
Скарынаўская бібліятэка атрымала ў дар ад прыватнага калекцыянэра 15 твораў вядомых беларускіх мастакоў — шэраг панарамных пэйзажаў і нацюрморт Віталя Цьвіркі і авангардныя жывапісныя творы Артура Клінава і Аляксея Жданава.
Скарынаўская бібліятэка захоўвае адметную калекцыю твораў мастакоў беларускага замежжа. Цяпер яна можа з гонарам прадставіць таксама яркія ўзоры мастацтва, створаныя ў Беларусі ў 1980-я гады.
Карціны перадаў у бібліятэку беларускі калекцыянэр з ЗША Ёсіф Левітан. Іншыя творы зь ягонай калекцыі былі перададзеныя ў музэі Злучаных Штатаў і адной з арганізацый беларускай дыяспары ў Амэрыцы.
Мы шчыра ўдзячныя спадару Левітану за шчодры дар і цешымся, што гэтыя ўнікальныя творы будуць цяпер даступныя ў нашай бібліятэцы — міжнародным цэнтры беларусазнаўчых дасьледаваньняў і папулярызацыі беларусікі.
З калекцыяй і яе апісаньнем можна пазнаёміцца ў артыкуле Сяргея Харэўскага.
Творы можна ўбачыць асабіста ў Скарынаўскай бібліятэцы — кантакты і адрас.
Калекцыя Скарынаўскай бібліятэкі існуе дзякуючы шчодрасьці такіх людзей, як спадар Левітан. Падтрымайце нас — і гэтыя ўнікальныя творы застануцца даступнымі для ўсіх.