“Скарынаўская Біблія – гэта смартфон таго часу”

Дарадца ў Беларускім музеі і бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане распавядае пра гісторыю і перспектывы інстытуцыі, а таксама пра скарбы, якія там захоўваюцца.

Скарынаўская бібліятэка ў Лондане стала легендай як унікальны цэнтр беларускай гісторыі і культуры за мяжой. Рукапісы, кнігі і артэфакты спачатку назапашваліся дзякуючы нашым суайчыннікам, якія ўцякалі ад “бальшавіцкага раю”, пасля вывучаліся і ўрэшце ператварыліся ў неацэнны скарб, які дазваляе даследаваць Беларусь як замежнікам, так і самім беларусам.

Пра лёс і перспектывы музея і бібліятэкі распавядае Ігар Іваноў, дарадца ў Беларускім музеі і бібліятэцы імя Ф. Скарыны.

Як даўно персанальна вы займаецеся бібліятэкай?

– У Лондан я трапіў у 1998 годзе – прыехаў вучыцца. А жыць давялося літаральна праз два будынкі ад бібліятэкі, дзе быў студэнцкі дом Беларускай каталіцкай місіі. Мы называлі гэта “беларускай вёскай” у Фінчлі, у паўночным Лондане. Мы дапамагалі і ў бібліятэцы, і ў мерапрыемствах, якое ладзіла Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі.

Пэўны час я працаваў у бібліятэцы на паўстаўкі – як асістэнт. Калі вырашыў, што хачу быць прафесійным бібліятэкарам, спатрэбіўся досвед практычнай працы. Такім акурат і быў перыяд працы ў Скарынаўскай бібліятэцы. Нейкі час пасля я жыў у Лестэры, але калі вярнуўся ў Лондан, то пачаў працаваць з бібліятэкай ужо больш сур’ёзна. Сама структура бібліятэкі валанцёрская, у нас няма штатных супрацоўнікаў. Але ёсць кола адказных людзей, ёсць рада.

Музей, бібліятэка і грэка-каталіцкі цэнтр – гэта адна структура ці розныя?

– Гісторыя – гэта працэс. Усё пачыналася з беларускай каталіцкай місіі а. Чэслава Сіповіча, які ў 1960-м стаў біскупам. З ім быў а. Леў Гарошка, неверагодны бібліяфіл. А. Аляксандр Надсан быў самым маладым з іх: у 1960-я ён кіраваў каталіцкай школай праз дарогу ад бібліятэкі. Усе гэтыя людзі былі надзвычай адукаванымі і цікаўнымі да гісторыі.

Калі а. Леў Гарошка пераехаў у Лондан з Парыжа і перавёз свой кнігазбор, аказалася, што каб яго размясціць, патрэбны цэлы пакой: гэта былі 6,5 тысяч кінг – беларускіх або пра Беларусь. Шмат якія выданні належалі да міжваеннага часу і ў БССР захоўваліся ў спецсховах. Іншай такой калекцыі ў Вялікабрытаніі проста не было, таму людзі, якія цікавіліся Беларуссю, прыходзілі менавіта сюды. Справа пайшла так добра, што для бібліятэкі неўзабаве спатрэбіўся асобны будынак! Яго набылі: праз дарогу.

А скуль узяўся музей?

– Беларусы, якія эмігравалі на Захад з СССР, ехалі не з пустымі рукамі. Бралі самае дарагое: іконы, кнігі, даматканую тканіну, ручнікі і г.д. Калі не маглі ўтрымліваць пры сабе ці хацелі зрабіць добрую справу – аддавалі ў бібліятэку. У дадатак да гэтага, святары аб’язджалі Нямеччыну, Італію, Францыю, Брытанію, каб скупіць у букіністычных крамах усё, што тычылася Беларусі.

А. Аляксандр распавядаў, што пасля вайны цэны былі невялікія, асабліва на беларускі матэрыял. Людзі тады яшчэ не разумелі яго вартасці. У 1970-80-х цэны пайшлі ўгару, паралельна з беларусазнаўчымі даследаваннямі, якія адкрывалі Беларусь свету. Але нашы святары паспелі скарыстацца момантам і набыць шмат што. Так паўстаў музей і бібліятэка як адна інстытуцыя.

Ці лёгка да вас трапіць?

– Бібліятэка стваралася для даследчыкаў, якія прыязджалі і фактычна жылі тут – у асобным пакоі. Нават ангелец прафесар Макмілін, які выдаў багата па беларускай тэме, жыў тут, каб не адрывацца ад працы. Некаторыя жылі задарма, некаторыя плацілі, калі мелі сродкі на сваё даследаванне. У любым разе гэта было танней, чым спыніцца ў гатэлі. Прыязджалі людзі з Ізраіля, Нямеччыны, Штатаў і г.д. – тут былі напісаныя цэлыя кніжкі!

Калі я яшчэ быў студэнтам, да нас прыехаў гісторык Алег Латышонак, які пачынаў пісаць працу па гісторыі беларускай нацыянальнай ідэі. Цэлы дзень, пакуль мы былі на занятках, ён чытаў-пісаў, пасля, калі мы вярталіся, то гулялі разам у валейбол. У гэтым таксама нешта было: даследчыкі беларушчыны з розных канцоў свету жылі ў беларускім асяродку.

Што наконт звычайных беларусаў-турыстаў?

– Для звычайных людзей бібліятэка будзе цікавая як месца памяці. У нас ёсць што паглядзець. Ёсць, напрыклад, фрагмент “Кнігі Царстваў” Францішка Скарыны, два асобнікі Статута ВКЛ, супрасльскія выданні і г.д. Тут жа захоўваецца калекцыя вышываных кашуляў і ручнікоў. Некаторая вышыўка рабілася нашымі суайчыннікамі ўжо за мяжой. Гадоў 10 таму мы апранулі маладое пакаленне беларусаў ў тыя строі і сфатаграфавалі. У выніку атрымалася неверагодная фотавыстава.

Падчас Другой сусветнай беларусы вывозілі ўсё беларускае, каб уратаваць рэліквіі ад знішчэння. Напрыклад, мы маем адзін з чатырох альбомаў этнаграфічнай экспедыцыі Ластоўскага. Альбомы захоўваліся ў Гістарычным музеі ў Мінску, але цягам вайны калекцыя рабавалася. Таму захаваўся толькі адзін.

Таксама ў нашым музеі ёсць крыж з адной з мінскіх цэркваў. Яго падняў на вуліцы нямецкі жаўнер і прывёз з сабой у Германію. Праз шмат гадоў пасля канца вайны, калі ён даведаўся пра наш музей, ён яго перадаў. Гэты драўляны крыж таксама ў нас захоўваецца. Таксама і з іконамі…

Чуў, што лагерная роба Ларысы Геніюш таксама ў вас?

– Так, робу Геніюш і яе рукапісы перадаў нам яе сын Юрка Геніюш, які жыў у Беластоку. Такія рэчы немагчыма было трымаць у БССР альбо ў краінах савецкага блоку, таму і ратавалі хто як мог.

Дарэчы, унікальнай з’яўляецца і новазбудаваная грэка-каталіцкая царква тут жа. Яна зробленая з дрэва і шкла, такім чынам, гэта першая драўляная царква ў Лондане, якая паўстала пасля вялікага пажару ў 1666 годзе. Царква фантастычная, яна стварае ўражанне свечкі ў цемры. Яе цікава было б пабачыць як беларусам, так і турыстам з усяго свету.

Ангельцы цікавяцца беларушчынай?

– Дзякуючы Скарынаўцы з беларускай тэмай працуе багата брытанскіх даследчыкаў. Той жа Арнольд Макмілін акурат у мінулым годзе выдаў сваю чарговую кнігу: гэтым разам пра маладых беларускіх паэтаў. Шмат пра каго з іх яшчэ і па-беларуску не напісана, а праца па-ангельску ўжо ёсць!

Гай Пікарда таксама працаваў у нас: спачатку ён зацікавіўся рускай царкоўнай культурай, а пасля перайшоў на беларускую. Ён быў першым, хто пачаў вывучаць нашу царкоўную музыку і адкрыў яе самім беларусам. Мовазнаўца прафесар Маё працаваў у Шэфілдзе напісаў адзін з падручнікаў беларускай мовы па-ангельску, карыстаючыся нашымі матэрыяламі…

Магчыма, ёсць нейкая статыстыка?

– Аляксандр Надсан вёў улік карыстальнікаў бібліятэкі: за першыя 40 гадоў працы такіх атрымалася больш за 1000. Гэта тысяча чалавек, якія дакрануліся і зацікавіліся беларушчынай дзякуючы інстытуцыі, аналагаў якой на Захадзе ніколі не было і пазней не ўзнікла.

Роля бібліятэкі і музея з часам змяняецца?

– Так, безумоўна. На гэта ўплываюць і тэхналогіі, і палітыка. Беларусь, як бачым, стала адкрытай краінай, сюды можна прыехаць любому падарожніку. Але калі мы гаворым пра часы БССР, то Скарынаўская бібліятэка была не толькі брамай, але і пунктам адліку, дзе можна было адкрыць Беларусь як для самога сябе, так і для іншых.

А ці ёсць цяпер магчымасці віртуальна працаваць з вашымі матэрыяламі?

– Капіяванне рукапісаў і манускрыптаў з бібліятэкі пачалося, відаць, з 1980-х гадоў. Той жа Гай Пікарда капіяваў матэрыялы па гісторыі музыкі і перасылаў іх у Беларусь. Тое самае з Марыяй Міцкевіч, унучкай Якуба Коласа, якая прыехала ў Скарынаўку і, пабачыўшы рукапісы Купалы, “Курган” і інш., пачала капіяваць ды перадаваць гэта ў музеі Купалы і Коласа ў Беларусі. Калі паглядзець часопіс “Спадчына” 90-х, то значная частка артыкулаў паводле эмігранцкіх матэрыялаў зробленыя з нашай дапамогай.

Цяпер ёсць магчымасць аблічбоўваць: пачалі з часопісу “Божым Шляхам” – цяпер у сеціве дасяжныя ўсе нумары. Але гэта толькі пачатак. Кантакты з Беларуссю працягваюцца: у 2015-м да нас прыязджаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. Зараз мы яго чакаем зноў. У красавіку прыязджаюць іншыя прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, каб апрацаваць выданні, якія ў іх адсутнічаюць: збольшага гэта тычыцца выданняў дыяспары.

Ёсць вопыт БІНІМа (Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША – аўт.), які перадаў свае калекцыі ў Беларусь. Ці можа такое адбыцца са Скарынаўкай?

– Такі варыянт разглядаўся, ён мае і моцныя, і слабыя бакі. Нам не трэба забывацца, што Беларусь не абмяжоўваецца сваімі дзяржаўнымі межамі. Я часта прыводжу ў прыклад іншыя краіны. У палякаў ёсць Польскі інстытут у Лондане, дзе штогод адбываецца фестываль польскага кіно. Чаму? Бо ёсць панятак мяккай дыпламатыі. Мы хочам, каб людзі за мяжой цікавіліся Беларуссю, каб мы не былі пустой плямай на мапе.

Паглядзіце на Германію, якая мае Інстытут Гётэ, што працуе з замежжам. Паглядзіце на Кітай, які ўкладае грошы ў вывучэнне кітайскай мовы далёка за сваімі межамі. Нават Малайзія фінансуе малайзійскія рэстараны па ўсім свеце, каб людзі праз кухню цікавіліся іхнай краінай і культурай. Лондан – гэта адзін з цэнтраў свету, а ў нас там ужо ёсць свой музей і бібліятэка, і гэта вялікі здабытак.

То бок, як і ў выпадку са Скарынам, Беларусь ідзе ў шырокі свет “з кнігай”?

– Гэта вельмі трапна. Сімвалічна таксама, што менавіта да гэтага 500-годдзя Беларусь прачынаецца. Гэта заўважна, калі сюды прыязджаеш. Рообіцца зразумелым, чаму дыяспары быў патрэбны Скарына. Гэта сімвал Беларусі адукаванай, прадпрымальнай, якая ідзе і на Захад, і на Усход, якая вучыцца і стварае. Гэта вобраз нашай краіны, а не Беларусь, якая сядзіць у маленькай хатцы і спявае сумныя песні.

Адначасна Скарына – сімвал сучасных тэхналогіяў для свайго перыяду…

– Абсалютна. Скарынаўская друкаваная Біблія – гэта смартфон таго часу. І тое, што зараз беларусы ізноў ідуць у свет з тэхналогіямі і праграмамі: MSQRD, Wоrld of Tanks, Maps.me і інш. – вельмі сімвалічна. Бо 500 гадоў таму Скарына зрабіў дакладна тое ж самае.

Вы працягваеце купляць экспанаты ці выключна захоўваеце сабранае?

– Нават калі б мы хацелі спыніцца, мы не можам. Бо людзі ведаюць бібліятэку і проста дораць нам. Калі дорыць аўтар, то абавязкова падпісвае, таму ў нас яшчэ і выдатная калекцыя кніжных аўтографаў.

Мы, зразумела, працягваем купляць кнігі, але ўжо не ў тым аб’ёме, што раней. Айцец Аляксандр некалі паставіў задачу купляць усё, што выдаецца ў Беларусі альбо пра Беларусь. Але ўжо калі я прыехаў, ён жаліўся: “Выдатна, што ў вас цяпер столькі прыватных выдавецтваў, але дзе каталогі? Дзе гэта ўсё набыць?..” Цяпер немагчыма купляць усё, але ёсць прыярытэтныя рэчы і ёсць падарункі, якія працягваюць паступаць да нас, бо ёсць давер і аўтарытэт.

Якімі вы бачыце перспектывы Скарынаўкі?

– Шмат у чым гэта будзе залежыць ад таго, як развіваецца беларуская супольнасць. Бібліятэка не можа існаваць па-за супольнасцю. Хоць яна і стваралася для даследчыкаў, але ўсё адно была дзіцем беларускай грамады ў Лондане.

Бібліятэка будзе жыць, але яе роля будзе змяняцца. Роля кніжнай калекцыі ўжо не такая важная. Даследчыкам сёння патрэбныя базы дадзеных, а не друкаваныя манаграфіі, усё змянілася. Часта на Захадзе манаграфіі ўжо не выходзяць на паперы. З іншага боку, мы далёка не ўсё зрабілі, каб аблічбаваць нашы матэрыялы. Для гэтага патрэбная дапамога і супраца, у тым ліку з дзяржаўнымі ўстановамі. Мы працягваем працаваць, збіраць і цешымся, калі знаходзім кантакты з інстытуцыямі сучаснай незалежнай Беларусі.

Размаўляў Алесь Кіркевіч, budzma.by

0 replies on ““Скарынаўская Біблія – гэта смартфон таго часу””