Фальклёрны гурт “Вір”

Фальклёрны гурт "Вір", 2026
Фальклёрны гурт “Вір”, 2026

Фальклёрны гурт “Вір” быў заснаваны восеньню 2024 г. пры Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Яго аснову склалі ўдзельнікі аматарскага сьпеўнага гуртка, які Караліна Мацкевіч і Аляксей Шырневіч арганізавалі ў 2021 г. пры бібліятэцы. Цягам двух гадоў гуртку дапамагала Алеся Манькоўская. З пачаткам працы гурта пад кіраўніцтвам фальклярысткі Эвэліны Шчадрыной у 2024 г. сустрэчы сталі рэгулярнымі, пачалася сыстэмная работа над рэпэртуарам, неўзабаве пачаліся першыя выступы. Так, паступова, сьпеўны гурток ператварыўся ў паўнавартасны фальклёрны гурт з сваёй творчай канцэпцыяй, рэпэртуарам і назвай — “Вір”.

Асновай дзейнасьці гурта “Вір” зьяўляецца разуменьне фальклёру як жывой культурнай традыцыі. Удзельнікі вывучаюць і выконваюць народныя песьні, танцы і гульні розных рэгіёнаў Беларусі, знаёмяцца з традыцыйнымі абрадамі і сьвятамі і імкнуцца пражываць іх разам, у адпаведнасьці з традыцыяй.

Рэпэртуар гурта грунтуецца на аўтэнтычных фальклёрных запісах з архіўных аўдыяфондаў і палявых матэрыялаў. У працы выкарыстоўваюцца запісы з фондаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, электронныя рэсурсы па фальклёры, а таксама матэрыялы палявых дасьледаваньняў катэдры этналёгіі і фальклёру Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў і ўласныя экспэдыцыйныя запісы кіраўніцы гурта.

Фальклёрны гурт "Вір", 2026
Фальклёрны гурт “Вір”, 2026

Навучаньне адбываецца пераважна вусным шляхам — праз слуханьне і засваеньне традыцыі непасрэдна з запісаў народных выканаўцаў. Асаблівая ўвага надаецца вывучэньню рэгіянальных асаблівасьцей сьпеўнай традыцыі. Пры гэтым гурт не ставіць за мэту дакладнае ўзнаўленьне манеры асобных сьпевакоў, а імкнецца спасьцігнуць і перадаць характэрныя рысы мясцовых традыцый выкананьня.

За час свайго існаваньня гурт узяў удзел у шэрагу культурных падзей беларускай супольнасьці ў Вялікабрытаніі. У рэпэртуары “Віру” на момант публікацыі прадстаўленыя каляндарна-абрадавыя традыцыі розных рэгіёнаў Беларусі: калядныя і велікодныя песьні, абрады Гуканьня вясны, Купальля, Юр’і, восеньскія вячоркі, народныя гульні і танцы. Аднак рэпэртуар пастаянна пашыраецца. Удзельнікі гурта выступаюць на канцэртах, фэстывалях і культурных імпрэзах, а таксама арганізуюць уласныя праграмы, знаёмяць беларускую і міжнародную аўдыторыю з традыцыйнай культурай Беларусі.

Праца гурта магчымая дзякуючы існаваньню беларускага культурна-рэлігійнага цэнтру ў Паўночным Лёндане. Прастора Скарынаўскае бібліятэкі і Беларускае каталіцкае місіі выкарыстоўваецца ўдзельнікамі для рэпэтыцый і выступаў, а багатая калекцыя  фальклёрных і этнаграфічных тэкстаў у Скарынаўцы дапамагае з выбарам рэпэртуару і з падрыхтоўкай фэстаў.

Эвеліна, кіраўніца фальклёрнага гурта "Вір", 2026
Эвеліна, кіраўніца фальклёрнага гурта “Вір”, 2026

Эвеліна

Я – кіраўніца фальклёрнага гурта “Вір” і дасьледчыца беларускай традыцыйнай  музычнай культуры. Маю 20-гадовы досьвед выкладаньня беларускага фальклёру і вакальна-харавых дысцыплін у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў (БДУКМ) у Менску.

Упершыню я пачула народную песьню ў аўтэнтычным выкананьні на занятках беларускага фальклёру ў Музычным каледжы імя М. Глінкі. Менавіта праз акадэмічную музычную адукацыю пачаўся мой шлях да народнай музыкі. З часам я зразумела, што хачу цалкам паглыбіцца ў гэты неверагодны сусьвет народнай мудрасьці праз вывучэньне рэгіянальных сьпеўных стыляў Беларусі і традыцыйнай музыкі як такой.

Я шчасьлівая, што многія гады мела магчымасць выхоўваць спэцыялістаў у галіне традыцыйнай культуры і бачыць, наколькі цікавае каранёвае мастацтва для маладых людзей, многія зь якіх прысьвячаюць яму сваю прафэсійную дзейнасьць.

Трапіўшы ў Вялікабрытанію, я ўлілася ў кампанію апантаных людзей, для якіх важна  захаваць сваю ідэнтычнасьць праз мову і традыцыйную мастацкую культуру ў шматкультурным асяродзьдзі мэгаполісу, імя якому Лёндан. Цяпер для мяне “Вір” — гэта ня толькі прастора, дзе я рэалізую свае прафэсійныя кампетэнцыі, але і калектыў аднадумцаў і блізкіх сяброў, зь якімі прыемна і надзейна быць разам у любых абставінах.

Павал

Я – лёнданскі праўнік, сяджу ў радах розных беларускіх арганізацый Брытаніі.
Сьпяваць народныя і застольныя песьні я пачаў яшчэ ў Беларусі, калі калядаваў школьнікам з гомельскай “Талакой” напрыканцы 1980-х і калі ў пачатку 1990-х студэнтам БДУ галасіў “Бедна студэнцтва” падчас пікнікоў у Вязынцы.
Пасьля пераезду ў Лёндан у сярэдзіне 1990-х я далучыўся да беларускага асяродку ў Фінчлі і стаў сьпяваць тут падчас Купальляў ды Калядаў.
“Вір” узьняў нашыя сьпевы на новы ўзровень, стварыўшы прафэсійную, але ў той жа час вельмі сяброўскую атмасфэру. Я далучыўся да “Віру” ў восень 2024 г. і ніколі не пашкадаваў, нягледзячы на патрабавальнасьць нашае настаўніцы Эвэліны.
Нашыя сьпевы — гэта адначасова алей для душы і спажыва для розуму.

Караліна

Я — біблістка, працую ў сфэры спадчыны. Родам зь Менску, упершыню з фальклёрнымі сьпевамі пазнаёмілася ў менскай “Талацэ” ў 1980-я, і з таго часу традыцыйная культура — гэта частка жыцьця. У лёнданскім беларускім цэнтры пры Скарынаўскай бібліятэцы мы ладзілі Купальлі ад 2001 г., нашыя дзеці расьлі на традыцыйных гульнях і сьпевах. Пакрысе пачалі далучацца людзі з аўтэнтычным веданьнем традыцыі — з Алёшам Шырневічам прасьпявалі неяк “Царкоўку” на мосьце над Тэмзай і вырашылі гэта так не пакідаць. У выніку сабраўся сьпеўны асяродак, а тады нас знайшла Эвэліна і нарадзіўся сьпеўны гурт “Вір”. Я шчасьлівая, што ў нас ёсьць магчымасьць пражываць і захоўваць традыцыю, жывучы далёка ад дому, а сьпевы — гэта яшчэ і надзвычайны спосаб быць разам і чуць адно аднаго.

Ганна Шышла 

Скончыла гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка. Зачараваная народнымі сьпевамі зь дзяцінства: у бабулінай хаце чула іх з радыёкропкі, а таксама, калі баба Аня ціхенька сьпявала сама сабе, лежачы на печы. Мэляманка па жыцьці. Здаўна хацела навучыцца сьпяваць і вось мара ўрэшце спраўдзілася ў Лёндане.

Андрэй

Нарадзіўся і сталеў на Віцебшчыне. У Лёндан пераехаў у 21 год і незаплянавана застаўся. Заўсёды цягнуўся да беларушчыны, а народная песня — гэта тое, што аб’ядноўвае пакаленьні. Яднае сучаснае зь мінулым, нашых прашчураў з намі.
Працую на сябе, вольнага часу амаль ня маю. Сьпевы для мяне сталі аддушынай, якую заўсёды чакаю зь вялікім нецярпеньнем.

Эльміра, удзельніца гурта “Вір”, 2026

Эльміра

Я даўно жыву ў Лёндане, але толькі шэсьць гадоў таму натрапіла на інфармацыю пра беларускі цэнтар у Фінчлі. І там знайшла новых сяброў і ажыцьцявіла сваю мару — зноў сьпяваць. Калісьці была харысткай у Менску, але потым жыцьцёвы вір закруціў, не да спеваў было. Пачыналі мы сьпяваць як аматары, перапявалі ютубных бабулек. А потым у нас зьявілася Эвэліна, і жыцьцё зайграла новымі колерамі.
Фальклёрныя аўтэнтычныя сьпевы — гэта вельмі своеасаблівае мастацтва: там няма «правільна» ці «няправільна». Там сьпяваеш душой. Там з кожным гукам да нас даносяцца мары нашых продкаў. Там з кожным словам узьнікае ўспамін зь дзяцінства. Удзень я працую зь лічбамі і чакаю наступнай рэпэтыцыі як выратаваньня ад нуднай рутыны.

Алесь

Я нарадзіўся ды вырас на Піншчыне, у вёсцы Сошна. З 2006 г. я жыву ў Лёндане. Працую ў будаўніцтве. Музыка заўсёды была маім вялікім захапленьнем і нязьдзейсьненай марай. Наш сьпеўны гурток аб’яднаў маю любоў да музыкі, любоў да сьпеваў, сувязь зь беларускай культурай і беларускай грамадой у Злучаным Каралеўстве.

Ганна Калашук

Люблю сьпяваць, люблю беларускае, люблю быць з добрымі людзьмі — тут усё супала.

Аляксей, удзельнік гурта “Вір”, 2026

Аляксей

Пераехаўшы ў Лёндан, я сустрэў іншых беларусаў, захопленых народнай песьняй, музыкай і традыцыямі і жаданьнем супольна сьпяваць і адкрываць прыгажосьць і глыбіню нашай народнай культуры людзям розных бэкграўндаў у брытанскім асяродзьдзі.

Маё захапленьне народнай песьняй з аднаго боку вынікае з зацікаўленасьці шматлікімі праявамі народнай культуры, як вуснай так і матэрыяльнай, ад казак і паданьняў, сьвятаў і абрадаў, а таксама традыцый зьвязаных зь імі, аж да аб’ектаў народнага мастацтва і архітэктуры. З іншага боку, я заўсёды адчуваў, што гучаньне народнай песьні — гэта штосьці арганічнае для мяне, тое, што мажліва патрапіла ў мяне з дзяцінства і не адпускае аж дагэтуль. Гукі вёскі, нейкія казачныя паданьні пра мясціны, дзе нарадзіўся і сталеў, куцьця на Каляды і Валачобнае на Вялікдзень, абкурваньне хаты і запальваньне грамніц пад час буры і грымотаў, запах аеру і бярозы ў дзедавай хаце на Зялёныя Сьвяткі, позьнія восеньскія яблыкі барвовага колеру, якія людзі прыносілі пакласьці на магілах на Дзяды, а таксама песьні, якія яшчэ можна было зрэдку пачуць ад старэйшых жанчын. 

Фальклёрны гурт “Вір”, 2026

З творчасці гурта “Вір”

21.12 2024 – Батлейка у Беларускай царкве

21.12 2024 – Батлейка у Беларускай царкве

28.12 2024 – калядны абыход беларусаў у Фінчлі

28.12 2024 – калядны абыход беларусаў у Фінчлі

2.03.2025 – Песні масленічнага тыдня на свяце роднай мовы ў Скарынаўцы

2.03.2025 – Песні масленічнага тыдня на свяце роднай мовы ў Скарынаўцы

19.04.2025 – Валачобны абыход “Вірам” двароў ў Фінчлі на Вялікдзень

19.04.2025 – Валачобны абыход “Вірам” двароў ў Фінчлі на Вялікдзень

22.03.2025 – Гуканне вясны ў Скарынаўцы

22.03.2025 – Гуканне вясны ў Скарынаўцы

21.06.2025 -Удзел у штогадовым міжнародным фестывалі ў Crawley (St.Alban’s Church)

21.06.2025 -Удзел у штогадовым міжнародным фестывалі ў Crawley (St.Alban’s Church)

28.06.2025 – Купалле 2025 ў садзе Скарынаўкі

28.06.2025 – Купалле 2025 ў садзе Скарынаўкі

24.09.25 – Фолк-араторыя “SkarБ” у рамках фестывалю Tet-A-Tet, Cockpit Theatre пры  ўдзеле фальклорнага гурта “Вір”

24.09.25 – Фолк-араторыя “SkarБ” у рамках фестывалю Tet-A-Tet, Cockpit Theatre пры  ўдзеле фальклорнага гурта “Вір”

27.09.25 – Майстар-клас Э.Шчадрыной ў Cockpit Theatre для ўсіх жадаючых пазнаёміцца з беларускай спеўнай і карагодна-гульнявой традыцыяй беларусаў (пры ўдзеле гурта “Вір”)

27.09.25 – Майстар-клас Э.Шчадрыной ў Cockpit Theatre для ўсіх жадаючых пазнаёміцца з беларускай спеўнай і карагодна-гульнявой традыцыяй беларусаў (пры ўдзеле гурта “Вір”)

25.10.2025 – Канцэрт памяці Ночы растраляных паэтаў пры ўдзеле гурта “Вір” у Беларускай Царкве (падрыхтаваным Эвелінай Шчадрыной і Алесяй Манькоўскай)

9.11.2025 – Восеньскія вячоркі

06.12.25 – правядзенне Эвелінай Шчалрыной каляднага майстар-класа для беларусаў Лондану пры ўдзеле гурта “Вір” у Беларускай царкве Лёндана

20.12.25 – Батлейкавае прадстаўленне ў Беларускай царкве

20.12.25 – Батлейкавае прадстаўленне ў Беларускай царкве

15.02.26 – Свята Масленіца для беларусаў Лондану

29.04.26 – Відэаролік пра рэгіянальныя традыцыі святкавання Юр’я на Беларусі

29.04.26 – Відэаролік пра рэгіянальныя традыцыі святкавання Юр’я на Беларусі

19.06.26. – удзел у штогадовым міжнародным фестывалі ў Crawley (St.Alban’s Church)

19.06.26. – удзел у штогадовым міжнародным фестывалі ў Crawley (St.Alban’s Church)

27.06.2026 – Купалле-2026 ў садзе Скарынаўкі

27.06.2026 – Купалле-2026 ў садзе Скарынаўкі

Музычна-тэрапеўтычны праект “Дрэва” на фестывалі сучаснай оперы Tet-A-Tet, Cockpit Theatre (Э.Шчадрына, А.Кмяцова, А.Манькоўская) 

Музычна-тэрапеўтычны праект “Дрэва” на фестывалі сучаснай оперы Tet-A-Tet, Cockpit Theatre (Э.Шчадрына, А.Кмяцова, А.Манькоўская) 

Музычна-тэрапеўтычны праект “Дрэва” у Беларускай царкве ў Лёндане (Э.Шчадрына, А.Кмяцова, А.Манькоўская)

Музычна-тэрапеўтычны праект “Дрэва” у Беларускай царкве ў Лёндане (Э.Шчадрына, А.Кмяцова, А.Манькоўская)

0 replies on “Фальклёрны гурт “Вір””