Сустрэча са Сьвятланай Лясовіч, якая прайшла 20 студзеня ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лёндане, атрымалася вельмі жывой і багатай на цікавыя адкрыцьці.
Дасьледніца распавядала пра моўныя маркеры ідэнтычнасьці у традыцыйнай і ў сучаснай культурах, пра сувязь мовы з ляндшафтам, пра адносіны паміж дыялектам і трасянкай, пра фразэалягізмы і слоўнікі.
Удзельнікі згадвалі прымаўкі сваіх бацькоў, дзядоў і бабуль, а таксама выразы, якія замацаваліся ў мове ў апошнія гады.
У працяг гутаркі пра мову, культуру і традыцыю, Сьвятлана Лясовіч перадала бібліятэцы ў падарунак “Беларуска-рускі слоўнік крыміналістычных тэрмінаў” У.П. Шыянка пад ейнай рэдакцыяй — першы спэцыялізаваны слоўнік у гэтай галіне. А таксама каштоўны ганчарны выраб — рэканструяваны гляк-берасьцянік, зроблены Народным майстрам Валерыем Зінкевічам па адноўленай тэхналёгіі, цяпер амаль забытай у Беларусі (пра берасьцянік у асобным допісе).
