Бібліятэка Францішка Скарыны ў Лёндане абвяшчае адкрыцьцё дзіцячай бібліятэчкі “Скарынятка”, дзе ўсе ахвотныя змогуць пазычыць кніжкі праз абанэмэнт. “Скарынятка” мае калекцыю дзяцячых кніжак розных гадоў выданьня і для розных узростаў – ад немаўлятак да падлеткаў, а таксама беларускія школьныя падручнікі і мэтадычныя выданьні.
Каця Андрушкевіч, якая будзе бібліятэкаркай дзіцячай кнігі, пракамэнтавала:
“Для мяне вялікі гонар быць удзельніцай любых скарынаўскіх прыгодаў. Я шаную гісторыю Беларусі, досьвед і працу эміграцыі, а зараз пачынаю рабіць і свае маленькія крокі ў напрамку будаваньня беларушчыны за мяжой. Першапачаткова бібліятэка стваралася для навукоўцаў, а вось цяпер разварочваецца для яшчэ больш шырокага кола чытачоў, так што гэта вельмі цікавы і спрыяльны час і захоўваць традыцыі бібліятэкі, і ствараць ейнае сучаснае аблічча.
Я буду радая пабачыць беларусаў і беларусак Лёндану, якія вырашаць далучыцца да сумесных чытаньняў, якія выхоўваюць у Эўропе беларускіх дзяцей і памятаюць карані (ці можа забыліся на гэтыя карані, але маюць жаданьне ўспомніць). Мы будзем чытаць дзяцям, але не забудземся і на дарослых. Гэта будуць нашыя сумесныя крокі ў напрамку будаваньня супольнасьці і захаваньня ідэнтычнасьці. Гэта нашая адказнасьць — памятаць адкуль мы, чым мы адметныя, і памнажаць тое, што маем. А Cкарынаўка мае, паверце мне! 🙂“

