8 жніўня споўнілася сто гадоў з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана — сьвятара, гісторыка, перакладчыка, рэлігійнага і грамадзкага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў і кіраўніка Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане. Ушаноўваючы памяць айца Аляксандра ў гэты дзень, мы працягваем асэнсоўваць ягоную ролю і значнасьць ягонага даробку.

Яшчэ пры жыцьці Аляксандра Надсана называлі чалавекам-інстытутам. Сапраўдны палімат, ён зрабіў значны ўнёсак у дасьледаваньне славянскіх старадрукаў і беларускіх татарскіх кітабаў, датаваў выданьне «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны, напісаў важныя працы па рэлігійнай гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя. Ягоная бібліяграфія налічвае больш за 200 навуковых публікацыяў, сярод якіх — грунтоўны жыцьцяпіс біскупа Чэслава Сіповіча, які выйшаў на дзьвюх мовах і стаў важнай крыніцай для дасьледнікаў гісторыі беларускае царквы і дыяспары ў Вялікабрытаніі.
Найбольш маштабнай працай айца стаў пераклад біблійных і літургічных тэкстаў. Ён першым пераклаў велізарны корпус усходняе літургіі са старажытнагрэцкай на беларускую мову. Дзякуючы ягонай працы беларуская мова замяніла царкоўнаславянскую ў якасьці мовы літургічнай малітвы — спачатку ў лёнданскай капліцы сьвятых Пятра і Паўла, дзе айцец штодня маліўся за беларускі народ, а пазьней у многіх беларускіх цэрквах у Беларусі і за мяжой.

Як апостальскі візытатар для беларусаў замежжа, ён падтрымліваў і яднаў беларускія супольнасьці па ўсім сьвеце, наведваў асяродкі дыяспары і зьвяртаўся да беларусаў з рэгулярнымі велікоднымі і каляднымі пасланьнямі на Радыё Свабода. Ён заснаваў міжнародны Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, стаўшы адным зь першых на Захадзе, хто арганізаваў гуманітарную дапамогу пасьля Чарнобыльскай катастрофы.

Імя айца Надсана непарыўна зьвязанае з Скарынаўскай бібліятэкай. Разам зь біскупам Чэславам Сіповічам і айцом Львом Гарошкам ён стаяў ля яе вытокаў, а ад моманту яе афіцыйнага адкрыцьця ў 1971 годзе быў яе нязьменным кіраўніком і бібліятэкарам. Зь ім бібліятэка прайшла поўны шлях — ад заснаваньня і фармаваньня калекцыі, збору ахвяраваньняў на яе падтрыманьне, пошуку рэдкіх кніг на аўкцыёнах і ў букіністычных крамах па ўсім сьвеце і арганізацыі кнігаабмену зь бібліятэкамі ў Беларусі да клясыфікацыі калекцыі, парадкаваньня кніг на паліцах, працы з шматлікімі дасьледнікамі і наведнікамі і ўсёй процьмы вялікіх і дробных клопатаў, зь якімі зьвязанае жыцьцё бібліятэкі. Пад ягоным кіраўніцтвам бібліятэка стала адным з найбуйнейшых дасьледчых цэнтраў беларусістыкі і асяродкаў беларускае культуры на Захадзе. У тым, чым ёсьць бібліятэка сёньня, найперш ягоная роля і заслуга.
Але можна казаць і пра адваротны працэс уплыву, бо, зьбіраючы скарбы і фармуючы калекцыю, айцец сам фармаваўся як дасьледнік. Ці авалодаў бы ён арабіцай і ці стаў бы дасьледнікам кітабаў, калі б у бібліятэчную калекцыю не патрапіў татарскі тэфсір 1725 году? Магчыма, але можна сказаць з пэўнасьцю, што наяўнасьць пэўных крыніц уплывала на тэмы айцовых дасьледаваньняў. У Скарынаўцы ён быў ня толькі бібліятэкарам, але і першым, а часам галоўным дасьледнікам і чытачом.

Сёньня ўся Скарынаўская бібліятэка ёсьць вялікім мэмарыялам айцу Надсану. Тут ён жыў, прымаў наведнікаў і гасьцей, адсюль вёў велізарную карэспандэнцыю з заходнімі славістамі і сябрамі ды паплечнікамі зь беларускіх асяродкаў Амэрыкі, Канады, Аўстраліі, Польшчы, Францыі, Нямеччыны. Тут ён наладзіў выдавецкую дзейнасьць, друкуючы на ксэраксе бюлетэні, вярстаючы на старым Макінтошы і ўласнаручна пераплятаючы літургічныя зборнікі і гістарычныя дасьледаваньні. Дзесяцігодзьдзямі бібліятэка была месцам ягонае навуковае і перакладніцкае працы.
У ягоным былым кабінэце — цяпер гэта офіс бібліятэкі — захоўваюцца дзясяткі тамоў патрапаных слоўнікаў клясычных і сучасных моваў і біблійных лексыконаў, якімі штодня карыстаўся айцец-паліглёт. Згадваюцца ягоныя словы: «Слоўнікі карысныя толькі для тых, хто ведае мову». І ў гэтай сфэры яму не было роўных. Ён быў хіба апошнім, калі не адзіным нашым кніжнікам, які спалучаў веданьне старажытных моваў і пісьмовых помнікаў старажытнае ўсходняе традыцыі з надзвычайнай начытанасьцю ў сучаснай беларускай і заходняй літаратуры і зь любоўю да народнага слова й гумару.
Добры прыклад таму — ягоныя крытычныя артыкулы, як, напрыклад, «Скарына і ананасы» (ARCHE Скарына, № 3, 2001), дзе айцец з уласьцівым яму досьціпам разьбірае псэўданавуковыя публікацыі ў скарыназнаўстве, лёгка апэруючы лацінамоўнымі крыніцамі і дарэчна ўплятаючы ў тэкст цытаты зь беларускіх клясыкаў і жыцьцёвыя ўспаміны. Гэты адметны стыль палемікі — у ім пазнаецца таксама стыль айцовых казаньняў — робіць ягоныя самыя сур’ёзныя крытычныя тэксты захапляльнай чытанкай, часам падобнай да дэтэктыву. Артыкул «Caveat Lector» (ARCHE Скарына, № 1, 2002) — яшчэ адзін яскравы прыклад таго, наколькі адрозьніваўся айцовы навуковы і крытычны падыход, прыняты ў заходняй акадэміі, ад ідэалягізаваных псэўданавуковых публікацый некаторых беларускіх дасьледнікаў рэлігійнай гісторыі і духоўнае спадчыны. І як жа трапна гучаць словы Коласавага дзядзькі Антося пра клёцкі з сокам, якія Аляксандар Надсан нязмушана цытуе, падсумоўваючы сваю навуковую рэцэнзію!

Падобны крытычны падыход айцец выкарыстоўваў у сваёй працы як перакладнік біблійных тэкстаў. Крытычныя камэнтары Аляксандра Надсана да перакладу Псалтыра, якія захоўваюцца ў архіве Скарынаўскай бібліятэкі, — гэта параўнальнае дасьледаваньне, падобнага да якога не было ў беларускай біблістыцы. Яно ў тым ліку паказвае, як памылкі ў ранніх аўтарытэтных вэрсіях Псалтыра замацоўваліся ва ўжытку і пераносіліся ў беларускія ды іншыя пераклады, і прапаноўвае новыя, абгрунтаваныя варыянты перакладу.
Важнай часткай працы айца як бібліятэкара была падтрымка англамоўнай беларусістыкі, праца з заходнімі дасьледнікамі, удзел у імпрэзах Англа-беларускага таварыства. Ягоныя навуковыя артыкулы выходзілі ў часопісе The Journal of Byelorussian Studies, тут жа ён рэгулярна публікаваў бібліяграфіі выданьняў па беларускай мове, літаратуры і гісторыі. Няпоўная бібліяграфія працаў самога айца Надсана да 2009 году, апублікаваная на сайце Часасловец, паказвае абсяг ягонага навуковага і публіцыстычнага ўнёску, які яшчэ чакае агульнанацыянальнага асэнсаваньня.
Юбілейны год дае добрую нагоду для такога асэнсаваньня. Першыя Надсанаўскія чытаньні “Разуменьне свабоды”, якія прайшлі сёлета ў Вільні, мелі на мэце прыцягнуць увагу навукоўцаў і шырэйшай беларускай супольнасьці да вывучэньня жыцьця, дзейнасьці і навуковай спадчыны Аляксандра Надсана. Гэта была першая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная яму, якая сабрала дасьледнікаў розных галінаў — мовазнаўства, гісторыі, дыяспарных дасьледаваньняў, мастацтвазнаўства, біблістыкі, а таксама сьвятароў і прадстаўнікоў беларускай супольнасьці розных пакаленьняў — тых, хто ведаў яго асабіста, і тых, хто працягвае ягоную працу сёньня.
Віленскія чытаньні адкрылі праграму навуковых мерапрыемстваў да стагодзьдзя айца Аляксандра Надсана. У верасьні Скарынаўская бібліятэка супольна зь Інстытутам беларускае мовы правядзе моўны сымпозіюм у ягоны гонар, а ў кастрычніку на канфэрэнцыі катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту памяці айца плянуецца прысьвяціць асобную сэкцыю.
Першая грунтоўная манаграфія, прысьвечаная жыцьцю і дзейнасьці айца Аляксандра Надсана, сёлета рыхтуецца да выданьня ў выдавецтве «Скарына». Яе аўтар, Уладзіслаў Гарбацкі, на працягу некалькіх гадоў зьбіраў матэрыялы, дасьледаваў архіў айцовае карэспандэнцыі, публікацыі, шматлікія інтэрвію і сьвяточныя пасланьні ў мэдыях, апытваў сучасьнікаў, навукоўцаў, сяброў і былых студэнтаў айца. Вынікам гэтай працы стаў аповед, у якім айцец Аляксандар паўстае ня толькі як выбітны сьвятар, мысьляр і дасьледнік, але і як яркая і жывая асоба, сябар і настаўнік, чалавек з надзвычайным пачуцьцём гумару, любоўю і цікавасьцю да людзей і да жыцьця.
У новай царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага літургічнае служэньне айца Аляксандра працягвае ягоны наступнік айцец Сяргей Стасевіч. 8 жніўня лёнданская беларуская супольнасьць ушануе памяць айца Аляксандра супольнай малітвай і адведае месца ягонага спачыну на могілках у East Finchley. А таксама, на стагодзьдзе айца новае пакаленьне беларусаў пакіне ў Скарынаўскай бібліятэцы свой «Ліст у будучыню».
Да стагодзьдзя айца Аляксандра ў бібліятэцы адчынілася выстава ягоных публікацый, а таксама інтэрвію і артыкулаў, прысьвечаных айцу Аляксандру, якія публікаваліся ў беларускіх мэдыях. Наведнікі змогуць пагартаць ягоныя кнігі, артыкулы, бюлетэні і календары, многія зь якіх ён сам набіраў, вярстаў і друкаваў у Лёндане.
Жывучы ў эміграцыі і будучы носьбітам эўрапейскае інтэлектуальнае і культурнае традыцыі, айцец Аляксандар быў выразьнікам беларускае культуры і ідэнтычнасьці, зьбіральнікам і дасьледнікам беларускага скарбу. Ягоны навуковы і грамадзкі даробак і створаная ім Скарынаўка сталі нашым агульнанацыянальным набыткам. Няхай багатая спадчына айца Надсана працягвае натхняць новыя пакаленьні дасьледнікаў і працаўнікоў на беларускай ніве! Айцец калісьці сказаў сваім наступнікам: «Я зрабіў, што мог, – цяпер вы старайцеся!» То стараймася!
Караліна Мацкевіч