Уладзіслаў Гарбацкі
Апублiкавана ў газеце “Новы час”
Скарынаўка вабіць многіх, запрашае адзінкі і хавае ў сваіх сховах прыемныя, нечаканыя, хачу верыць, шматлікія таямніцы. Пакуль магу і вельмі хачу падзяліцца адной з іх. Таямніца, якая, няма сумневу, шармуе ўсіх і адкрые яшчэ адзін невядомы і таленавіты бок нашай дыяспары.
Увесну 2015 года, якраз у той самы дзень, калі памёр Аляксандр Надсан, у Скарынаўцы ў адным са сховаў (бельгійскія архівы-корабы дыяспары) я выпадкова натрапіў на друкапіс, ледзь прыкметна аздоблены «Jean et Jacques ou le faux paradis» par (закрэслена) N. Niva. Спачатку я падумаў, што гэта нейкая справаздача беларусаў паваеннай Бельгіі, але, пачаўшы чытаць і натрапіўшы на мастацкі стыль, на беларускія імёны герояў і мясцовасцяў, я зразумеў, што маю справу з раманам ці аповесцю. З мастацкім тэкстам пра Беларусь, пра аднаго беларуса, пра трагічны лёс беларускай сям’і ў камуністычнай даваеннай Беларусі.
Раман напісаны па-французску беларусам з дыяспары. Ужо гэты факт здзівіў і зачараваў, зрабіў адкрыццё рэвалюцыйным. Вядома, беларусы цудоўна ведаюць усе магчымыя мовы, толькі не сваю, пішуць на шматлікіх вядомых і экзатычных мовах. Але дасюль не было ніводнага франкамоўнага тэксту ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Апрача гэтага тэкст цікавы важнымі ўстаўкамі-развагамі аб беларускасці, беларускай мове, аб дамінаванні рускай і маргіналізацыі беларускай мовы ў БССР.
Тэкст напісаны прыблізна адразу пасля Другой сусветнай вайны (канец 1940-х — пачатак 1950-х гадоў), прыблізна ў Бельгіі, хутчэй за ўсё, кімсьці з лювенскага кола. Псеўданім N. Niva пакуль застаецца дакладна не ідэнтыфікаваны. Але закрэсленае да яго іншае імя MAZUR (удалося прачытаць прозвішча, імя адкрываецца прыблізна — ТODAR) вядзе нас да вядомага, хоць мала прысутнага ў літаратуры і ў сеціве, і слаба апісанага сёння дыяспарніка Тодара Мазура. Ён, хутчэй за ўсё, і з’яўляецца аўтарам знойдзенага нядаўна рамана.
Тым не менш, трэба больш доказаў і сцвярджэнняў на гэту карысць. Таму пакуль што Тодара Мазура можна назваць папярэднім аўтарам рамана «Жан і Жак, альбо Падроблены рай», першым беларускім пісьменнікам франкафоніі.
Дарэчы, французская мова тэксту заслугоўвае ўвагі: гэта добрая, дакладная, наколькі я магу ацэньваць мову дэ Бавуар і Сартра, крыху штучная, што зноў падкрэслівае той факт, што пісаў не натуральны франкафон. Заўважаюцца пэўныя абдрукоўкі, не зусім слушнае размяшчэнне прыметнікаў да ці пасля назоўнікаў, але ў цэлым уражанне добрае. Варта адзначыць цікавае і ўласцівае дыяспары ўжыванне прыметніка і назоўніка «беларускі», «беларус-ка» (bielorussien-ne, Bielorussien-ne). Гэтай традыцыі прытрымліваліся ўцекачы з БССР, прытрымліваюцца і цяперашнія дыяспарнікі франкамоўнай прасторы. Гэта таксама сведчыць аб беларускім следзе аўтарства. Бельгіец ці, тым больш, француз напісаў бы, без усякіх сумневаў, «bielorusse».
Што да формы тэксту, то тут, на маю думку, ёсць значна больш заўвагаў ды зачэпак. Калі глабальна, то раман гэты не належыць да шэдэўраў, але пры гэтым яго не назавеш паразай ці нізкаякаснай літаратурай. Гэта добры кантэкстны раман з пэўнымі элементамі кінасцэнару. Наогул, уражанне ад раману, што з яго атрымаўся б цудоўны фільм.
Варта адзначыць, канечне, нейкую схематычнасць, прадказальнасць, часам наіўнасць раману. Апісальнасць не заўсёды поўная і багатая. Але, паўтаруся, гэта раман — сведка часу, эпохі, раман-дакумент, раман-сімвал нашай дыяспары ў Бельгіі пасля вайны. І, канечне, гэта вельмі ідэалагічны тэкст, што, мяркую, часамі паслабляе ягоную мастацкую вартасць. Але, з другога боку, заідэалагізаванасць (антысавецкасць і хрысціянацэнтрычнасць) апраўданая, бо вынікае з асабістага, па ўсім бачна, з сапраўды перажытага, зведанага. І таму тэкст пераўтвараецца ў пэўны дакумент, дзённік, успамін, у якім ідэалагічнасць успрымаецца арганічна.
Зрэшты, трэба ўспрымаць гэты тэкст як непаўторную беларуска-бельгійскую повязь, як дыялог паміж нашымі культурамі. У рамане паўстае другі важны пратаганіст Жак, паўстаюць паралелі паміж Беларуссю і Бельгіяй. У тэксце шмат вельмі цікавых, хоць часам і стэрэатыпных, развагаў краіназнаўчага кшталту.
І, канечне (дыяспарны кантэкст абавязвае!), тэкст скрыжоўваецца з рэлігійным, а таму часам і маралізатарскім пасланнем (глядзіце другую частку назвы рамана). На прыкладзе галоўнага героя Яна Грынкевіча, ён жа Жан, прасочваецца лінія духоўнага пошуку беларуса з вёскі, які стаў піянерам, потым ідэйным камуністам, атэістам, а ў дарослы век, апынуўшыся на Захадзе, пасля шматлікіх пакутаў‐пошукаў, вярнуўся да сапраўднага сябе — верніка. І гэтая, няма сумневу, біяграфічная лінія дадаткова прывязвае нас да беларускага аўтарства тэксту.
Варта таксама адзначыць, што тэкст, хутчэй за ўсё, дасылаўся бельгійцу ці французу, магчыма, бельгійскаму ці французскаму выдавецтву, бо спачатку рамана маюцца заўвагі, якія звычайна робяцца ў выдавецтвах. Так, у заўвагах пазначана: «Назва спрэчная. Трэба зрабіць праўку французскай мовы. Будзе друкавацца як асобны раман, аповесць ці як раман у перыёдыцы».
Пакуль ідзе пошук ці, дакладней, доказ сапраўднага аўтарства тэксту, ён застаецца недаступны ані беларускаму, ані бельгійскаму чытачу, але таямніца паступова дэвуалюецца, адкрываецца. Ужо добра тое, што тэкст быў знойдзены! Як чытач і перакладнік я перакананы, што дадзены тэкст варты друку і перакладу. Бо гэта тэкст — сведка багацця, смеласці і пакручастасці жыцця нашай дыяспары, якая не проста выжывала, але імкнулася ствараць, пісаць і пакінуць след, памяць. Тэкст схаваны і захаваны для нас у лонданскай Скарынаўцы, якая дасюль застаецца мекай для ўсіх рэдкіх зачараванцаў (у тым ліку франкафонаў) Беларуссю.
Бібліятэка, якая працягвае адкрываць новыя сакрэты, здзіўляць і пераконваць беларусаў у сваёй жа таленавітасці. Можа, у гэтым і ёсць цяперашняя місія Скарынаўкі, каб надаваць смеласці беларусам‐мінімалістам, беларусам, якія саромеюцца, мадзеюць на тле больш актыўных і ўдачлівых суседзяў?