Лінагравюра Барыса Заборава “Янка Купала”, ілюстрацыя да зборніку “Выбраная лірыка” (Менск, 1967), падараваная Скарынаўскай бібліятэцы аўтарам.
Янка Купала нарадзіўся 140 гадоў таму – 7 ліпеня (па новым стылі) 1882 г. Нарадзіўся на Купалу – ці Купальле, – таму і псэўданім узяў сабе такі. Сям’я ягоная ня была заможная, але й не жабравалі: бацькі часта перабіраліся ад фальварка да фальварка, ад пана да пана, дзе арандавалі зямлю. Янку яны далі добрую, хоць і простую, адукацыю – ад вандроўных настаўнікаў і ў народных вучэльнях. І доступ да кніжак у яго быў – навакольныя людзі мелі бібліятэкі.
Янка пачынаў пісаць паэзію па-польску, першыя вершы свае надрукаваў па-польску таксама. А трапілі яму ў рукі кніжкі Багушэвіча і Дуніна-Марцінкевіча, то ўразіўся ён моцна, што па-беларуску ствараць можна прыгожую літаратуру. І ўжо назад не азіраўся пясьняр.
Слава Купалу заслужана прыйшла амаль вокамгненна. На яго раўняліся і ім натхняліся. Але ягонае жыцьцё не было бестурботным. У Савецкай Беларусі яго то насілі на рукох, то вінавацілі ў контррэвалюцыйнай “нацдэмаўшчыне”. На ягоных вачох закатавалі тысячы таленавітых і самых простых людзей. З-за невыноснага ціску ў 1930-м годзе ён спрабаваў забіць сябе. Але збольшага трымаўся, ствараў цудоўную паэзію, разьвіваў новыя тэмы і жанры, падтрымліваў іншых творцаў.
Каб сёньня Купала быў з намі, вядома, як ён адказаў бы на пытаньне –
Чаму ў сэрцы беларускім
Песьня Тарасова
Адгукнулася, запела
Зразумелым словам?
Бадай, як сотні тысячаў суайчыньнікаў, яго б таксама выціснулі зь Беларусі:
Бо йшла доля беларуса
З доляй украінца
Адналькова — ў поце, ў сьлёзах,
Церневым гасьцінцам.
(“Тарасова доля”)
У жыцьці Купалы мы лёгка бачым і свае жыцьці, і цэлы народ. Як і ягоная сям’я, мы працуем цяжка і без асаблівых гарантыяў, самааддана гадуем дзяцей, зрываемся ў пошуках лепшае долі да суседніх народаў і ў далёкія землі. Раз-пораз адкрываем для сябе каштоўнасьці, пра якія раней не задумваліся, якія раптам зьмяняюць усё. Як Купала, мы прыстасоўваемся да таго, што зьмяніць ня можам, і пакутуем ад гэтага. Зрэшты, сярод поту і сьлёзаў знаходзім прычыны для радасьці.
Купала паказаў нам, што беларушчына не пачынаецца і не заканчваецца ідэалёгіяй. Яна – як паветра, ёй можна дыхаць лёгка, амаль незаўважна для сябе. А тая – напаўняе лёгкія жыцьцядайнай сілай.
Паэма “Курган”
21 чэрвеня 1912 у газэце “Наша Ніва” была ўпершыню надрукаваная паэма Янкі Купалы “Курган”.
Поўны рукапіс гэтага твору захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы. Ён быў перададзены сюды беларускім грамадзкім дзеячом у ЗША Леанідам Галяком.
“Жалейка” – першы зборнік песьняра
Першы зборнік паэзіі Янкі Купалы “Жалейка” быў апублікаваны ў Санкт-Пецярбургу ў 1908 годзе. На здымку – вокладка першага выданьня зборніка, асобнік якога захоўваецца ў нашай калекцыі.
Паэма “Гусьляр”

Лінагравюра Барыса Заборава, якую мастак перадаў бібліятэцы, – ілюстрацыя да верша Янкі Купалы «Гусьляр» у томіку «Выбраная лірыка» (Менск, 1967).
Упершыню верш «Гусьляр» зьявіўся ў аднайменным зборніку (Пецярбург, 1910), а быў напісаны некалькімі гадамі раней, калі ўжо было зразумела, што рэвалюцыя 1905 году заканчваецца паразай. У гэтым кантэксьце Купалавыя словы перагукаюцца і з нашым часам: ён заклікае гусьляра будзіць сьвет да новага паходу, да новага жыцьця.
Ты ад гумн да гумн
Запануй, гусляр!
Дай паходням жар,
Лінь жыццё ў бор-яр,
Не мінай акон;
Строй ваякаў шар,
Кроў сагрэй, як вар,
Сказам новых дзён…
Грай, будзі, гусляр!
Паэма “Адвечная песьня”
Асобнік першага выданьня (Санкт-Пецярбург, 1910) “Адвечнай песьні” з калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі.
Янка Купала працаваў у бібліятэцы – гэта праўда! У 1908 г. браты Луцкевічы выцягнулі яго ў Вільню, дзе ён уладкаваўся ў прыватную бібліятэку “Знание”. І адначасова супрацоўнічаў зь першым беларускім штотыднёвікам “Наша ніва”. У Вільню ён прыехаў з тэкстам створанай незадоўга перад тым паэмы “Адвечная песьня” – сваім першым драматычным творам, напісаным вершам. У ёй жыцьцё чалавека, мужыка-селяніна паўстае даволі змрочным і пэсымэстычным:
Раскрыйся нанова, магіла:
Страшней цябе людзі і свет.
Год, праведзены ў Вільні, быў вельмі станоўчым для Купалы: ягоная паэзія тут пачала набываць асаблівую красу і сілу. “Наша Ніва” з захапленьнем піша, што «перад Купалам вялікая будучыня».
Верш “Песьня званара”

Лінагравюра Барыса Заборава “Песьня званара” – ілюстрацыя да аднайменнага верша Янкі Купалы, які ўвайшоў у зборнік “Выбраная лірыка” (Менск, 1967), – была падараваная Скарынаўскай бібліятэцы аўтарам.
У “Песьні”, якая была напісаная ў 1909 годзе, Купала ізноў вяртаецца да вобразу песьняра, прарока, які будзіць народ:
І завешу я звон, з усіх чутны старон —
Раўня голас і віхру, і грому.
Як пушчу яго ў ход, склічу ўміг карагод,
Ні адзін не заседзіцца дома!
Разгудзіцца мой звон ад акон да акон,
Душы збудзіць, па сэрцах удара,
Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц,
Заварушацца яры, папары.
Пад “Песьню” была напісаная музыка, і яна сьпявалася некалі папулярным гуртом “Песьняры”. https://youtu.be/CbmuRx-HBLw
Верш “Хаўрусьнікам”

Рукапіс верша, падпісаны “Янка Купала”, быў перададзены ў Скарынаўскую бібліятэку беларускім грамадзкім дзеячом у ЗША Леанідам Галяком. Цікава, што пры публікацыі верша ў часопісе “Полымя” у 1929 годзе верш падпісаны псэўданімам “Цімох Каруз”.
У 1913 годзе Янка Купала напісаў верш “Хаўрусьнікам”, у якім асудзіў усходніх і заходніх суседзяў, што мелі пляны на беларускія землі. Паэт надзвычай дакладна прадказаў расейска-польскі падзел Беларусі, які адбудзецца па Рыскай Дамове праз восем год:
Адна часьць Варшаве
Лізаць ногі будзе,
Маскве хай другая
Нясе свае грудзі.
Забыліся толькі,
Хаўрусьнікі ночы,
Спытаць беларуса,
Чым сам ён быць хоча.
Паэма “Сон на кургане”

Асобнік першага выданьня паэмы «Сон на кургане» (Санкт-Пецярбург, 1913), домам якога зьяўляецца бібліятэка імя Францішка Скарыны.

Як многія творы Купалы, драматычная паэма “Сон на кургане” моцна перагукаецца з нашым часам. Яна была напісаная ў гады рэваншу расейскіх уладаў пасьля паразы рэвалюцыі 1905 г. – у часы масавых арыштаў і ваенна-палявых судоў. Тыя парадкі Купала пазьней назваў «царствам ночы і цемры». Многія дзеячы беларускага руху сядзелі па турмах ці былі высланыя ў Сыбір, якіх-колеч выразных пэрспэктыў на паляпшэнне жыцьця і спыненьня рэпрэсіўнай машыны не праглядалася.
…Вырвалі шчасце, вырвалі вочы,
Думы паганяць няславай;
Сцежкі заслалі цемраю ночы,
Рыюць у процьму канавы.
Тутка мы п’яны, ах, п’яны
Вечным пракляццем сваім:
Гоячы вечныя раны,
Новыя раны тварым.
Твор не абмяжоўваецца водгукам на пасьлярэвалюцыйныя падзеі. Паэма – цудоўны прыклад рамантызму ў Купалавым выкананьні. Яна кліча людзей і ўвесь народ на самапазнаньня, вяртаньня ў памяць роду і абуджэньня духоўных сілаў. Ейная мова – поўная сымбалізму і алегорыяў, так уласьцівых гэтаму жанру.
Верш “Памяці Вінцука Марцінкевіча”

Сярод аўтографаў Купалы, якія перадаў Скарынаўскай бібліятэцы Леанід Галяк, ёсьць рукапіс верша «Памяці Вінцука Марцінкевіча». Напісаны на 25-годзьдзе з дня сьмерці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, аднаго з пачынальнікаў новае беларускае літаратуры, верш быў упершыню надрукаваны ў “Нашай ніве” ў 1910 г. разам зь іншымі матэрыяламі, прысьвечанымі пісьменьніку. У вершы выразна гучыць тэма пераемнасьці: Дунін-Марцінкевіч для Купалы – беларускі дудар, які першы “стаў сеяць па-свойску ўсё тое, што мы далей сеем сягоння”.
Пазьней, у 20-я гады, Купала перакладзе на беларускую польскамоўныя вершаваныя ўрыўкі з камэдыі Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія”.
Зборнік “Шляхам жыцьця” / Book Šliacham žyccia (On Life’s Journey)


Зборнік вершаў “Шляхам жыцьця” быў апублікаваны ў Санкт-Пецярбургу ў 1913 годзе і прысьвечаны хірургу і мецэнату Аляксандру Ярэмічу, які за ўласныя грошы выдаў зборнік. Адзін з асобнікаў гэтага выданьня таксама мае сваё пачэснае месца на паліцах нашае бібліятэкі.
Сёньня, калі мы ізноў шукаем шляхі да беларускага нацыянальнага адраджэньня, заклік купалаўскага прарока “уставаць, ісьці, ноч расьсьвятляць” ня менш актуальны, як у часы Купалы.
Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісьці, ноч расьсьвятляць!
Бо што не возьмеце сягоньня,
Таго і заўтра вам не ўзяць.
Назло крывавым перашкодам
Скідайце ёрмы, клічце сход
І дайце знаць другім народам,
Які вы сільны йшчэ народ!
(верш «Прарок»)
Верш “Роднае слова” / Poem Rodnaje słova (Native Word)

Сярод пэрлінаў калекцыі Янкі Купалы ў Скарынаўскай бібліятэцы захоўваецца аўтограф верша “Роднае слова”. Верш зьявіўся ў “Нашай ніве” (1910, №51) пасьля таго, як ІІІ Дзяржаўная дума Расейскай імпэрыі забараніла навучаць украінскіх і беларускіх дзяцей на роднай мове. Як і ўся творчасьць Купалы, верш напоўнены любоўю да роднае мовы і сьцьвярджае ейную вырашальную ролю ў захаваньні беларускай ідэнтычнасьці ў часы, калі “не нашай наша бацькаўшчына стала”.
Пад навалай крыўдаў многія сталецьця
Мы нясьлі пакорна лямку безпрасьвецьця.
Мы нясьлі, усё ныла, гінула памалу
Аж не нашай наша бацькаўшчына стала.
Не для нас сасонкі нашы зашумелі
Не для нас пасевы нашы зарунелі
Адно ты нам, слова, верным асталося,
Каб вясьці з упадку к сьветласьцям нязьмерным.
Цікава, што гэтыя радкі, пададзеныя паводле рукапісу, напісаныя клясычным правапісам і адрозьніваюцца ад пазьнейшых публікацыяў. Рукапіс верша перададзены Скарынаўскай бібліятэцы Леанідам Галяком, беларускім грамадзкім дзеячом у ЗША.
Верш “Перад вісельняй”

Рукапіс верша быў перададзены ў Скарынаўскую бібліятэку беларускім грамадзкім дзеячом у ЗША Леанідам Галяком.
28 чэрвеня 1942 году Янкі Купалы ня стала. Таямніца ягонай сьмерці дагэтуль не раскрытая. Радкі з купалавага верша “Перад вісельняй” гучаць з асабліваю сілай сёньня, у 80-ю гадавіну ягонае сьмерці.
Ну, што ж,— пацешцесь, душагубы.
Я ўжо ня выйду з вашых рук,—
Вы давялі мяне да згубы,
Вы і збаўляеце ад мук.
Але ня стану біць паклонаў,
За сваю гібель не змаўчу;
Знаць не хачу вашых законаў,
Знаць вашых судзьдзяў не хачу!
Электронную выставу да 140-годзьдзя Янкі Купалы падрыхтавалі: д-ка Караліна Мацкевіч (куратарка); Натальля Райсанен, Павал Шаўцоў, Ігар Іваноў (тэксты і пераклады); Саша Белавокая, Майкал Сагаціс (здымкі).



