Гуканьне Вясны ў Лёндане 22/03/2025

Халодныя зімы патрабавалі ад нашых продкаў вялікіх намаганьняў, каб высьпеліць ураджай на зямлі. Вясна была часам надзеі і абнаўленьня, калі людзі верылі, што словы і гукі адмысловых сьпеваў прысьпешаць цяпло, а прытоптваньне зямлі ў карагодах абудзіць зямлю ад зімовага сну, і можна будзе пачынаць палявыя работы.

У Беларусі існавала некалькі відаў абрадавай сустрэчы вясны. Гукалі вясну ў паўднёвай зоне, пачынаючы ад 1 сакавіка, і ў розных мясьцінах былі свае адметныя абрадавыя дзеяньні. Дзяўчаты зьбіраліся на высокіх месцах вёсак і сьпявалі адпаведныя песьні-вясьнянкі, якія звычайна заканчваліся воклічам “Гу!”. Асноўны сэнс песень “зіму праганяці, вясну сустракаці”, “зіма ў каточку, вясна ў чаўночку” і г.д. Часта пяклі печыва ў форме птушак-жаўрукоў і падкідалі яго ўгору, каб птушкі хутчэй прыляталі з выраю, бо менавіта тады наступіць сапраўдная вясна!

Для нас, беларусаў у эміграцыі,  важна падтрымліваць сувязь з нашымі каранямі, бо гэтая сувязь яднае супольнасьць і дае адчуваньне моцнага падмурку. Менавіта таму ўдзельнікі гурта “Вір” пад кіраўніцтвам выдатнай фальклярысткі Эвеліны Шчадрыной адзначаюць традыцыйныя сьвяты і абрады ў Скарынаўцы, да якіх далучаюцца іншыя беларусы Лёндану.

22 сакавіка, акурат на Саракі — дзень, калі ўважалася, што 40 птушак прылятаюць з выраю, адбылося Гуканне вясны ў садзе бібліятэкі. Беларусы Лёндану, Шэфілду, Бірмінгэму выраблялі папяровых птушак, сьпявалі, вадзілі карагоды, ладзілі веснавыя гульні, ратаваліся ад навальніцы, ласаваліся вогненным крупнікам і грачанікамі ды проста добра бавілі час разам.

Кіраўніца гурта "Вір" Эвеліна Шчадрына і яго ўдзельніца Караліна Мацкевіч
Гуканьне вясны ў Лёндане 2025
0 replies on “Гуканьне Вясны ў Лёндане 22/03/2025”