
БІНіМ на сваёй старонцы ў Фэйсбуку апублікаваў паведамленьне, прысвечанае 100-годзьдзю Кастуся Кадушкі. (Паводле даследчыцы Натальлі Гардзіенкі, знойдзеныя ў Скарынаўцы лісты дапамаглі крыху ўдакладніць і пашырыць звесткі пра яго асабістую гісторыю). З задавальленьнем дзелімся ім!
“
100 гадоў таму нарадзіўся Кастусь Кадушка, ён жа Якуб Амор, ён жа Джым, ён жа Віктар Спаліч, беларускі дзеяч, авантурнік, сьляды якога згубіліся недзе ў Бразыліі, сябра айца Аляксандра Надсана й біскупа Часлава Сіповіча.

Нарадзіўся ён як Кастусь Кадушка 11 чэрвеня 1925 г. на Дзісеншчыне. Пад канец нямецкай акупацыі паступіў у Менскую афіцэрскую школу БКА, зь якой быў далучаны да 30-й грэнадэрскай дывізіі пры СС. Відаць, менавіта там пазнаёміўся зь іншымі пазьней актыўнымі лёнданскімі беларусамі: Алесем Бочкам (будучым айцом Аляксандрам Надсанам) і Станіславам Яроцкім (на эміграцыі Мак). Разам яны ў Францыі ўцяклі да францускіх партызанаў, перайшлі на бок саюзьнікаў і трапілі ў 2-гі Польскі корпус. У яго шэрагах апынуліся ў Італіі, дзе яшчэ пасьпелі паваяваць супраць немцаў, а ў 1946 г. прыбылі ў Вялікабрытанію.

Разам са сваімі сябрамі Кастусь Кадушка, які яшчэ ў польскім войску зьмяніў сваё імя й прозьвішча на Якуб Амор, стаяў ля вытокаў беларускага жыцьця ў брытанскай сталіцы. Ён быў сярод ініцыятараў Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі, стаў адным з стваральнікаў і сталым аўтарам пэрыёдыкаў “Беларус на Чужыне” й “На Шляху”. Належаў да Згуртаваньня беларускіх камбатантаў, Беларускага незалежніцкага народна-хрысьціянскага руху, Беларускага хрысьціянскага акадэмічнага аб’яднаньня “Жыцьцё”.
Аднак маладая натура шукала больш актыўнай дзейнасьці. У 1952 г. Якуб Амор пакінуў Лёндан і Брытанію. Ён скіраваўся ў Нямеччыну, дзе праходзіў падрыхтоўку ў амэрыканскай школе выведкі для ажыцьцяўленьня дэсанту ў Беларусь. Гэта менавіта ён пад кодавым імем Джым павінен быў ляцець у адной групе зь Цімохам Вострыкавым. Больш за тое, ён нават нейкі час разглядаўся на кіраўніка гэтай групы. Аднак Амор-Джым паводзіўся занадта незалежна й саманадзейна. Ён жадаў выступаць не як амэрыканскі агент, а як прадстаўнік БНР. Напярэдадні адпраўкі ў Беларусь у яго ўзьнік канфлікт з амэрыканскім кіраўніцтвам, у выніку чаго маладзён быў арыштаваны й неўзабаве мусіў тэрмінова пакінуць ня толькі Нямеччыну, але й Эўропу.
Згаданая частка біяграфіі Кадушкі-Амора, зьвязаная зь Нямеччынай, стала ведамая з публікацыяў Антона Рудака, заснаваных на рассакрэчаных дакумэнтах архіваў ЦРУ. Аднак далейшы лёс гэтага героя заставаўся фактычна няведамы. Некаторыя дэталі яго магчыма аднавіць на падставе захаванага ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лёндане ліставаньня.
Пры канцы кастрычніка 1954 г. айцец Часлаў Сіповіч у Лёндане атрымаў першы ліст за подпісам Віктара Спаліча і з бразыльскай зваротнай адрэсай. Гэтак даў знак па сабе той самы Кадушка-Амор.

У захаваным у архіве біскупа Часлава Сіповіча ліставаньні, якое датуецца 1954—1955 і 1959—1960 гг., згадваюцца некаторыя абставіны й эўрапейскага, і бразыльскага жыцьця нашага героя. Высьвятляецца, што ён задумоўваўся над вяртаньнем у Эўропу, што актыўна цікавіўся падзеямі беларускага жыцьця, атрымоўваў газэту “Бацькаўшчына” й нават апублікаваў як мінімум адзін артыкул на яе старонках у 1955 г. пад псэўданімам А. Лазука. Віктар Спаліч працаваў у джунглях у штаце Парана (Paraná), а ў 1959 г. у Сан-Паўлу ажаніўся з Кацярынай Аляксеевай (пра што ведама з дасланага а. Сіповічу запрашэньня на вясельле). Далей сьляды ягоныя зноў губляюцца.
А ліставаньне, пра якое ідзе гаворка, можна знайсьці ў альманаху “Запісы БІНіМ” № 42. 2022. “