Уладзіслаў Гарбацкі
Гэты тэкст часткова напісаны на падставе матэрыялаў, якія захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане. Упершыню апублікаваны ў газеце “Новы час”.
Рэнэ Мартэль больш за 80 гадоў таму напісаў не проста першую досыць поўную працу пра Беларусь, але ўзняў голас супраць Расіі і Польшчы, якія вынішчалі беларускую культуру і хавалі свае злачынствы ад Еўропы. Пра што яшчэ ён пісаў?
Мы ўжо пісалі пра Антуана Мартэля. Сёння прапануем вам пазнаёміцца з Рэнэ Мартэлем. Антуан і Рэнэ стаялі на самым золку франкамоўнай беларусікі. Яны — не браты і нават не родныя, у іх проста падобнае прозвішча. А таксама пра іх абодвух амаль забыліся.
«Па-французску не існуе да сённяшняга дня жаднага агульнага ці адмысловага даследавання пра Беларусь і беларусаў», — пісаў Рэнэ Мартэль у 1929 годзе.
З 1929 года, канечне, з’явіліся некаторыя творы па-французску пра Беларусь, але ў нечым сцверджанне Рэнэ Мартэля застаецца праўдзівым — дасюль даследаванняў мала, і напісаныя яны часта не зусім грунтоўна. А таксама праўда ў тым, што Беларусь як частка еўрапейскай культуры, як еўрапейская краіна дасюль менш вядомая ў Францыі за магрыбскую ці цэнтральна-афрыканскую культуры, напрыклад. Еўропа дасюль слаба ведае самую сябе — ці не таму еўрапейскі крызіс ідэнтычнасці рэгулярна ўсплывае ў позве дня? З 1920-х гадоў, насамрэч, нічога не памянялася ў дыялогу Францыя—Беларусь, нават пасля таго, як Беларусь набыла незалежнасць.
А таму сімвалічным і вельмі актуальным з’яўляецца голас забытага француза-беларусафіла Рэнэ Мартэля, які больш за 80 гадоў таму напісаў не проста першую досыць поўную працу пра Беларусь, але ўзняў голас супраць Расіі і Польшчы, якія вынішчалі беларускую культуру і хавалі свае злачынствы ад Еўропы. Рэнэ Мартэль прароча зазначыў яшчэ ў 1929 годзе ў сваёй працы «Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique» аб тым, што Францыя зусім не ведае Беларусі, аб тым, што Францыя сляпая праз свае паланафільства.
Французскі гісторык, публіцыст, журналіст Рэнэ Мартэль (1893–1976) часта блытаецца з іншым славістам, мовазнаўцам і ў пэўнай ступені беларусістам Антуанам Мартэлем (1899–1931), выкладчыкам з Ліля. Абое жылі і пісалі пра Усходнюю Еўропу, пра Беларусь у адзін час — у 1920-я гады. Але ў другой палове ХХ стагоддзя імя Рэнэ Мартэля было амаль выкраслена з памяці. І вось чаму.
Падчас Другой сусветнай вайны гісторык, публіцыст і рэдактар газеты «Paris-Soir» пасіўна супрацоўнічаў з немцамі. У выніку ў 1945 годзе ён быў вырачаны на 10 гадоў прымусовых працаў і пазбаўлены грамадзянскіх правоў. І да смерці ў 1976 годзе гісторык будзе забыты і выкінуты з гісторыі. У існасці, па сёння працягваецца маўчанне вакол ягонага імя: так, у франкамоўным сеціве амаль адсутнічаюць звесткі пра Рэнэ Мартэля, тое-сёе можна наскрэбці хіба ў нямецкамоўным сеціве. Больш інфармацыі атрымалася адшукаць у архівах прэсы («Paris-Soir», «Le Monde Nouveau»), дзе друкаваўся гісторык і публіцыст.
Пры гэтым варта пазначыць, што пачынаў Рэнэ Мартэль цалкам годна і перспектыўна: авіятар падчас Першай сусветнай вайны, змагар за вольную Францыю, шчыры і адкрыты еўрапеец з кагорты Луізы Вэйс, сарбонавец, даследнік Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, знаўца народаў і культураў Усходу Еўропы (перадусім Беларусі, Украіны, Румыніі). Выдатны знаўца Банату, русінскай культуры наагул, біёграф Мазэпы і адзін з галоўных даследнікаў у 1920–1930-х гадах савецкай антырэлігійнай палітыкі.
Ягоныя шматлікія эсэ (больш за 20) карысталіся попытам, на іх спасылаліся палітыкі Лігі Нацыяў, праеўрапейскіх арганізацыяў, французскія дэпутаты і сенатары. Ягоныя працы аб месцы авіяцыі ў вядзенні вайны, польскім пытанні, забытых і маргіналізаваных народах Усходняй Еўропы (русінах Закарпацця і беларусах) перакладаліся на нямецкую, англійскую, іспанскую, украінскую, польскую мовы. Калі часам працы і былі агульныя, то гэта не мінімізавала важнасці і актуальнасці, што прысутнічалі ў пасланні. Аўтар заўсёды, акрамя простага і неабходнага азнаямлення чытачоў з новым матэрыялам, удала выстаўляў палітычныя, ідэалагічныя акцэнты і выкрываў хібы Еўропы.
Так, адной з галоўных хібаў Еўропы аўтар лічыў няведанне еўрапейцамі Еўропы. Ён крытыкаваў заходніх еўрапейцаў за тое, што яны не ведаюць усходніх еўрапейцаў, якія ў сваёй гісторыі не саступаюць у еўрапейскасці ані французам, ані англічанам. І, падаецца, гэтая хіба не выпраўленая і ў ХХІ стагоддзі. У працы, якія былі прысвечаныя ці то беларусам, ці то русінам, ці то ўкраінцам, ці то румынам, ці то венграмі, Рэнэ Мартэль укладваў адно важнае пасланне — пашырыць веды аб Еўропе, пазнаёміць заходнікаў з іншай Еўропай. І ў 1920–1930-я гады яму гэта ўдавалася, якраз на гэтай глебе Рэнэ Мартэль сышоўся з рэдакцыяй часопіса «Le Monde Nouveau», з Панеўрапейскім хаўрусам, стаўшы, такім парадкам, адным з вястуноў і распаўсюднікаў панеўрапейскай ідэі.
Праўда, паступова — і на прыкладзе ўласных эсэ гэта бачна асабліва выразна — аўтар стаў касабочыць: так, слушная крытыка Польшчы і яе палітыкі ў дачыненні да беларусаў і ўкраінцаў па хуткім часе перакінулася ўхваленнем Германіі нямецкай палітыкі ў Цэнтральнай Еўропе. Да ўсяго панеўрапейскасць Рэнэ Мартэля часта пераходзіла ў антыамерыканізм: ЗША з-пад пяра француза маляваліся як «янкі-скоцтва» ці «yankee-барбарства», а амерыканскія палітыкі абвінавачваліся ў заняпадзе Еўропы. Апагеем радыкалізму Рэнэ Мартэля стала нямецкафільская праца «Les Principes du national-socialisme» («Прынцыпы нацыянал-сацыялізму»), якая з’явілася ў 1941 годзе. Якраз гэтая праца і стала асноўным фактам на судзе 1945 года.
І тым не менш, не ў якасці рэабілітацыі, а ў якасці гістарычных кур’ёзу і справядлівасці, варта вярнуцца ў канец 1920-х гадоў, калі Рэнэ Мартэль вандраваў па Усходняй Еўропе і пісаў працы пра Беларусь. Рэнэ Мартэль разам з Антуанам Матэлем стаялі, насамрэч, на самым золку французскай беларусікі, а таму варта вярнуцца да першых франкамоўных тэкстаў аб Беларусі. Тут нас цікавіць перадусім узгаданае ўжо эсэ «Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique». Таксама цікавым для беларусаў могуць быць працы аўтара аб Польшчы і Украіне, у якіх паўстае шмат цікавай інфармацыі пра наш рэгіён наагул: «La Pologne et nous: la légende et l’histoire chimères et réalités» (1928), «La France et la Pologne; réalités de l’Est européen» (1931), «Vie de Mazeppa» (1931), «La Ruthenie subcarpathique» (1935).
Цікава, што француз слушна пачынае эсэ пра Беларусь з таго, што ўводзіць чытачоў у даўні, але важны для разумення Беларусі канфлікт паміж Захадам і Усходам, паміж Рымам і Візантыяй, «ваяўнічым каталіцтвам» і «захопніцкім праваслаўем». Першы француз, які пісаў пра Беларусь, чытаў не толькі польскія і расійскія тэксты, як гэта адбываецца часта сёння, але і беларускія тэксты (У. Пічэты, А. Сапунова, Я. Карскага ды іншых). Смелы француз, дарэчы, крытыкуе не толькі палякаў і расейцаў, але і летувісаў, тлумачачы французам, што назва ВКЛ хутчэй блытае, чым дэманструе праўду, бо панятак «літоўскі» ў гэтай назве вельмі спрэчны — «насамрэч, беларускі элемент у гэтай дзяржаве дамінаваў».
Вельмі захапляльна і творча падае Рэнэ Мартэль гісторыю беларускай мовы, на якой пісаліся тэксты мастацкія («Песня пра паход князя Ігара») і канцылярскія (Статуты ВКЛ). Удала параўноўвае далей заняпад беларускай мовы з заняпадам правансальскай мовы, якія сталі «простымі мовамі» ці «мовамі сялянскімі». Не менш цікава аўтар апісвае гісторыю беларускай літаратуры, пісанай на розных мовах. Асаблівую ўвагу Рэнэ Мартэль скіроўвае на пярліну беларускай літаратуры — «Шляхціца Звавальню». І як шкадуе, што гэты шэдэўр не перакладзены на французскую мову!
Ёсць у эсэ і смешныя памылкі: так, у апісанні беларускай літаратуры ХХ стагоддзя класік Змітрок Бядуля падаецца як пісьменніца, «дачка беднага жыдоўскага вяскоўца». Хутчэй за ўсё, канчатак «-а» ў прозвішчы «Biadulia» проста заблытаў даследніка, адкуль і смешны кур’ёз.
У іншай працы — «La Pologne et nous: la légende et l’histoire chimères et réalités» («Польшча і мы. Легенда і гісторыя. Хімеры і рэальнасць») — найбольш удалай і моцнай часткай кнігі сталася палітычная гісторыя беларусаў, асабліва палітычная гісторыя беларусаў за Польшчай. У працы падаюцца і падрабязна апісваюцца «рафінаваныя здзекі» і гвалт польскай паліцыі. Аўтар параўноўвае Польшчу з Расійскай імперыяй і называе яе «новай вязніцай народаў». Французскі гісторык складае ці не першы беларускі спіс ахвяраў польскай тыраніі і заклікае французскі ўрад «расплюшчыць вочы на нібыта цывілізаваную Польшчу».
У сваіх закліках гісторык абапіраецца адначасова на прамовы польскіх паслоў-беларусаў, на антыбеларускія расісцкія тэксты польскай арыстакратыі, якая друкавала свае пасланні па-французску, напрыклад, у «L’Europe Nouvelle», а таксама на польскую прэсу ўсёй ідэалагічнай палітры. Рэне Мартэль ставіць пад сумнеў добрыя гістарычныя адносіны паміж Францыяй і Польшчай, бо ў іх заўсёды «прысутнічала нешта недамоўленае, схаванае».
Гісторыку проста сорамна за тое, што кожная беларуская ахвяра ў польскай вязніцы на французскім сумленні, бо сваім маўчаннем Францыя апраўдвае і падтрымлівае польскую тыранію. Кніга завяршаецца выбачэннямі перад беларусамі, украінцамі, летувісамі за дэмакратычную і рэвалюцыйную Францыю, якая здзейсніла непапраўнае — патуранне.
Але гэтаму ёсць адна прычына, на думку гісторыка, — няведанне. І зноў заўвага Р. Мартэля гучыць амаль па-прароцку і актуальна: па сёння няведанне застаецца праблемай для самой Еўропы. Для Францыі, якая не ведае Еўропы па-за межамі ЕС. Для Беларусі, якая не ведае сваіх герояў і даследнікаў па-за межамі краіны. Для Францыі і для Беларусі, якія забылі імёны тых, хто спрабаваў закінуць масткі паміж нашымі культурамі.