135 год з дня нараджэньня айца Язэпа Гэрмановіча

Сёньня спаўняецца 135 год з дня нараджэньня айца Язэпа Гэрмановіча, сьвятара, літаратара і грамадзскага дзеяча беларускае дыяспары ў Брытаніі.

Ён быў народжаны 4 сакавіка 1890 году ў Гальшанах, на той час Нясвіскі павет, у вельмі беднай, але шчыра адданай каталіцкай веры сям’і. Бацька Язэпа памёр вельмі рана і маці засталася адзінай апякункай малога Язэпа і ягонай сястры Людвіні. Меркавалася, што па сканчэньні пачатковай школы Язэп пойдзе вучыцца на шаўца. Аднак замест гэтага хлапец трапіў ў гарадзкую школу ў Ашмяне. Далей ідуць вучоба ў Віленскай духоўнай сэмінарыі, сьвятарскія сьвячаньні і служба ў Вільні, Беластоцкім павеце, Беластоку ды іншых мясьцінах Беларусі.

У 1924 годзе а. Гэрмановіч ўступіў да ордэна айцоў-мар’янаў і быў скіраваны ў Друю. У 1934 годзе ўлады Марыянскага закону адпраўляюць яго на місіянерскую службу ў Харбін у Манчжурыі, Кітай. Там ён выконваў абавязкі дырэктара гімназыі, выхаваўцы ў хлапечым інтэрнаце, настаўніка і спаведніка жаночых манашых супольнасьцяў. У 1936 годзе а. Гэрмановіч, з-за пагаршэньня здароўя вяртаецца на кароткі час на Беларусь, дзе працуе кіраўніком беларускага марыянскага дому студэнтаў у Вільні. 1938 годзе з-за перасьледу польскімі нацыяналістычнымі ўладамі, беларускія марыянскія асяроднікі ў Друі і Вільні былі зачыненыя. Айцец Язэп ізноў быў скіраваны на службу ў Харбін.

У 1948 годзе кітайскія ўлады арыштоўваюць яго разам з паплечнікамі-сьвятарамі і вучнямі Харбінскай місіі і перадаюць іх савецкім уладам. Асуджанаму а. Гэрмановічу прызначаюць пакараньне ў 25 гадоў прымусовых працаў у сталінскіх лягерах у Сібіры.

Пасьля сьмерці Сталіна, ў 1955 а. Гэрмановіч быў вызвалены з турмы і высланы ў Польшчу. Ратуючыся ад камуністычных ідэёлагаў і ўладаў, у 1959 годзе ён трапляе ў Рым, а затым перабіраецца ў Вялікабрытанію. У Лёндане біскуп Часлаў Сіповіч прызначыў яго дырэктарам школы Св. Кірылы, невялікага інтэрнату для дзяцей імігрантаў, які быў заснаваны пры Беларускай Каталіцкай Місіі.

Праз усё жыцьцё а. Гэрмановіч спалучаў сьвятарскую працу з літаратурнай. Ён вядомы пад псэўданімамі Хлопчык з-пад Гродны, Вінцук Адважны, Лявон Ветрагон, крэптанімамі В. А. і а. Я. Г. Наколькі ведома, пачаў ён сваю літаратурную дзейнасьць яшчэ ў 1919, друкуючы свае першыя тэксты ў газэце ‘Крыніца’. Папулярнасьць сярод чытачоў і інтарэс крытыкаў яго напаткалі напрыканцы 20х – пачатку 30х гадоў ХХ стагодзьдзя. Аповесьць ‘Хлапец’ займела прызнаньне ‘бэстсэлера’ сярод тагачасных заходня-беларускіх чытачоў.

Ён супрацоўнічаў з часопісамі «Шлях Моладзі», «Калосьсе» і «Хрысьціянская думка».

Пра свой пакутны шлях зьняволенага ў сталінскіх канцлягерох ён расказаў ў сваіх успамінах ‘Кітай, Сібір, Масква’, якія былі перакладзены на польскую, нямецкую, італійскую і ангельскую мовы.

Да 1974 а. Гэрмановіч працаваў рэдактарам Беларускага эмігранцкага часопісу ‘Божым Шляхам’. У ім ён друкуе свае сатырычныя і гумарыстычныя творы, духоўную паэзію, а таксама апрацоўкі біблійных і літургічных тэкстаў.

А. Я. Гэрмановіч памёр 26 Сьнежня 1978 у Лёндане. Ён пахаваны на могілках Св. Панкраца ў Іст Фінчлі, Лёндан.

Аўдыё-запіс: прамова айца Гэрмановіча на адкрыцьці нашае бібліятэкі 15.05.1971

0 replies on “135 год з дня нараджэньня айца Язэпа Гэрмановіча”