Выйшаў новы альбом Вольнага хору «Наша песьня», які ўключае харавую спадчыну з калекцыі Скарынаўкі

Фота: 5 гадоў “Вольнаму хору”. Крыніца: Facebook “Вольнага хора”

Выйшаў новы альбом Вольнага хору «Наша песьня», у які ўключаная беларуская харавая спадчына з калекцыі Скарынаўкі.  

Знаёмства Галіны Казіміроўскай, дырыжоркі Вольнага хору, з нашай бібліятэкай пачалося ў жніўні 2023 году, калі яна ўпершыню «нырнула» у музычныя архівы Скарынаўкі. Паводле Галіны, для яе «гэта былі дзесяць дзён шоку, адкрыцьцяў, шчасьця, уздыму і няспыннай працы. Было адчуваньне, што я знайшла скарб, беларускае золата! Вярнулася я адтуль з кіпай нот, дагэтуль мне невядомых, з імёнамі, пра якія таксама нічога ня чула. Музыка павінная гучаць, а не пыліцца на паліцах.

Некаторыя творы з архіву можна было браць і развучваць адразу, некаторыя патрабавалі апрацоўкі. Вельмі хацелася хутчэй пачуць гэтыя творы, мы прагна развучвалі новыя песьні і гімны, плакалі ад шчасьця і пяшчоты, ад сучаснасьці зьместу і сэнсаў, ад сугучнасьці нашаму болю і сэрцам».  

Сярод твораў альбому з музычнага архіву Скарынаўкі – «Беларусь ты мая» Зьмітра Верасава, беларускага кампазытара, які быў вымушаны зьехаць падчас Другой сусьветнай вайны, жыў і працаваў у Нью-Джэрсі. А таксама песьні Міколы Куліковіча «Беларусь – наша Маці-Краіна» – студэнцкі гімн, і «Упэўненасьць», у якой кожнае слова адгукаецца ў сэрцы: «Распусьцяцца бярозы – мы вернемся дамоў».

Музыка да «Нашай песьні», што дала назву альбому, напісаная Галінай Казіміроўскай на аднайменны верш Міхася Кавыля, рукапіс якога яна знайшла ў нашым архіве.

Мы шчыра ўдзячныя спадарыні Казіміроўскай і Вольнаму хору за тое, што музыка з нашае калекцыі гучыць.

Альбом: Наша песьня.
Выканаўца: Вольны Хор.

Дырыжор: Галіна Казіміроўская.
Запіс, мастэрынг: Павал Сініла.
Дызайн: Ксенія Хвастоўская.
Аўтарскія правы: Вольны хор
.

Наша песьня
Словы: Міхась Кавыль Музыка: Галіна Казіміроўская.

Беларусь ты мая
Словы: Міхась Кавыль. Музыка: Дзмітрый Верасаў. Апрацоўка: Галіна Казіміроўская.

Шумныя бярозы
Словы: Янка Купала. Музыка: Уладзімір Тэраўскі. Апрацоўка: Галіна Казіміроўская.

Упэўненасць
Словы: Антон Бялевіч. Музыка: Мікола Куліковіч. Апрацоўка: Галіна Казіміроўская.

Беларусь — наша Маці-краіна
Словы: Наталля Арсеннева. Музыка: Мікола Куліковіч.

Пагоня
Словы: Максім Багдановіч. Музыка: Мікола Равенскі. Апрацоўка: Галіна Казіміроўская

0 replies on “Выйшаў новы альбом Вольнага хору «Наша песьня», які ўключае харавую спадчыну з калекцыі Скарынаўкі”