Калекцыя, падараваная бібліятэцы Іосіфам Левітанам, уяўляе сабою цэласны збор твораў беларускага жывапісу канца ХХ стагодзьдзя. Большую яе частку складаюць палотны Віталя Цьвіркі (1913, в. Радзеева, Буда-Кашалёўскi раён – 1993, Менск) – клясыка айчыннага мастацтва, народнага мастака Беларусі. У калекцыю ўваходзяць 12 пэйзажаў майстра, напісаных у сталы пэрыяд ягонае творчасьці – у 1970-х – пач. 1980-х гадоў, – і адзін нацюрморт. Захоплены краявiдамі Беларусi, Віталь Цьвірка ў 1960-я гады вынайшаў уласны жывапiсны кшталт. У тыя часы ён стварае славутыя карцiны: “Родныя далягляды”, “Сьвiр”, “Сказ пра Палесьсе” ды дзясяткi iншых палотнаў, што вызначылi ягоны адметны, пазнавальны аўтарскі стыль.
Віталь Цьвірка быў рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага iнстытуту, ачольваў Саюз мастакоў Беларусі. Ягоныя творы зьберагаюцца ў музэях і галерэях Беларусі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Украіны. Большасьць твораў захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. У гонар Віталя Цьвіркі цяпер названая вуліца ў Менску.
Творы, перададзеныя ў Скарынаўскую бібліятэку, прадстаўляюць яскрава імпэтны і лёгкі, эцюдны стыль мастака. Ягоныя пэйзажы характэрныя эпічнасьцю, зьбіральнай вобразнасьцю, адметнай пазнавальнасьцю беларускіх краявідаў. Цьвірка шукаў менавіта тыповае ў адметнасьці розных куткоў Беларусі ад Паазер’я да Палесься. На іх зазвычай паказаныя межы чалавечага жыцьця і натуральнага асяродзьдзя, плён людзкае працы на палях і ў садах і велічныя разлогі прыроды. Пры тым беларускія пэйзажы майстра лучыць выбар маціцовага, няяркага прахалоднага сьвятла адліжнае пары або позьняе восені. Асобна ў гэтым зборы вылучаецца кампазыцыя ў нетыповым для Віталя Цьвіркі жанры нацюрморту.
Таксама ў калекцыю ўваходзяць два жывапісныя творы, што прадстаўляюць клясычны пэрыяд беларускага поставангарду, “новай беларускай плыні” канца 1980-х. Гэта кампазыцыя “Мутанты. Сям’я IV” (1989) Аляксея Жданава (1948, Менск – 1993, Менск), мастака і паэта, культурнага героя нонканфармізму ў Беларусі. Гэты творца быў актыўным удзельнікам руху андэграўнду, уваходзіў у арт-групы “Плюраліс”, “Форма”, “Корвус Цэкус” (“Сьляпая варона”). Ягоная творчасьць была адметнай часткаю неафіцыйнага мастацтва 1980-х. У сваіх творах Жданаў стварыў паралельны некамунікацыйны сьвет, які ўвасабляе вусьцішную рэальнасьць у прадчуваньні сацыяльнага краху і страчанай будучыні. Творы Аляксея Жданава знаходзяцца ў мастацкіх зборах Беларусі, Літвы, Польшчы, Расеі, ЗША і Ізраіля. Ягоныя вершы былі выдадзеныя двума зборнікамі пасьмяротна. Жданаў перакладаў зь беларускай вершы Алеся Разанава, зь якім быў добра знаёмы. Удзельнічаў у выставах “На Калектарнай” (1987), “Перспектыва” (1987), “Панарама” (1989). У Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, у 2013 годзе адбылася рэтраспэктыўная выстава твораў Жданава з прыватных калекцый “З жыцьця мутантаў, або Успамін аб будучыні”. Сам мастак так казаў пра свае працы: “Мяне хвалюе мутацыя, менавіта тая мутацыя, якая пачалася ў 17-м годзе і працягваецца да гэтага часу, і тое, што я малюю, – ёсьць мутанты”.
У зборы прадстаўленае таксама палатно “Пэйзаж з трубамі” (1989) Артура Клінава (1965, Менск), славутага мастака, фатографа і літаратара. Гэты твор таксама прадстаўляе андэграўндную плынь беларускага мастацтва нонканфармізму 1980-х. У той час Артур Клінаў маніфэставаў прадстаўніка беларускай культуры як сучаснага партызана ў гарадзкой прасторы і першапачаткова выступаў на выставах як жывапісец і акцыяніст. “Пэйзаж з трубамі” – характэрны прыклад экспрэсіянісцкага этапу жывапісу Артура Клінава, які на той час быў арганізатарам суполкі “БЛО”, удзельнікам выставаў групы “Форма”. У 1990-х стаў працаваць з аб’ектамі і інсталяцыямі. Сумесна зь Віктарам Пятровым і Дзянісам Раманоўскім арганізаваў міжнародны фэстываль пэрформансу “Навінкі”, з Тацьцянай Новікавай – фэстываль відэаарту. У 2000-х Артур Клінаў займаецца фатаграфіяй, кіно, публіцыстыкай і літаратурай. Ягонае палатно “Пэйзаж з трубамі” – унікальны твор раньняга пэрыяду ягонае творчасьці.
Ад брутальнага экспрэсіянізму Клінаў прыйшоў да сац-арту, што пераасэнсоўвае савецкае мінулае і іранізуе над ім. Іронія і настальгія з’яўляюцца, мабыць, галоўнымі маркерамі аб’ектаў, усталёвак і раманаў мастака, ці гэта будуць валізкі, запоўненыя культавымі кнігамі, шпакоўні зь беларускай мэблі пачатку ХХ стагодзьдзя, або “Партызанскі буцік“ – перасоўная інсталяцыя, створаная ў выглядзе крамы прадметаў савецкага побыту.
У фатаграфічным і літаратурным праекце “Мінск – горад Сонца” Артур Клінаў пераасэнсоўвае архітэктоніку беларускае сталіцы, якая паўстае ў выглядзе маштабнай інсталяцыі-атракцыёна, дзе архітэктура ўвасабляе сабой дэкарацыю “вялікай утопіі” ці “вароты” ў СССР. З масавымі культурнымі кодамі і архітэктурнымі дэкарацыямі мастак працуе ў сэрыях твораў з саломы.
У апошнія гады мастак адчувае вялікую цікавасьць да працы ў кіно, дзе ўжо як мастак-пастаноўшчык стварае “рэальныя” дэкарацыі. І дзе, як у фільме “Масакра” (2010, рэжысэр Андрэй Кудзіненка), можна ўбачыць дынаміку адыходу ад выяўленчасьці, якая ў сымбалічнай форме выявілася ў спаленьні саламяных твораў аўтара.
Абедзьве гэтыя карціны, Жданава і Клінава, экспанаваліся ў 1989 годзе на Першай рэспубліканскай выставе нетрадыцыйнага мастацтва “Панарама” (Менск, закінуты дом на вул. Гандлёвай, д. 27), а таксама на Выставе новага ўсходнеэўрапейскага мастацтва ў фотагалерэі “Oosterkerk” (Амстэрдам, Галяндыя) і выставе “Чырвонае і белае” у Музэі пад адкрытым небам (Амстэрдам, Галяндыя).
Такім чынам, гэтая калекцыя жывапісных твораў ярка прэзэнтуе стылі і практыкі беларускага мастацтва канца ХХ стагодзьдзя, ад рэалістычных, цяпер ужо клясычных, пэйзажаў Віталя Цьвіркі да андэграўдных экспэрымэнтаў Аляксея Жданава і Артура Клінава.
Сяргей Харэўскі, ЭГУ, Вільня
Паглядзець цалкам мастацкую галерэю нашага сайта можна тут









