28 сакавіка 2022 году пайшоў з жыцьця Аляксандар Баршчэўскі (псэўд. Алесь Барскі) – беларускі паэт, літаратуразнаўца, шматгадовы кіраўнік катэдры беларусазнаўства і прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту, даўні сябра і мэцэнат Скарынаўскай бібліятэкі.
Народжаны на Беласточчыне, ён быў актыўным папулярызатарам беларускае мовы і культуры ў Польшчы, фальклярыстам, дасьледнікам літаратуры беларускае дыяспары.
Спадар Баршчэўскі і ягоная жонка, беларуская лінгвістка і дасьледніца Ніна Баршчэўская, былі добрымі сябрамі айца Аляксандра Надсана і беларускай супольнасьці ў Брытаніі, неаднаразова бывалі ў бібліятэцы, бралі ўдзел у навуковых канфэрэнцыях Англа-беларускага таварыства. Шмат хто з тутэйшых беларусаў наведваў іх у Польшчы і памятае цеплыню і гасьціннасьць іхняй варшаўскай кватэры.
За доўгія гады сяброўства з айцом Надсанам Алесь і Ніна Баршчэўскія зрабілі шмат падарункаў Скарынаўцы. Сярод іх два яркія графічныя творы (манатыпіі) Барыса Малкіна, якія аздабляюць нашую мастацкую калекцыю. У складзе кніжнай калекцыі ёсьць паэтычныя зборнікі Алеся Барскага «Жнівень слоў» (1967), «Мой бераг» (1975), «Лірычны пульс» (1987), «І толькі ў мове роднай буду вечны» (2015), зборнік успамінаў і публіцыстыкі «З пабачанага і перажытага» (1992), а таксама асобнік «Выбраных твораў» (2011) з сэрыі «Беларускі кнігазбор» зь цёплым прысьвячэньнем айцу Аляксандру ад аўтара: «Дарагому айцу Алесю Надсану, які быў, ёсьць і будзе сэрцам і душой Скарынінскай бібліятэкі ў Лондане, з удзячнасьцю і любоўю Алесь Барскі. Для мяне, ойча, твая бібліятэка была акном, праз якое я першы раз глянуў на шырокі і вольны сьвет…».
Апякунская рада Скарынаўскай бібліятэкі глыбока спачувае спадарыні Ніне ў гэты сумны час. Сьветлая памяць дарагому сябру, вялікаму беларусу і творцу!
Караліна Мацкевіч