Адразу некалькі краінаў сьвяткуюць сёлета 500-годзьдзе “Малой падарожнай кніжкі”, выдадзенай Францішкам Скарынай у Вільні ў 1522 годзе. Яна была першай друкаванай кнігай ва ўсёй Усходняй Эўропе і ў Вялікім Княстве Літоўскім. І першым беларускім друкаваным малітаўнікам.
Ірына Дубянецкая, доктарка тэалёгіі і філязофіі, і даяўняя прыяцелька нашае бібліятэкі, распавядае пра “Малую падарожную кніжку” і ейнага выдаўца, Францішка Скарыну, у гутарцы для беларускага Радыё Марыя.
Гэты цудоўны юбілей самай рэдкай кнігі Скарыны зьвязаны з нашай бібліятэкай самым наўпроставым чынам: менавіта тут у 1971 годзе была вызначаная дата выданьня “Малой падарожнай кніжкі”, пра што апавядае артыкул а. Аляксандра Надсана, апублікаваны ў 1971 годзе ў часопісе “Божым шляхам” (№5, стар. 9-11), які можна прачытаць ніжэй. Годам пазьней а. Аляксандар апісаў больш падрабязна сваё адкрыцьцё ў англамоўным артыкуле ў Journal of Byelorussian Studies. Алічбаваны асобнік “Малой падарожнай кніжкі”, па якім і атрымалася датаваць ейнае выданьне, можна пабачыць на сайце дацкай Каралеўскай бібліятэкі.
У чэрвені гэтага году наведаў Бібліятэку імя Францішка Скарыны ў Лёндане прафэсар Гэбрайскага ўнівэрсытэту ў Ерусаліме Моіпэ Альтбаўэр. Ён паведаміў, што бачыў y Каралеўскай бібліятэцы ў Капэнгагене няведамы да гэтага часу экзэмпляр Малой падарожнай кніжкі Скарыны. Гэтая вестка выклікала зразумелае зацікаўленьне і кіраўніцтва Бібліятэкі ім. Францішка Скарыны пастаралася адразу дастаць мікрафільм кніжкі.
Малая падарожная кніжка, гэты своеасаблівы малітаўнік для сьвецкіх людзей, належыць да віленскага пэрыяду дзейнасьці Скарыны. Сярод дасьледчыкаў жыцьця беларускага першадрукара, пачынаючы ад Уладзімірава, замацаваўся погляд, быццам гэтая кніга была ягоным другім – і апошнім – віленскім выданьнем пасьля Апостала 1525 г. Толькі зусім нядаўна, у 1959 г., расейская вучоная А. С. Зярнова, на аснове параўнаньня стану заставіц y абедзьвюх кнігах, выказала думку, што Апостал быў пазьнейшым выданьнем і што трэба аднесьці Малую падарожную кніжку да 1523-24 гадоў. Усё гэта аднак былі меркаваньні, правільнасьць якіх было немагчыма спраўдзіць пры адсутнасьці канкрэтных доказаў. Малая падарожная кніжка захавалася ў дрэнным стане і ва ўсіх ведамых да апошняга часу экзэмплярах не хапала Пасхаліі, пры дапамозе якой было б можна вызначыць год выданьня. Сам Скарына ў пасьляслоўях да розных частак кнігі нічога пра дату не гаворыць.
Капэнгагенскі экзэмпляр Малой падарожнай кніжкі, як і ўсе іншыя ведамыя экзэмпляры, некамплектныя. (1) Зь пяці разьдзелаў кнігі захаваліся толькі чатыры – Псалтыр, Часасловец, Акафісты і каноны і Царкоўнае сабраньне (каляндар), – зь якіх толькі першы і апошні зьяўляюцца поўнымі. Не хапае цэлага чацьвёртага разьдзелу – Шасьцідзёньніка, – а таксама трох апошніх лістоў са зьместам кнігі. У першай частцы Часаслоўца няма ліста 18 з заканчэньнем Першага часу, а ў другой – чатырох пачатковых лістоў з Канонам пакаяльным. Няма таксама першага ліста Акафіста Багародзіцы з гравюрай Дабравешчаньня і – як выглядае з мікрафільму – апошняй часткі Эвангельля паводле Яна пасьля Акафіста Крыжу.
Нягледзячы аднак на сваю некамплектнасьць, капэнгагенскі экзэмпляр Малой падарожнай кніжкі зьяўляецца ўнікальным, ба ў ім адным захаваўся поўнасьцю апошні, каляндарны, разьдзел з Пасхаліяй, якую да апошняга часу лічылі згубленай. Разьдзел складаецца з 20 лістоў з асобнай пагінацыяй. На пярэднай старонцы першага ліста замешчаны ў рамках наступны загаловак:
«Последование церковнаго собърания въселетънаго от месеца сепътеврия до месеца августа по въставу Ерусалимъское церкви», Каляндар нерухомых сьвятаў (г. зв. «сьвятцы») пачынаецца на адвароце першага ліста і канчаецца на пярэдняй старонцы трынаццатага. На адвароце трынаццатага ліста знаходзіцца прадмова да Пасхаліі, a далей да канца ідзе сама пасхалія на гады 1523–1543. Разьдзел канчаецца наступным пасьляслоўем: замешчаным у самым нізе на адвароце дваццатага ліста: «Доконаны суть сие вократце светци и поскалия, доктором Франциском Скориною, во славном месте виленском».
Вось пачатак Пасхаліі зь весткамі на 1522 год: (2)
«B лѣто 7 тысещ 31, круг солнцу 3, луне 1, Рож[е]ство Хр[и]ст[о]во в чет[вер], лѣт по нарожении Хр[и]ст[о]ве полторы тысещи 23, индик[т] 11, мяса ясти 6 недел[ь] 4 дни, триодь нач[инается] ген[варя] 25, мясоп[у]ст фев[раля] 8, 40 муч[еников] 4 недели посту в понеделок, Благовещ[ение] в среду 6 недели посту, Хр[и]стиа[нская] пасха април[я] 5, Георгия в четвер 3 недели по пас[це], воступление на небеса Г[о]с[по]дьне 14 маїя, сошествие Св[е]т[а]го Духа 24 маїя, Петро мяс[опуст] 31 маїя, Петрова посту 4 неде[ли], Петра в понеделок.
Гибель месеца всего будеть 1 дня марта пол 9 годины по полудни. Другая гибель всея луны августа 25, по полнощи 3 годи[ны]».
Апрача гэтага, пачынаючы ад 1524 году, Скарына падаваў спачатку, ці даны год быў высакосным («лѣто преступное или висекст»), a калі не, то каторым ён быў па парадку пасьля высакоснага.
Як відаць з вышэй прыведзенага тэксту, Пасхалія Скарыны была своеасаблівым календаром, дзе чытач, побач з датамі Вялікадня і іншых рухомых сьвятаў і зьвязаных з імі пастоў, мог знайсьці весткі пра дні тыдня, ў якія ў даным годзе выпадалі некаторыя важнейшыя нерухомыя сьвяты, а таксама пра розныя астранамічныя зьявы, як зацьменьне сонца ці месяца.
Найбольш цікавыя астранамічныя весткі на 1524 год:
«Сего году не будеть габели солнца или месеца, но будеть соштие всех седми звезд блудящих во знамени небесном в рибах, они же напотом, естли Господь Бог допустить, великое пременение царств, законов, людей и всех на земли и во водах родящихся быти знаменують, яковое ж предтым не бывало».
У 1530 годзе павінна было быць частковае зацьменьне сонца:
«Гибель всего месеца будеть октоврия 16 дня, шестое годины по полнощи. Другая гибель солнца, большая половина, 28 марта, пол 6 годины пред полуднем».
Для азначэньня гадоў y Пасхаліі Скарына ўжывае, побач з летазьлічэньнем ад нараджэньня Хрыста, традыцыйнае летазьлічэньне «ад стварэньня сывету». Наогул ён прытрымліваецца тут традыцыйнага ўсходняга царкоўнага календара, паводле якога новы год пачынаецца не 1 студзеня, але 1 верасьня. Такім чынам, Скарынаў 1523 год адказвае, паводле сёньня агульнапрынятага летазьлічэньня, пэрыяду ад 1 верасьня 1522 г. да 31 жніўня 1523 г.; a Каляды 1523 г., весткай пра якія пачынаецца Пасхалія, – Калядам 1522 г. Малая падарожная кніжка павінна была выйсьці з друку перад гэтай апошняй датай, бо інакш вестка пра Каляды 1522 г. была б неактуальнай. 3 другога боку, Скарына напэўна ня выдаў яе ў 1521 г., бо тады ён замясьціў бы ў Пасхаліі весткі на 1522 год. Трэба таму думаць, што Малая падарожная кніжка была выдана ў 1522 г., хутчэй за ўсё перад 1 верасьнем, г. зн. перад новым царкоўным годам. (3)
Дзякуючы знаходцы ў Капэнгагене сёньня ўжо ведамы поўны тэкст Малой падарожнай кніжкі і вырашана канчаткова пытаньне храналёгіі Скарынавых выданьняў. Цяпер ужо можна з упэўнасьцю сказаць, што Малая падарожная кніжка, a не Апостал, была першым выданьнем Скарыны ў Вільні. Такім чынам, y біяграфіі беларускага першадрукара стала адной «белай плямай» менш.
Зноскі
(1) Апісаньне Малой падарожнай кніжкі (без пасхаліі) гл.: А. Коршунаў, «Кароткі каментарый да выданняў Францыска Скарыны». – У кнізе: Францыск Скарына, Прадмовы і пасляслоўі, Мінск, «Навука і тэхініка», 1969, сс. 222-232; B. Тумаш, «Бібліяграфія скарыніяны». – У Запісы №5, Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, Мюнхэн 1970, сс. 196-197.
(2) Словы, напісаныя ў Скарынавым тэксьце ў скарочаным выглядзе, падаюцца поўнасьцю. Даданыя часткі, якіх няма ў арыгінале, ўзяты ў квадранныя дужкі. Пры перадачы Скарынавых тэкстаў захаваны правілы прынятыя А. Коршунавым (гл. Францыск Скарына, Прадмовы і пасляслоўі, с. 5).
(3) Год 1522 адносіцца да цэлай кнігі. Вельмі магчыма, што некаторыя яе часткі – у прыватнасьці, Псалтыр і Акафісты, – Скарына выдаў раней асобна, а пасьля злучыў ix y адно цэлае. На карысьць такога погляду гаворыць тое, што многія часткі Малой падарожнай кніжкі маюць свае тытульныя лісты, пасьляслоўі і незалежную пагінацыю. (Больш пра гэта гл.: А. Коршунаў, «Літаратурна-публіцыстычная спадчына Францыска Скарыны». – У кнізе: Францыск Скарына, Прадмовы і пасляслоўі, с. 192).