Вэб-архіў «Беларуская палітыка і грамадзтва»

English

Архіваваньнем трыццаці рэсурсаў – Тэлеграм-каналаў і вэбсайтаў – пачалося партнэрства Беларускай бібліятэкі і музэя імя Францішка Скарыны і Канфэдэрацыі бібліятэкаў Лігі плюшча плюс (Ivy Plus Libraries Confederation) для разьвіцьця вэб-архіву «Беларуская палітыка і грамадзтва».

Адным з вынікаў узросту грамадзка-палітычнай актыўнасьці, які прывёў да беспрэцэдэнтных для Беларусі мірных пратэстаў у 2020 годзе, стала зьяўленьне шматлікіх непадцэнзурных крыніцаў інфармацыі на новых плятформах і ў новых фарматах, найперш – у Тэлеграме. Гэтыя матэрыялы зьяўляюцца асабліва ўразьлівымі: ім пагражае зьнішчэньне ў выніку рэпрэсіяў, самацэнзура або зьнікненьне з-за немагчымасьці бясьпечнага і стабільнага існаваньня.

Каб забясьпечыць бесьперапынную даступнасьць для дасьледчыкаў такіх эфэмэрных рэсурсаў, у верасьні 2020 году бібліятэкары Гарвардзкага, Стэнфардзкага і Чыкагскага ўнівэрсытэтаў, пад эгідай Канфэдэрацыі бібліятэкаў Лігі плюшча плюс, пачалі іх сыстэматычнае архіваваньне ў рамках вэб-архіву «Беларуская палітыка і грамадзтва».

Фокус архіву – дзейнасьць групаў і арганізацыяў, апазыцыйных да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама нефармальных пралукашэнкаўскіх суб’ектаў, у тым ліку няўрадавых арганізацыяў, мясцовых СМІ, прафсаюзаў, культурніцкіх арганізацыяў, асобных палітыкаў і дзеячаў культуры.

Вайна ва Ўкраіне і роля ў ёй Беларусі і беларусаў стала галоўнай тэмай інфармацыйных рэсурсаў прадэмакратычных колаў у Беларусі і ў дыяспары ў 2022 годзе, што будзе адлюстравана ў калекцыі вэб-архіву.

Унёскам бібліятэкі ў гэты праект зьяўляецца дэтальнае веданьне беларускага інфармацыйна ляндшафту, што дазволіць зрабіць вэб-архіў «Беларуская палітыка і грамадзтва» каштоўнай крыніцай для дасьледчыкаў-беларусазнаўцаў і інавацыйным прыкладам захаваньня гістарычнай памяці нашага народу.

Для стварэньня вэб-архіву «Беларуская палітыка і грамадзтва» Канфэдэрацыя бібліятэкаў Лігі плюшча плюс выкарыстоўвае перадавыя тэхналёгіі вэб-архіваваньня, створаныя каліфарнійскім Інтэрнэт Архівам (Internet Archive). Зьмест вэб-архіву «Беларуская палітыка і грамадзтва» аўтаматычна становіцца даступным на плятформе Інтэрнэт Архіву – самай вялікай у сьвеце дыгітальнай бібліятэкі, адкрытай для кожнага чалавека задарма.

Зьмест вэб-архіву «Беларуская палітыка і грамадзтва» індэксуецца для поўнатэкставага пошуку, а крыніцы забясьпечваюцца англамоўным бібліяграфічным апісаньнем для больш хуткай і лёгкай навігацыі.

У будучыні плянуецца архіваваць як мінімум адну крыніцу ў дзень: ад простых відэа да шматстаронкавых сайтаў і Тэлеграм-каналаў.

У многіх краінах сьвету за цэнтралізаванае вэб-архіваваньне адказваюць нацыянальныя бібліятэкі ці раўназначныя арганізацыі нацыянальнага ўзроўню. Ва ўмовах палітычных рэпрэсіяў і перасьледу іншадумцаў на Бацькаўшчыне і масавай эміграцыі суродзічаў роля Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны становіцца ўсё больш актуальнай для захаваньня гістарычнай памяці нашага народу і папулярызацыі ведаў пра Беларусь у сьвеце.

Любы чалавек можа прапанаваць рэсурсы (напр. Тэлеграм-каналы, вэбсайты і Ютуб-відэа) для ўключэньня ў вэб-архіў «Беларуская палітыка і грамадзтва» з дапамогай электроннай формы.

Ганна Ракіцянская, бібліятэкарка Гарвардзкага ўнівэрсытэту (ЗША), распавядае пра досьвед і вынікі курыраваньня вэб-архіву «Беларуская палітыка і грамадзтва». Гэты выступ быў зроблены на сэмінары Beyond Curation: Engaging User Communities with Web Archives, арганізаваным Канфэдэрацыяй Бібліятэкаў Лігі Плюшча Плюс 14 снежня 2022 г.

Rakityanskaya, Anna. Belarusian Politics and Society Web Archive: Preserving the Belarusian Grassroots Protest. Journal of Belarusian Studies, 27 Mar 2023.

Ivy Plus Libraries Confederation (Канфэдэрацыя бібліятэкаў Лігі плюшча плюс) аб’ядноўвае бібліятэкі 13-ці ўнівэрсытэтаў ЗША, у тым ліку васьмі найстарэйшых, якія складаюць так званую Лігу плюшча (Ivy League), дзеля супрацоўніцтва ў розных галінах інфармацыйнага мэнэджмэнту.

Tags from the story
0 replies on “Вэб-архіў «Беларуская палітыка і грамадзтва»”