Асаблівае месца на выставе належыць Вацлаву Ластоўскаму (1883 – 1938) – пісьменьніку, гісторыку, этнографу, публіцысту і палітычнаму дзеячу, аднаму з “айцоў” беларускага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя.
Паходжаньнем са зьбяднелай шляхты Віцебшчыны, Ластоўскі далучыўся да нацыянальнага, грамадзкага і культурнага руху пасьля рэвалюцыі 1905 г. У 1909 г. ён, інтэлектуал-самавук, стаў сакратаром рэдакцыі “Нашае Нівы” і адным з найбольш рэгулярных ейных аўтараў. Ад 1 студзеня 1910 г. тут пачала друкавацца ягоная “Кароткая гісторыя Беларусі” – першы агляд гісторыі нашай зямлі, напісаны па-беларуску.

На бачынках “Нашае Нівы” Ластоўскі вёў рэдактарскую калёнку “З нашай мінуўшчыны”, друкаваў свае апавяданьні, разгарнуў дыскусію пра шляхі разьвіцьця беларускай літаратуры. Перакананы незалежнік, Ластоўскі актывізаваў сваю палітычную дзейнасьць у другой палове 1910-х гг., кульмінацыяй якой сталася яго прызначэньне ў сьнежні 1919 г. кіраўніком Рады міністраў БНР.
У першай палове 1920-х гг. Ластоўскі жыў у азылі ў Летуве, дзе працягваў займацца беларускім культурным жыцьцём – выдаваў часопіс «Крывіч», школьныя падручнікі, слоўнікі, у тым ліку “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” (1924) на 17 000 назоваў, сярод якіх шмат аўтарскіх наватвораў.

У Коўне выйшла і галоўная праца Ластоўскага – манумэнтальная “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя” (1926) – агляд “звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэньня беларускага пісьма…” з цытатамі на старабеларускай мове. У гэтай працы Ластоўскі імкнуўся вярнуць беларусам іхнюю культурную спадчыну – тэксты, якія дагэтуль прыўлашчалі сабе нашыя суседзі.

У 1927 г. Ластоўскі вяруўся ў БССР, каб падтрымаць палітыку беларусізацыі, якую ў той час праводзіла савецкая ўлада. Ён працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю, быў сакратаром Інбелкульту і пазьней – сакратаром і акадэмікам Беларускай Акадэміі навук. Як загадчык катэдры этнаграфіі Інбелкульту Ластоўскі арганізоўваў этнаграфічныя экспэдыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У адной з такіх экспэдыцыяў быў знойдзены Крыж Эўфрасіньні Полацкай.
Са згортваньнем беларусізацыі і пачаткам рэпрэсіяў у БССР Ластоўскі быў адным зь першых арыштаваны па справе прыдуманага Саюзу вызваленьня Беларусі. Пазбаўлены годнасьці акадэміка, ён быў высланы на пяць гадоў у Саратаў. У 1937 г. падчас піку сталінскага тэрору Ластоўскі быў паўторна арыштаваны і ў студзені 1938 г. прысуджаны да расстрэлу “як агент польскай выведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі”. Падчас хрушчоўскай адлігі і затым – гарбачоўскай перабудовы Ластоўскі быў рэабілітаваны па ўсіх прысудах і адноўлены ў годнасьці акадэміка.

Скарынаўская бібліятэка захоўвае ўнікальную калекцыю твораў Вацлава Ластоўскага. Гэта, найперш, рукапіс ягонага перакладу п’есы Элізы Ажэшкі “У зімовы вечар. Сцэны зь сялянскага жыцьця”, зробленага ў Вільні ў 1910 г., а таксама першыя выданьні ягоных галоўных працаў:
- Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня 1910.
- Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна 1924.
- Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя. Коўна 1926.
- Часопіс “Крывіч” (1923-1927).
Таксама ў калекцыі Скарынаўскі захоўваецца альбом з фотаматэрыяламі экспэдыцыі катэдры этнаграфіі Інстытуту беларускай культуры пад кіраўніцтвам В. Ластоўскага, якая праходзіла летам 1928 г. па маршруце Слуцк — Асташкавічы.
Чытаць таксама: «Усёй сваёй працай ён фармаваў беларускі культурны код»: куратарка Скарынаўскай бібліятэкі Караліна Мацкевіч пра кніжныя скарбы Вацлава Ластоўскага (Reform.by)
