Джым Дынглі “Успамін пра Гая Пікарду”

Пішучы пра Гая ў час, калі яму споўнілася б 95 гадоў, я буду вандраваць па сьцяжынках успамінаў – занятак, якога я звычайна імкнуся пазьбягаць, бо ён непазьбежна спалучае ў сабе настальгію, смутак і сорам. Таму далей будзе адвольны пераказ маіх думак і ўражаньняў пра чалавека, якога мне хочацца назваць сапраўдным сябрам.

Упершыню я сустрэў Гая, здаецца, у 1965 годзе — прыкладна тады ж, калі пазнаёміўся з Англа-беларускім таварыствам. Сустрэча адбылася ў памяшканьні лёнданскага Таварыства антыквараў у Бэрлінгтан-Гаўзе. Я быў уражаны яшчэ да пачатку сустрэчы. Цяпер я ўжо не памятаю, пра што была лекцыя, але добра памятаю уладкаванага ў даволі вялікім фатэлі старшыню, які ўзвышаўся над усімі, што цалкам адпавядала ягонаму статусу. Старшынём быў Гай.

На гэтай і наступных сустрэчах мяне ўразілі ягоны безумоўна “пампэзны” акцэнт, ягоны пакручасты радавод, у якім сьпляталіся англа-ірляндзкая і француска-брэтонская лініі, і ягонае захапленьне Беларусьсю. Якім чынам праўнік, які мог выступаць у судзе і ў Лёндане, і ў Парыжы, мог зацікавіцца маладасьледаваным кутком Усходняе Эўропы? На больш будзённым узроўні — пасьля кожнае сустрэчы ў Бэрлінгтан-Гаўзе ён наймаў таксоўку, каб адвезьці ўсіх, хто хацеў да яго далучыцца, на грунтоўную трапэзу ў Англа-бэльгійскі клюб на Бэлгрэўскім пляцы. Ён заўсёды адмаўляўся ад любой прапановы аплаціць выдаткі, і ў тыя першыя дні я наіўна думаў, што Англа-беларускае таварыства мусіць быць вельмі заможным. З часам я даведаўся аб праўдзівым стане рэчаў. Аднак любоў да гасьціннасьці, добрага віна, смачнай ежы (часта прыгатаванай ім самім) і размоваў засталася зь ім на ўсё жыцьцё.

Я пачаў часьцей сустракацца з Гаем пасьля афіцыйнага адкрыцьця Беларускае бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў 1971 годзе. Мы абодва ўваходзілі ў склад апякунскае рады, а Гай быў яе першым сакратаром.

Бывалі выпадкі, калі на пасяджэньнях Гай паводзіў сябе, як тыповы ангельскі джэнтэльмэн-эксцэнтрык. Ён любіў крыху эпатаваць публіку, асабліва калі, паводле яго, радныя забываліся, што бібліятэка знаходзіцца ў Ангельшчыне, і таму падпарадкоўваецца ангельскаму заканадаўству. Звычайна ён атрымліваў менавіта тую рэакцыю ад радных-беларусаў, якую й хацеў выклікаць. Ягонае рашэньне прызначыць сябе бібліятэкарам, адказным за музычную калекцыю, таксама выклікала незадаволенасьць у пэўных колах, хаця хто яшчэ займаўся б ужо значнымі на той момант музычнымі зборамі бібліятэкі?

Згадка пра музыку прыводзіць мяне да разгляду дасягненьняў Гая ў галіне беларусазнаўства. Для мяне гэта момант і шкадаваньня, і сораму: спачатку я не ўспрымаў Гая дастаткова сур’ёзна. Магчыма, гэта было таму, што ён сам, здавалася, не ўспрымаў сябе занадта сур’ёзна. Мне спатрэбіўся пэўны час, каб зразумець, што на самой справе ён быў вельмі сур’ёзным чалавекам.

Мне так і не давялося даведацца ад Гая, як і калі менавіта ён здолеў сабраць вялікую колькасьць беларускіх народных песень і гімнаў. Але тое, што ён зрабіў, апублікаваўшы іх, стала неацэнным унёскам ня толькі ў беларусазнаўства, але і ў справу аднаўленьня беларускай музычнай культуры. У 2006 годзе за гэтую працу, а таксама за ўдзел у якасьці сябра журы фэстывалю царкоўнай музыкі «Магутны Божа» у Магілёве ён быў узнагароджаны дыплёмам ЮНЭСКО за заслугі перад беларускай культурай.

Сярод іншага, ён быў глыбока зацікаўлены беларускімі старадрукамі і Кембрыджскім колам інтэлектуалаў, якія ў першую чвэрць ХХ-га стагодзьдзя вывучалі ‘White Ruthenia’ — так у той час яны называлі Беларусь. Дадайце да гэтага ягоны даведнік па Менску, апублікаваны там у 1994 годзе, а таксама ягоную аднаасобную працу па выпуску Belarusian Chronicle (Беларускія Хронікі) ў 1990-я і пачатак 2000-х — і вы пачняце ў поўнай меры разумець маштаб чалавека, які ня проста цікавіўся Беларусьсю, але быў непасрэдна і актыўна заангажаваны ў захаваньні, вывучэньні і разьвіцьці яе культуры.

Я заўсёды буду памятаць яго як чалавека, які любіў жыцьцё, таленавітага апавядальніка, інтэлектуала з дапытлівым розумам і зьедлівай дасьціпнасьцю. Ведаць яго для мяне было вялікім гонарам.

0 replies on “Джым Дынглі “Успамін пра Гая Пікарду””