
Фальклёрны гурт “Вір” быў заснаваны восеньню 2024 г. пры Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Яго аснову склалі ўдзельнікі аматарскага сьпеўнага гуртка, які Караліна Мацкевіч і Аляксей Шырневіч арганізавалі ў 2021 г. пры бібліятэцы. Цягам двух гадоў гуртку дапамагала Алеся Манькоўская. З пачаткам працы гурта пад кіраўніцтвам фальклярысткі Эвэліны Шчадрыной у 2024 г. сустрэчы сталі рэгулярнымі, пачалася сыстэмная работа над рэпэртуарам, неўзабаве пачаліся першыя выступы. Так, паступова, сьпеўны гурток ператварыўся ў паўнавартасны фальклёрны гурт з сваёй творчай канцэпцыяй, рэпэртуарам і назвай — “Вір”.
Асновай дзейнасьці гурта “Вір” зьяўляецца разуменьне фальклёру як жывой культурнай традыцыі. Удзельнікі вывучаюць і выконваюць народныя песьні, танцы і гульні розных рэгіёнаў Беларусі, знаёмяцца з традыцыйнымі абрадамі і сьвятамі і імкнуцца пражываць іх разам, у адпаведнасьці з традыцыяй.
Рэпэртуар гурта грунтуецца на аўтэнтычных фальклёрных запісах з архіўных аўдыяфондаў і палявых матэрыялаў. У працы выкарыстоўваюцца запісы з фондаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, электронныя рэсурсы па фальклёры, а таксама матэрыялы палявых дасьледаваньняў катэдры этналёгіі і фальклёру Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў і ўласныя экспэдыцыйныя запісы кіраўніцы гурта.

Навучаньне адбываецца пераважна вусным шляхам — праз слуханьне і засваеньне традыцыі непасрэдна з запісаў народных выканаўцаў. Асаблівая ўвага надаецца вывучэньню рэгіянальных асаблівасьцей сьпеўнай традыцыі. Пры гэтым гурт не ставіць за мэту дакладнае ўзнаўленьне манеры асобных сьпевакоў, а імкнецца спасьцігнуць і перадаць характэрныя рысы мясцовых традыцый выкананьня.
За час свайго існаваньня гурт узяў удзел у шэрагу культурных падзей беларускай супольнасьці ў Вялікабрытаніі. У рэпэртуары “Віру” на момант публікацыі прадстаўленыя каляндарна-абрадавыя традыцыі розных рэгіёнаў Беларусі: калядныя і велікодныя песьні, абрады Гуканьня вясны, Купальля, Юр’і, восеньскія вячоркі, народныя гульні і танцы. Аднак рэпэртуар пастаянна пашыраецца. Удзельнікі гурта выступаюць на канцэртах, фэстывалях і культурных імпрэзах, а таксама арганізуюць уласныя праграмы, знаёмяць беларускую і міжнародную аўдыторыю з традыцыйнай культурай Беларусі.
Праца гурта магчымая дзякуючы існаваньню беларускага культурна-рэлігійнага цэнтру ў Паўночным Лёндане. Прастора Скарынаўскае бібліятэкі і Беларускае каталіцкае місіі выкарыстоўваецца ўдзельнікамі для рэпэтыцый і выступаў, а багатая калекцыя фальклёрных і этнаграфічных тэкстаў у Скарынаўцы дапамагае з выбарам рэпэртуару і з падрыхтоўкай фэстаў.

Эвеліна
Я – кіраўніца фальклёрнага гурта “Вір” і дасьледчыца беларускай традыцыйнай музычнай культуры. Маю 20-гадовы досьвед выкладаньня беларускага фальклёру і вакальна-харавых дысцыплін у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў (БДУКМ) у Менску.
Упершыню я пачула народную песьню ў аўтэнтычным выкананьні на занятках беларускага фальклёру ў Музычным каледжы імя М. Глінкі. Менавіта праз акадэмічную музычную адукацыю пачаўся мой шлях да народнай музыкі. З часам я зразумела, што хачу цалкам паглыбіцца ў гэты неверагодны сусьвет народнай мудрасьці праз вывучэньне рэгіянальных сьпеўных стыляў Беларусі і традыцыйнай музыкі як такой.
Я шчасьлівая, што многія гады мела магчымасць выхоўваць спэцыялістаў у галіне традыцыйнай культуры і бачыць, наколькі цікавае каранёвае мастацтва для маладых людзей, многія зь якіх прысьвячаюць яму сваю прафэсійную дзейнасьць.
Трапіўшы ў Вялікабрытанію, я ўлілася ў кампанію апантаных людзей, для якіх важна захаваць сваю ідэнтычнасьць праз мову і традыцыйную мастацкую культуру ў шматкультурным асяродзьдзі мэгаполісу, імя якому Лёндан. Цяпер для мяне “Вір” — гэта ня толькі прастора, дзе я рэалізую свае прафэсійныя кампетэнцыі, але і калектыў аднадумцаў і блізкіх сяброў, зь якімі прыемна і надзейна быць разам у любых абставінах.

Павал
Я – лёнданскі праўнік, сяджу ў радах розных беларускіх арганізацый Брытаніі.
Сьпяваць народныя і застольныя песьні я пачаў яшчэ ў Беларусі, калі калядаваў школьнікам з гомельскай “Талакой” напрыканцы 1980-х і калі ў пачатку 1990-х студэнтам БДУ галасіў “Бедна студэнцтва” падчас пікнікоў у Вязынцы.
Пасьля пераезду ў Лёндан у сярэдзіне 1990-х я далучыўся да беларускага асяродку ў Фінчлі і стаў сьпяваць тут падчас Купальляў ды Калядаў.
“Вір” узьняў нашыя сьпевы на новы ўзровень, стварыўшы прафэсійную, але ў той жа час вельмі сяброўскую атмасфэру. Я далучыўся да “Віру” ў восень 2024 г. і ніколі не пашкадаваў, нягледзячы на патрабавальнасьць нашае настаўніцы Эвэліны.
Нашыя сьпевы — гэта адначасова алей для душы і спажыва для розуму.
Караліна

Я — біблістка, працую ў сфэры спадчыны. Родам зь Менску, упершыню з фальклёрнымі сьпевамі пазнаёмілася ў менскай “Талацэ” ў 1980-я, і з таго часу традыцыйная культура — гэта частка жыцьця. У лёнданскім беларускім цэнтры пры Скарынаўскай бібліятэцы мы ладзілі Купальлі ад 2001 г., нашыя дзеці расьлі на традыцыйных гульнях і сьпевах. Пакрысе пачалі далучацца людзі з аўтэнтычным веданьнем традыцыі — з Алёшам Шырневічам прасьпявалі неяк “Царкоўку” на мосьце над Тэмзай і вырашылі гэта так не пакідаць. У выніку сабраўся сьпеўны асяродак, а тады нас знайшла Эвэліна і нарадзіўся сьпеўны гурт “Вір”. Я шчасьлівая, што ў нас ёсьць магчымасьць пражываць і захоўваць традыцыю, жывучы далёка ад дому, а сьпевы — гэта яшчэ і надзвычайны спосаб быць разам і чуць адно аднаго.
Ганна Шышла
Скончыла гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка. Зачараваная народнымі сьпевамі зь дзяцінства: у бабулінай хаце чула іх з радыёкропкі, а таксама, калі баба Аня ціхенька сьпявала сама сабе, лежачы на печы. Мэляманка па жыцьці. Здаўна хацела навучыцца сьпяваць і вось мара ўрэшце спраўдзілася ў Лёндане.


Андрэй
Нарадзіўся і сталеў на Віцебшчыне. У Лёндан пераехаў у 21 год і незаплянавана застаўся. Заўсёды цягнуўся да беларушчыны, а народная песня — гэта тое, што аб’ядноўвае пакаленьні. Яднае сучаснае зь мінулым, нашых прашчураў з намі.
Працую на сябе, вольнага часу амаль ня маю. Сьпевы для мяне сталі аддушынай, якую заўсёды чакаю зь вялікім нецярпеньнем.

Эльміра
Я даўно жыву ў Лёндане, але толькі шэсьць гадоў таму натрапіла на інфармацыю пра беларускі цэнтар у Фінчлі. І там знайшла новых сяброў і ажыцьцявіла сваю мару — зноў сьпяваць. Калісьці была харысткай у Менску, але потым жыцьцёвы вір закруціў, не да спеваў было. Пачыналі мы сьпяваць як аматары, перапявалі ютубных бабулек. А потым у нас зьявілася Эвэліна, і жыцьцё зайграла новымі колерамі.
Фальклёрныя аўтэнтычныя сьпевы — гэта вельмі своеасаблівае мастацтва: там няма «правільна» ці «няправільна». Там сьпяваеш душой. Там з кожным гукам да нас даносяцца мары нашых продкаў. Там з кожным словам узьнікае ўспамін зь дзяцінства. Удзень я працую зь лічбамі і чакаю наступнай рэпэтыцыі як выратаваньня ад нуднай рутыны.
Алесь
Я нарадзіўся ды вырас на Піншчыне, у вёсцы Сошна. З 2006 г. я жыву ў Лёндане. Працую ў будаўніцтве. Музыка заўсёды была маім вялікім захапленьнем і нязьдзейсьненай марай. Наш сьпеўны гурток аб’яднаў маю любоў да музыкі, любоў да сьпеваў, сувязь зь беларускай культурай і беларускай грамадой у Злучаным Каралеўстве.


Ганна Калашук
Люблю сьпяваць, люблю беларускае, люблю быць з добрымі людзьмі — тут усё супала.

Аляксей
Пераехаўшы ў Лёндан, я сустрэў іншых беларусаў, захопленых народнай песьняй, музыкай і традыцыямі і жаданьнем супольна сьпяваць і адкрываць прыгажосьць і глыбіню нашай народнай культуры людзям розных бэкграўндаў у брытанскім асяродзьдзі.
Маё захапленьне народнай песьняй з аднаго боку вынікае з зацікаўленасьці шматлікімі праявамі народнай культуры, як вуснай так і матэрыяльнай, ад казак і паданьняў, сьвятаў і абрадаў, а таксама традыцый зьвязаных зь імі, аж да аб’ектаў народнага мастацтва і архітэктуры. З іншага боку, я заўсёды адчуваў, што гучаньне народнай песьні — гэта штосьці арганічнае для мяне, тое, што мажліва патрапіла ў мяне з дзяцінства і не адпускае аж дагэтуль. Гукі вёскі, нейкія казачныя паданьні пра мясціны, дзе нарадзіўся і сталеў, куцьця на Каляды і Валачобнае на Вялікдзень, абкурваньне хаты і запальваньне грамніц пад час буры і грымотаў, запах аеру і бярозы ў дзедавай хаце на Зялёныя Сьвяткі, позьнія восеньскія яблыкі барвовага колеру, якія людзі прыносілі пакласьці на магілах на Дзяды, а таксама песьні, якія яшчэ можна было зрэдку пачуць ад старэйшых жанчын.
