
25 студзеня — гадавіна ад нараджэньня паэта, перакладчыка і мэмуарыста Антонія Адынца (1804–1885).

«Listy z podróży» (Варшава, 1884) з кніжнай калекцыі Скарынаўкі
Ураджэнец цяперашняга Ашмянскага раёну, Адынец вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, быў сябрам таварыства філярэтаў. Зьняволены па справе таварыства, Адынец напісаў гімн філярэтаў, насьледаваньне якому пазьней склаў Францішак Багушэвіч. Ён валодаў некалькімі эўрапейскімі мовамі, перакладаў Байрана, Скота, Шылера. Блізкі сябра Адама Міцкевіча, Адынец падарожнічаў зь ім па Эўропе ў 1829–1830 гг., разам яны сустракаліся зь Гётэ, у Францыі Адынец бачыўся зь Вікторам Гюго. Успаміны аб гэтым падарожжы сталі, паводле Адама Мальдзіса, найбольш значным творам Адынца. У 2025 годзе нашая бібліятэка набыла рэдкі асобнік гэтай знакамітай кнігі — першыя два тамы другога выданьня «Listy z podróży» (Варшава, 1884). Гэта ня проста дарожныя нататкі, але жывыя лісты з Эўропы XIX стагодзьдзя: пра гарады і людзей, мастацтва і звычаі, размовы і настроі эпохі. Адынец пачуваецца ў Эўропе як дома і піша пра яе з іроніяй і цеплынёй, умеючы з дробнай дэталі стварыць аб’ёмны партрэт часу. Асаблівую каштоўнасьць кнізе надае погляд аўтара — інтэлігентны, уважлівы, укаранёны ў культурнай прасторы нашых земляў і адначасова адкрыты сьвету.
