўторна арыштаваны і ў студзені 1938 г. прысуджаны да расстрэлу “як агент польскай выведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі”. Падчас хрушчоўскай адлігі і затым – гарбачоўскай перабудовы Ластоўскі быў рэабілітаваны па ўсіх прысудах і адноўлены ў годнасьці акадэміка.

Рукапіс перакладу п’есы Элізы Ажэшкі “У зімовы вечар. Сцэны зь сялянскага жыцьця”

Скарынаўская бібліятэка захоўвае ўнікальную калекцыю твораў Вацлава Ластоўскага. Гэта, найперш, рукапіс ягонага перакладу п’есы Элізы Ажэшкі “У зімовы вечар. Сцэны зь сялянскага жыцьця”, зробленага ў Вільні ў 1910 г., а таксама першыя выданьні ягоных галоўных працаў:

Таксама ў калекцыі Скарынаўскі захоўваецца альбом з фотаматэрыяламі экспэдыцыі катэдры этнаграфіі Інстытуту беларускай культуры пад кіраўніцтвам В. Ластоўскага, якая праходзіла летам 1928 г. па маршруце Слуцк — Асташкавічы.

Крывіч часопіс Ластоўскі

Чытаць таксама: «Усёй сваёй працай ён фармаваў беларускі культурны код»: куратарка Скарынаўскай бібліятэкі Караліна Мацкевіч пра кніжныя скарбы Вацлава Ластоўскага (Reform.by)

0 replies on “Пісьменьнік і гісторык адраджэньня: гісторыя Вацлава Ластоўскага”