ПРЭС-РЭЛІЗ
26 сакавіка 2024 г., Лёндан
Скарынаўская бібліятэка мае гонар паведаміць, што 25 сакавіка 2024 года пачала дзейнічаць дамова паміж Катэдрай міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту і Беларускай бібліятэкай і музэем імя Ф. Скарыны ў Лёндане аб супрацоўніцтве і стварэньні Дасьледчага цэнтру беларусазнаўства на базе бібліятэкі.
Камэнтуючы гэтую падзею, апякун бібліятэкі Павал Шаўцоў адзначыў, што “бібліятэка мае багаты шматгадовы досьвед супрацоўніцтва зь індывідуальнымі дасьледнікамі па ўсім сьвеце. Але цяпер гэтае супрацоўніцтва становіцца інстытуцыйным. Падпісаная дамова з Варшаўскім унівэрсытэтам – гэта для нас першая, з моманту заснаваньня бібліятэкі ў 1971 годзе, дамова зь інстытуцыяй”.
Караліна Мацкевіч, апякунка і куратарка бібліятэкі, дадае што «заснаваньне гэтага дасьледчага цэнтру адпавядае бачаньню стваральніка нашае бібліятэкі айца Аляксандра Надсана пра яе ролю ў беларускіх дасьледаваньнях. Айцец Аляксандар, які актыўна камунікаваў зь беларусазнаўцамі з усяго сьвету і ўсялякім чынам пашыраў акадэмічную ролю бібліятэкі, заклаў велізарны патэнцыял, які вось цяпер, установай гэтага цэнтру, можа быць паўней рэалізаваны».
Загадчыца катэдры праф. Ёанна Гэтка падкрэсьліла важнасьць супрацоўніцтва і для катэдры, паколькі яно дазволіць “студэнтам спалучаць акадэмічныя веды з практычным досьведам. У сучасным сьвеце неабходна ня толькі ведаць, але ўмець на практыцы гэта рэалізоўваць. І калі маем інстытуцыю з такім досьведам як у Беларускай бібліятэкі і музэя імя Францішка Скарыны, то лепшага партнэра для супрацоўніцтва знайсьці немагчыма”.
Намесьнік загадчыцы катэдрай праф. Юры Грыбоўскі прызнаў, што ў рэгіёне недастатковыя веды «пра Беларусь, якая ёсьць часткай Эўропы і ў гістарычным, і ў цывілізацыйным, і ў культурным сэнсе, пра беларускую культуру, яе мінуўшчыну і сучаснасьць». Ён адзначыў, што «мэтай нашага супрацоўніцтва, між іншым, зьяўляецца тое, каб гэтую сытуацыю палепшыць і паспрыяць таму, каб асабліва маладое пакаленьне, студэнцтва, пачало больш цікавіцца беларускімі праблемамі, датычнымі культуры і гісторыі. Нашая катэдра займаецца гэтым на працягу апошніх гадоў, і падпісаная дамова павінна надаць гэтаму новы імпульс».