Like Water, Like Fire: Першая анталогія беларускай паэзіі на англійскай мове

На працягу 57 гадоў – з 1948 да 1985 года –ЮНЕСКА (арганізацыя ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры) выдавала серыю кніг, мэта якой была садзейнічаць папулярызацыі літаратуры свету ў перакладах на іншыя мовы. У 1971 г. у гэтай серыі, UNESCO Collection of Representative Works, выйшла першая англамоўная анталогія беларускай паэзіі ў перакладзе Веры Рыч.

Кніга называлася «Like Water, Like Fire: and Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day». Кнігу сумесна фінансавалі ЮНЕСКА і Нацыянальная камісія БССР па справах ЮНЕСКА, а выйшла яна ў лонданскім выдавецтве George Allen & Unwin (Rich, 1971).

Да таго часу Вера Рыч ужо зарэкамендавала сябе як перакладчыца ўкраінскай і польскай паэзіі, як літаратуразнаўца і паэтка. З беларусамі ў Лондане яна пазнаёмілася ў кастрычніку 1953 года, і ад таго часу ўдзельнічала ў жыцці беларускай дыяспары і перакладала беларускіх аўтараў.

Кніга налічвае 347 старонак, 221 верш і паэтычны фрагмент, і пачынаецца раздзелам «Ранні перыяд (The Early Period, 1828 – 1905). Першы тэкст у ёй – «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» Паўлюка Багрыма – хрэстаматыйны антыпрыгонніцкі верш, які абавязкова чыталі і ў савецкіх школах. Ужо ў гэтым выбары першага твора анталогіі можна пабачыць уплыў фундатараў выдання на яго змест, які праявіўся як і ў далейшым выбары твораў, так і ў назвах раздзелаў.

Гэты ўплыў не быў абсалютны, аднак – у кнізе знайшлося сціплае месца некалькім рэпрэсаваным аўтарам: Язэпу Пушчу, Уладзіміру Дубоўку і Ларысе Геніюш (яна прадстаўлена, аднак, толькі адным творам, тады як Пімен Панчанка – ажно чатырнаццаццю). Няма ў анталогі ніводнага твора Алеся Гаруна. Гэты прагал Вера Рыч запоўніць у 1982 г., калі выдасць зборнік перакладаў Багдановіча, Гаруна і Бядулі «The Images Swarm Free» (Bahdanovič et al., 1982)

Арнольд Макмілін, які тады толькі пачынаў свой акадэмічны шлях найбольш выбітнага знаўцы беларускай літаратуры ў англамоўным свеце, вітаў публікацыю анталогіі як доўгачаканы шанец пазнаёміцца з невядомай англамоўнаму чытачу літаратурай, і напісаў прынамсі дзве рэцэнзіі для акадэмічных славяназнаўчых часопісаў (McM, 1971; McMillin, 1972). Ён заўважыў, што кніга – прадукт амаль дваццаці гадоў працы Веры Рыч, таму якасць перакладаў у ёй неаднолькавая. На яго думку, найбольш паспяхова атрымаліся пераклады твораў канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, нашаніўскага перыяду і міжваеннага часу, найперш – Максіма Багдановіча, а таксама Канстанцыі Буйло, Коласа і Купалы, Дубоўкі і Максіма Танка. Больш познія творы, якіх якраз большасць у кнізе, перакладзеныя менш удала. Ён робіць здагадку, што недахопы кнігі, верагодна, тлумачацца «flood-cum-electrical-fire» (затапленне і пажар з-за электразамыкання), якія ледзь не знішчылі амаль гатовы рукапіс, пра што перакладчыца прыгадала на пачатку кнігі (Rich, 1971:10).

Айцец Аляксандр Надсан, кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі і Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, а таксама скарыназнаўца і даследчык беларускай кніжнай спадчыны, часам смяяўся, што Вера Рыч найлепш працавала пад стрэсам і ў апошнюю хвіліну. Гэта, напэўна, і тлумачыць няроўнасць якасці перакладаў. Айцец Надсан быў аўтарам крытычнага артыкула ў часопісе «Божым шляхам» (Надсон, 1971), дзе шкадаваў, што «перакладчыца не скарыстала з вялікай, магчыма непаўторнай, нагоды зрабіць анталогію выдатным творам». Ён прадказваў, што іншы шанец для такога выдання здарыцца няхутка. У гэтым ён не памыліўся: іншай англамоўнай анталогіі беларускай паэзіі так і не з’явілася. Як прыклад вельмі ўдалага перакладу ў кнізе а. Надсан працытаваў у сваёй рэцэнзіі «Цуд тварыўся» Ніла Гілевіча.

Антон Адамовіч, супрацоўнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Йорку, таксама апублікаваў рэцэнзію ў акадэмічным «Slavic Review» (Adamovich, 1973). Ён адзначыў, што сучасная – гаворка тут пра першыя дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай вайны – савецкая беларуская паэзія прадстаўлена ў анталогіі вельмі поўна – 165 творамі 29 аўтараў – і збольшага добра перакладзена. У той жа час 1920-я гады, багатыя на цудоўных аўтараў і творы, прадстаўлены непрапарцыйна мала, гэтак жа сама як і ўся дасавецкая літаратура наогул.

Усе рэцэнзіі адзначылі неадэкватнае прадстаўленне ў анталогіі паэзіі ХІХ стагоддзя (сем вершаў трох аўтараў), напр. адсутнасць твораў Чачота, Дуніна-Марцінкевіча і ананімнай паэмы «Тарас на Парнасе», а таксама факталагічныя недакладнасці ў каментарах і непаслядоўнасць транслітарацыі беларускіх імёнаў і назваў.

Падобна, што працэс падрыхтоўкі анталогіі і выніковы прадукт не былі цалкам станоўча прынятыя паваеннай беларускай дыяспарай. Гэта можна зразумець: для нашых суайчыннікаў у замежжы анталогія ў значнай ступені выглядала ахвярай савецкай ідэалогіі. Айцец Надсан прыгадваў, што Вера Рыч да апошняга трымала ў тайне змест кнігі, хоць і не магла абысціся без яго дапамогі і дапамогі ў іншых беларусаў у Лондане ў сваіх перакладах. Можна толькі здагадвацца на якіх умовах Веры Рыч давялося працаваць над кнігай.

Арыгінальная вокладка Like Water, Like Fire

Нягледзячы на крытычныя заўвагі, аўтары ўсіх рэцэнзій віталі з’яўленне анталогіі – першай аўтарытэтнай крыніцай беларускай паэзіі па-англійску – і горача рэкамендавалі яе чытачам.

З выданнем анталогіі звязаны незвычайны кур’ёз: яна выйшла з дзвюма супервокладкамі. Першая была белая і з гербам Пагоня, вядомы ейны дызайнер – Сцюарт Ірвін (Stewart Irwin). Вокладка, відавочна, не атрымала адабрэння прынамсі аднаго з фундатараў выдання, так што рэшта наклада распаўсюджвалася з ярка-сіняй вокладкай без якіх-кольвек ілюстрацый. Пакуль мянялі абгортку, кошт кнігі мусіў падняцца з £4.50 да £4.95. Абодва выданні, аднак, мелі той самы міжнародны стандартны нумар (ISBN), што, робіць справу пошуку арыгінальных супервокладак больш складанай. На шчасце, тыя першыя выданні яшчэ можна набыць праз букіністычныя і антыкварныя кнігарні ў англамоўных краінах – калекцыянерам іх варта збіраць, а калі ёсць магчымасць – перадаваць у беларускія бібліятэкі.

Ігар Іваноў

Спасылкі

  • Adamovich, A. (1973). Reviewed Work: Like Water, Like Fire: An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day. by Vera Rich. Slavic Review, 32(4), pp. 863-864. doi:10.2307/2495553.
  • Bahdanovič, M. A., Harun, A., Biadula, Z., Rich, V., & McMillin, A. B. (1982). The images swarm free: a bi-lingual selection of poetry by Maksim Bahdanovič, Aleś Harun and Źmitrok Biadula. London: Anglo-Byelorussian Society.
  • McM [McMillin], A.B. (1971) Review Notices : Like Water, Like Fire. An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day. Journal of European Studies, 1(1), pp. 398-399. https://doi.org/10.1177/0047244171001001130.
  • McMillin, A. (1972). Reviewed Work: Like Water: Like Fire. An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day by Vera Rich. The Slavonic and East European Review, 50(118), pp. 118-120. http://www.jstor.org/stable/4206495.
  • Rich, V., ed. (1971) Like water, like fire: an anthology of Byelorussian poetry 1828 to the present day. Translated by Vera Rich. London: George Allen & Unwin.
  • Надсон, А. (1971) Рэцэнзія. Божым шляхам, №4 (ліпень-жнівень-верасень), стар. 7-8. http://online.skaryna.org.uk/items/show/19
0 replies on “Like Water, Like Fire: Першая анталогія беларускай паэзіі на англійскай мове”