Адна з найбольш яскравых постацяў нашае выставы – вядомая паэтка і грамадзкая дзяячка Ларыса Геніюш (1910-1983). Палымяны патрыятызм афарбаваў ейную творчасьць і вызначыў драматычны лёс паэткі, якая прысьвяціла жыцьцё беларускаму нацыянальнаму руху.
Л. Геніюш зь сям’ёй пераехала ў Прагу з Заходняй Беларусі ў другой палове 1930-х гадоў. Там яна стала сакратаркай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, уваходзіла ў Беларускі камітэт самапомачы і апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі і ваеннапалоннымі. Тут жа, у Празе, выйшаў ейны першы зборнік вершаў “Ад родных ніў” (1942).
У сакавіку 1948 году Л. Геніюш з мужам Янкам арыштавалі чэхаславацкія камуністы, якія захапілі ўладу падчас лютаўскага перавароту. Сям’ю выдалі савецкім спэцслужбам, якія патаемна вывезьлі іх у Менск. Сына Геніюшаў, Юрку, якому было тады толькі 12 гадоў, удалося пераправіць да сваякоў у Польшчу, у адносную бясьпеку.
Падчас сьледзтва ад паэткі беспасьпяхова дамагаліся выдаць уладам архівы БНР, а ў лютым 1949 году Вярхоўны суд савецкай Беларусі прыгаварыў Ларысу і Янку Геніюшаў да 25 гадоў папраўча-працоўных лягераў. Л. Геніюш адбывала пакараньне на поўначы СССР, у 1956 годзе была вызваленая і разам з мужам вярнулася ў Зэльву Гарадзенскай вобласьці.

У лягерах яна працягвала таемна пісаць вершы і вынесла адтуль адныя з самых балючых і моцных сваіх твораў. Разлучаная з сынам і мужам, асуджаная на прымусовую працу ў неймаверна цяжкіх умовах, Л. Геніюш засталася няскоранай у сваёй чалавечнасьці і адданасьці беларускай ідэі. У сваёй кнізе ўспамінаў “Споведзь” яна піша:
“З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма… Я ня ведала, што йсьці на сьмерць за Радзіму ня страшна, а лёгка, весела, амаль сьвяточна”.
Пасьля высылкі паэтка адмовілася прымаць савецкае грамадзянства, працягвала пісаць і выдавала сваю паэзію. Ейная гасьцінная хата ў Зэльве стала мейсцам таемнага паломніцтва для беларускай культурнай эліты 70-80-х гадоў.
