Сябра Скарынаўкі і будаўнік беларускай навуковай мовы: памяці Васіля Берніка (1947–2026)

Прафэсар Васіль Бернік (1947-2026)

11 студзеня ня стала прафэсара Васіля Берніка — выбітнага беларускага матэматыка, галоўнага рэдактара першай беларускамоўнай «Матэматычнай энцыкляпэдыі» і даўняга сябра Скарынаўскае бібліятэкі.

Дасьледаваньні і публікацыі Берніка ў галіне тэорыі лікаў былі ўганараваныя прэміямі на радзіме і вядомыя на Захадзе. Беларускага навукоўцу рэгулярна запрашалі чытаць курсы ва ўнівэрсытэтах Ёрку і Кэмбрыджу – агулам ён зьдзейсьніў больш за дванаццаць навуковых вандровак у Брытанію і падчас іх заўсёды гасьцяваў у айца Аляксандра Надсана ў Скарынаўцы. Айцец Аляксандар – матэматык паводле першай адукацыі – актыўна падтрымліваў працу Васіля Берніка па разьвіцьці і пашырэньні беларускае матэматычнае тэрміналёгіі, якая прывяла да выданьня ў 2001 годзе першае беларускамоўнае “Матэматычнае энцыкляпэдыі”.

Ніжэй падаем урывак з артыкула Васіля Берніка, дзе апісаны прыклад разьвязаньня складанага тэрміналягічнага пытаньня калектывам стваральнікаў энцыкляпэдыі:

“…гады абмеркаваньняў і спрэчак пайшлі на пошук адпаведніка такога тэрміналягічнага выразу, як “конечные и бесконечные множества”, якога датуль у беларускамоўных матэматычных тэкстах не існавала. А не існавала з той банальнай прычыны, што фундамэнтальнага паняцьця «конечность» у праграме сярэдняй школы не было, а ў вышэйшую школу беларускай мове, як ведама, дзьверы былі зачыненыя. Дык вось, мы паглядзелі, што ва ўсіх эўрапейскіх мовах гэтае паняцьце падаецца як проціпастаўленьне бясконцасці: infinite — finite (ангельская мова), unendlichе — endlichе (нямецкая), бесконечный – конечный (расейская). Таму ў выніку напружаных дыскусій прыйшлі да таго, што на беларускай мове натуральна казаць «бясконцы — концы».”

Кніга аўтарства прафэсара Васіля Берніка з калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі

Артыкул Васіля Берніка “Пра айца Аляксандра і ягоную бібліятэку” будзе апублікаваны выдавецтвам Skaryna Press у 2026 годзе ў зборніку артыкулаў “Зьбіраўся скарб”, прысьвечаным Скарынаўскай бібліятэцы.

0 replies on “Сябра Скарынаўкі і будаўнік беларускай навуковай мовы: памяці Васіля Берніка (1947–2026)”