Уладзіслаў Гарбацкі, палітоляг і выкладнік Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні, ужо некалькі разоў быў госьцем Скарынаўскай бібліятэкі і беларускай супольнасьці ў Лёндане. Падчас яго чарговага прыезду ён распавёў, якія нагоды прыводзяць яго ў Лёндан.
Першыя разы, калі я прыяжджаў, мне Скарынаўка была цікавая сваім выдатным зборам мастацкай літаратуры дыяспары. У Беларусі атрымаць доступ да такога поўнага збору немагчыма. Гісторыкі й літаратуразнаўцы спрабуюць увесьці гэтую спадчыну ў больш шырокі ўжытак, але збольшага сытуацыя застаецца як і раней: расейская літаратура паўсюль, а творы суайчынькаў даводзіцца шукаць у далёкіх мясьцінах.
Гэтым жа разам – яно можа падацца дзіўным напачатку, – я прыехаў у Лёндан займацца франкамоўнымі тэкстамі аб Беларусі. На гэтую тэму я выйшаў амаль выпадкова. Хоць я сам франкамоўны і даўно цікаўлюся беларуска-францускімі стасункамі, я ня думаў, што ёсьць так шмат матэрыялаў на гэтую тэму, асабліва – у яе гістарычнай пэрспэктыве. Многія безумоўна чулі пра Perspectives Biélorussiennes (“Беларускія пэрспэктывы”) – сучасны беларусазнаўчы праект, які ствараецца франкамоўнымі аўтарамі. Але вось аказваецца, што і сто гадоў таму былі такія дасьледнікі – французы і бэльгійцы. Я ўжо сабраў, хіба, усё, што ёсьць у асноўным кнігасхове Скарынаўкі і ейным разьдзеле пэрыёдыкі.
Франкамоўнай беларусыстыцы больш за стагодзьдзе
У XIX і, яшчэ па інэрцыі, першай палове XX стагодзьдзя француская мова была моднай і шырока ўжыванай, мовай дыпляматыі і пісьменства. Гэта тлумачыць, чаму большасьць франкомоўных выданьняў у Скарынаўцы паходзяць з таго пэрыяду. Каб быць пачутымі, беларусы мусілі пісаць па-француску і перакладаць на гэтую мову, напр. “Пра нацыянальнае пытаньне” Доўнара-Запольскага. Цікавыя, канешне, і дасьледваньні летувіскіх аўтараў, напісаных у тую самую эпоху па-француску: яны таксама хацелі быць пачутымі. Яны спрачаліся, летувіскі і беларускі нацыянальныя падыходы сутыкаліся, таксама як польскі і расейскі.
Усё гэта ёсьць тут, у Беларускай бібліятэцы ў Лёндане. Калі бачыш усе гэтыя тэксты разам, то пачынаеш разумець, што яны трапілі ў бібліятэку невыпадкова. Нехта пасьлядоўна зьбіраў такія матэрыялы, і гэты нехта добра арыентаваўся ў франкамоўнай беларусыстыцы таго часу. Падобна, што частка матэрыялаў была сабраная Львом Гарошкам і перавезеная з Францыі. Іншая частка артыкулаў знаходзіцца ў архіўных тэчках беларускай дыяспары Бэльгіі. Там, у Лёване (ці Лювэне, на францускі лад), былі адзін час нашыя студэнты. Тыя матэрыялы дагэтуль як сьлед не апісаныя і не дасьледаваныя. Франкамоўны фонд тут багацейшы нават за зборы Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску, як ні парадаксальна. Яно і зразумела: у свой час француская і бэльгійская дыяспары даверылі ўласную спадчыну Скарынаўцы.
Я натрапіў у бібліятэцы на невядомую мне раней невялікую францускую калекцыю. Яе больш правільна назваць калекцыяй франкамоўнай беларусістыкі – там творы францускіх, бэльгійскіх і канадыйскіх аўтараў, ёсьць некалькі швайцарскіх адзінак. Гэта адкрыцьцё разьбіла пэўныя мае стэрэатыпы, кшталту таго, што французы і бэльгійцы толькі нядаўна пачалі цікавіцца Беларусьсю. Няпраўда: ёсьць шэраг важных тэкстаў, якія дагэтуль не перакладзеныя на нашую мову, вядомыя, бадай, толькі вузкаму колу спэцыялістаў на Беларусі, а, некаторыя, верагодна, і зусім невядомыя. Прыкладам, францускі лінгвіст, русіст і паляніст, які пазьней заняўся беларускай тэматыкай, Антуан Мартэль. Яго тэкст пра польскую мову ў Рэчы Паспалітай і Вялікім княстве Літоўскім цікавы тым, што прапануе арыгінальны адказ на пытаньне, чаму заняпала старабеларуская мова. Дасюль мы спрачаемся – беларусы, летувісы, палякі… Але вось быў спэцыяліст звонку, чалавек менш заангажаваны, і ён спрабуе адказаць, і робіць гэта, на маю думку, вельмі слушна і пераканаўча. Лінгвісты зь Беларусі дагэтуль часам едуць у Варшаву, каб чытаць гэты тэкст па-польску (палякі пераклалі й выдалі яго адразу ж, у канцы 1930-х), робяць копіі ўрыўкаў.
Ці, напрыклад, гісторык і паляніст Амбруаз Жамбэр: ён таксама выйшаў на беларускую тэму і зрабіў невялікае, але адметнае дасьледваньне “Беларускае пытаньне”. А яшчэ Рэнэ Мартэль (ён нічога агульнага ня меў з Антуанам Мартэлем)– палітык і гісторык, некаторыя свае дасьледваньні ён прысьвяціў беларускай тэме.
Як Леў Гарошка перамог францускае міністэрства
У архіўных скрыня і тэчках прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Бэльгіі і Францыі можна лёгка патрапіць на невядомыя старонкі гісторыі. Узяць, напрыклад, перапіску Льва Гарошкі з францускімі ўладамі. Апошнія два дні я ў захапленьні чытаў яго ліставаньне зь міністэрствамі. У 1970-м годзе, пад ціскам Савецкага Саюзу, я так мяркую, францускае Міністэрства замежных справаў адмовілася ўжываць панятак “беларускага паходжаньня” да імігрантаў. Яны сталі абмяжоўвацца толькі “расейскім паходжаньнем” і “польскім паходжаньнем”, чамусьці гэта датычыла толькі беларусаў. Леў Гарошка й іншыя прадстаўнікі дыяспары распачалі тады цэлую кампанію. Яны зрабілі калектыўны збор подпісаў іпратэставалі індывідуальна. У сваіх лістах нашыя суайчыньнікі абгрунтоўвалі свой выбар на карысьць беларускага паходжаньня, спасылаліся на законы самой Францускай Рэспублікі. Яны вельмі добра ведалі францускую рэчаіснасьць, заканадаўства і практыкі папярэдніх дзесяцігодзьдзяў. Яны спрабавалі абапірацца ў тым ліку й на рэлігійныя структуры, бо разьлічвалі, што Каталіцкая Царква, наогул заклапочаная камуністычным перасьледам, можа дапамагчы. Ім атрымалася: француская Царква і ватыканскія структуры далучылася да іх кампаніі тады. І беларусы перамаглі! – Ім адказалі, міністэрства прынесла прабачэньні. Гэта вельмі важная калекцыя дакументаў, якая сьведчыць пра змаганьне за сваю ідэнтычнасьць. Шмат ужо напісана, што Леў Гарошка прыклаў багата намаганьняў, каб у Ватыкане ведалі пра беларускую нацыю, а вось адкрываецца новы цікавы бок яго дзейнасьці.
Поўныя нечаканасьцяў архівы
Перагладаючы архіўныя тэчкі Льва Гарошкі, я натрапіў на мастацкі тэкст, напісаны беларусам цці беларускай з дыяспары. Разам зь іншымі дасьледнікамі, мы цяпер высьвятляем аўтарства таго твору. Там стаіць псэўданім N.Niva і іншы псэўданім ці сапраўднае імя, але старанна закрэсьленае. Гэта цікавы і важны тэкст – першы мастацкі твор, напісаны па-француску беларусам. Мова там вельмі добрая, дарэчы. Сюжэт крыху схематычны і часам прадказальны, але сацыяльны і заангажаваны, ён паказвае пакуты беларуса, які ўцёк на захад. Аўтар параўноўвае жыцьцё на захадзе і ў Савецкім Саюзе, прыпамінае час у Нямеччыне. Кур’ёзны тэкст, вельмі важны.
І гэта яшчэ ня ўсё, калі казаць пра дагэтуль ня ўведзенае ў акадэмічы ўжытак. Да самага апошняга часу ня было значных беларускіх выданьняў па-фрацуску. Былі спробы, але ў выніку яны ўсе ператварыліся ў часопісы, газэты й бюлетэні па-беларуску. Але вось такая кур’ёзная зьява: беларусы выкарыстоўвалі франкамоўную прэсу, якая існавала і бязь іх – Journal Officiel, напрыклад. Гэта звычайна былі выданьні цэнтрысцкага характару, без прапольскіх і ці расейскіх сэнтымэнтаў. Такіх артыкулаў мала, але можа іх проста мала яшчэ вядома? – Пытаньне да дасьледнікаў, якім варта будзе папрацаваць з старой францускай прэсай. Таксама беларусы друкаваліся ў франкамоўных выданьнях іншых нацыянальных супольнасьцяў – грузінаў, палякаў, украінцаў. Нечаканай знаходкай у Скарынаўцы была падшыўка газэты La Nation géorgienne (“Грузінская нацыя”). Кожную другую старонку газэты рэдактары аддавалі беларусам, а трэцюю – украінцам. У яе быў даволі вялікі наклад, яе чыталі і ў Бэльгіі, і ў Швэйцарыі, і ў Канадзе. Падобна, што беларусы там друкаваліся ў 60-я і 70-я гады. Там зьяўляліся і палітычныя, і культуразнаўчыя матэрыялы. Адозвы і заклікі Міхася Наўмовіча заслугоўваюць асобнай увагі. Ён добра валодаў францускай мовай і актыўна гэтым карыстаўся. Беларусы даводзілі сваё права называцца Biélarussien ці Bélarussien і называць краіну па-француску le Bélarus (а не la Biélorussie ці la Russie Blanche) – ужо ў тыя гады замагаліся за тое, чаго мы дагэтуль яшчэ не дамагліся. У тых публікацыях таксама цікава пабачыць, як беларуская дыяпара адгукалася на падзеі ў Чэхаславаччыне ў 1968 г., ва Ўгоршчыне і пад.
Патрэбны слоўнік, каб нас разумелі і цікавіліся намі
Мае ранейшыя прыезды ў Лёндан былі зьвязаныя з падрыхтоўкай беларуска-францускага слоўніка. Праца яшчэ не закончана, але памысна прасоўваецца. Ідэальна, ён мусіў бы рыхтавацца вялікім калектывам, акадэмічнай установай. За адсутнасьцю такога калектыву, я сам узяўся за працу, цяпер падключылася Караліна Мацкевіч зь Лёндану. Нас два чалавекі – і карэктары, і рэдактары абедзьвюх моўных частак. Таксама а. Надсан меў пэўнае дачыненьне: ён часта хадзіў побач, калі мы з Каралінай працавалі над слоўнікам, і калі ў нас былі нейкія сумненьні, то мы яго спынялі па параду. Ён усе тыя сумненьні здымаў – яго веданьне і беларускай, і францускай было дасканалым.
Мне заўсёды было цікава, чаму такі слоўнік не зьявіўся раней, да нас, бо было ж багата беларусаў і ў Францыі, і ў Бэльгіі, і ў Канадзе, у тым ліку прафэсійныя лінгвісты. Адсутнасьцю слоўніка часткова тлумачыцца няведаньне Беларусі на франкамоўным захадзе. Калі глядзіш на досьвед іншых нацыяў, тых жа летувісаў ці палякаў, то бачыш, што першай справай яны ствараюць першасны падмурак для перакладаў. Але не беларусы. І ў гэтым – адна са слабасьцяў нашага руху. Зразумела, чаму за савецкім часам не зьяўляліся слоўнікі ў Беларусі – не было зацікаўленасьці і патрэбы, ды й слоўнікі – гэта ключ да большае свабоды, доступ да якой жорстка кантраляваўся. Даць доступ да іншых моваў без пасярэдніцтва расейскай значыла б у значнай ступені страціць той кантроль. Але ж была яшчэ эміграцыя… Мы самі павінны паклапаціцца, каб франкамоўныя дасьледнікі маглі займацца беларусістыкай і не абапірацца для гэтага на расейскую мову.
Дагэтуль жа пераклады на францускую збольшага рабіліся з расейскай. Толькі адзінкі, як Віржыня Шыманец, працуюць зь беларускімі тэкстамі. Творы Васіля Быкава, Янкі Брыля, іншых перакладаліся з расейскай. І такая заганная практыка цягніцца дагэтуль. Ёсьць франкамоўныя студэнты, ахвотныя вывучаць беларускую мову ў рамках сваіх унівэрсытэцкіх праграмаў, але яны сутыкаюцца з элемэнтарнай адсутнасьцю самых падставовых сродкаў для гэтага, у т.л. слоўніка.
Бібліятэка ў Лёндане захавала страчанае ў Беларусі
Пераклады з францускай на беларускую – таксама цікавая тэма. У Скарынаўцы захаваліся тэксты, якія выходзілі да Другой сусьветнай вайны. У Беларусі іх амаль не дастаць, мо толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы знойдуцца адзінкавыя асобнікі. (І тут зразумелым становіца, чаму беларуская бібліятэка ў Лёндане была і застаецца патрэбнай: яна захавала тое, што ў Беларусі было страчана). Той жа Барбюс, Труая – тэксты, якія перакладаліся напрасткі з фрацускай. У вас ёсьць фрагмэнтарныя падшыўкі даваеннай “Чырвонай Беларусі”, якая публікавала пераклады францускіх і бэльгійскіх аўтараў. Многія з гэтых перакладаў сёньня забытыя. У мяне былі выпадкі, калі сябры і сяброўкі браліся за пераклады таго, што ўжо колісь зьўлялася па-беларуску. Яны былі ў шоку, расчараваныя, калі даведваліся што ўжо ёсьць старыя і добра зробленыя пераклады.
Знаходкі, прыгаданыя вышэй –сьведчаньне пра цэлыя недасьледаваныя пласты беларусазнаўства, якія вашая бібліятэка яшчэ дапаможа адкрыць. Сапраўдныя дасьледнікі, якія ўмеюць шукаць, не расчаруюцца тут. Праблема, канешне, што бібліятэка ў далёкім Лёндане, але абавязкова будуць тыя, хто змогуць і сюды дабрацца.
Скарынаўка – гэта перадусім праект дыяспары і яна патрэбная тут цяпер гэтак жа моцна, як і сорак гадоў таму, калі яна пачынала сваё існаваньне. Гэта ўсё зьбіралася дзесяцігодзьдзямі, сіламі і на сродкі выгнанцаў зь Беларусі. Гэта будзе кансалідаваць вас і на будучыню. Скарынаўка стварае ўнікальны культурніцкі аспэкт беларускай прысутнасьці ў Брытаніі.
Таксама важна, каб была альтэрнатыўная пляцоўка па-за Беларусьсю – база, адкрытая на самыя розныя, у т.л. маргінальныя, праявы беларускага жыцьця. Той факт, што тут захаваліся матэрыялы, страчаныя або маладаступныя ў Беларусі – выразны доказ таму. Канечне, і ў Беларусі робяцца намаганьні ствараць установы па-за палітыкай і ідэалёгіяй, але гэта не даецца лёгка і многае не атрымліваецца. Таму рабеце, не спыняйцеся.
Запісаў Ігар Іваноў,
Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны
Апублікавана на сайце “Будзьма” 10 ліпеня 2015 г.
This work is licensed under a Creative Commons Attribution 4.0 International License.